Міколаў востраў. 21.by

Міколаў востраў

06.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэта сядзіба стала лепшай у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый". Тут не ўсе крытэрыі выконваюцца. Беларускую мову члены журы ў свой прыезд не пачулі. Праўда, і самі яны размаўлялі на рускай... Наколькі гасцявыя дамкі адпавядаюць традыцыйнай архітэктуры, казаць пакуль цяжка, бо месца нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. Падтрымка народнага рамяства, веданне мясцовых легендаў, адлюстраванне вытрыманага ў нацыянальных традыцыях ладу жыцця — усё гэта пакуль у якасці планаў. І тым не менш. На "Міколавым востраве" мы ўбачылі тое, што не пакінула сумненняў — перамога ў намінацыі за гаспадаром гэтай сядзібы!

Справа Савелія Фамянка

Пра паездку ў Гомельскую вобласць члены журы рэспубліканскага конкурсу "Лепшая аграэкасядзіба 2010 года" даведаліся ў 5 гадзін вечара. А выязджаць трэба было а палове сёмай раніцы наступнага дня. Натуральна, што дзень у кожнага ўжо быў распісаны, але прафесар Сергачоў, доктар архітэктуры і загадчык кафедры "Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў" БНТУ адклаў усе справы.

— Калі даведаўся, што ў конкурсе ўдзельнічае Уладзімір Быхаўцаў, то вырашыў не прапускаць магчымасць паглядзець, што ў яго атрымалася, — тлумачыў ён журналісту "Звязды" ў мікрааўтобусе Белаграпрамбанка па дарозе да Светлагорска.

Тады я і пачула ў скарочаным выглядзе гэтую гісторыю з ветраком. А потым мы яго ўбачылі. Здалёк. і адразу папрасілі спыніцца, каб сфатаграфаваць. Ён уражваў. Жывы крылаты волат пасярод раўніны. Цяпер было зразумела, чаму Уладзімір Быхаўцаў дзеля гэтага ветрака прайшоў сем колаў пекла.

Зрэшты, справа тут не толькі ў незвычайнай для вока сучаснага чалавека архітэктуры. Проста сустрэліся дзве душы, якія адчулі адна адну. Душа хлапчука, які гадоў 40 таму падымаўся на крылах такога ж ветрака ў бабульчынай вёсцы на вышыню 25 метраў, паміраў там ад страху і шчасця, а потым спускаўся ўніз і зноў паміраў ад страху і, цяпер ужо, болю, бо млынар чакаў яго, каб як след правучыць за такое рызыкоўнае свавольства. ...І душа ветрака, які захоўваў на сваіх драўляных прыступках сляды стомленых і моцных ног гаспадара. Які памятаў слёзы радасці свайго стваральніка, калі ўпершыню ўсе механізмы запрацавалі, колы закруціліся і збожжа было перамолата ў муку... Вятрак больш за 70 гадоў чакаў чалавека, якому ён зможа расказаць тое, што захоўваў. Калі з прычыны гібелі ён зноў ператворыцца ў прычыну жыцця.

Сем гадоў таму Уладзімір Быхаўцаў, фермер і дырэктар светлагорскага леспрамгаса, упершыню ўбачыў вятрак Савелія Фамянка пад Жлобінам. Ён адразу зразумеў, што будынак яшчэ можна выратаваць, але для гэтага патрэбны лес, грошы і ўменне. Каркас згніў, 15-метровы корпус нахіліўся і хутка павінен быў паваліцца. А механізмы з клеймамі ХІХ стагоддзя былі ў добрым стане! Аказалася, што яшчэ ў 2001 годзе вятрак малоў муку, праўда, ужо на электрапрыводзе, і што ў яго ёсць гаспадыня — Анастасія Шарнікава. Быхаўцаў расшукаў жанчыну ў Бабруйску і пачуў трагічную гісторыю яе бацькі.

  Савелій Фамянок быў хутаранінам, аднаасобнікам. Падчас НЭПу купіў мукамольнае абсталяванне і запусціў вятрак. Гэта і стала нагодай для яго раскулачвання, арышту і ссылкі. Галаву хутара з сям'ёй саслалі ў спецпасяленне ГУЛаГа, а праз 10 гадоў, у 1938-м, яго расстралялі. Праз 22 гады крымінальную справу спынілі з-за адсутнасці складу злачынства. Праз 59 гадоў малодшай дачцэ вярнулі бацькаву спадчыну — вятрак.

Быхаўцаў вырашыў, што зможа аднавіць яго, але ўкладаць грошы і сілы сэнс быў, калі волат апынецца на яго, Быхаўцава, зямлі. Бо аднавіць мала, трэба зберагчы, а яшчэ лепш — ажывіць, прымусіць рухацца, працаваць. Анастасія Савельеўна пагадзілася. Быхаўцаў пачаў здымаць сатлелы каркас. На трэці дзень працы да яго прыехаў следчы пракуратуры з атрадам АМАПа.

Змаганне за вятрак

— Мне патлумачылі, што вятрак — культурна-гістарычны помнік, а Анастасія Савельеўна своечасова не ўступіла ў свае спадчынныя правы, таму гаспадыняй не з'яўляецца, — узгадвае Уладзімір Іванавіч сёння з усмешкай зусім не вясёлую гісторыю. — Я апынуўся пад следствам. Звярнуўся ў раённы аддзел культуры, потым у вобласць, нарэшце — у Міністэрства культуры. Справа ўскладнялася тым, што паміж Жлобінскім і Светлагорскім выканкамамі не было згоды. Да таго ж, па законе перанос гістарычных помнікаў забаронены. Міністэрства культуры пайшло насустрач, бо з ветраком нешта трэба было рабіць: ён стаяў паўразбураны. Была створана камісія і прызначаны навуковы кіраўнік — архітэктар Сяргей Сергачоў, які не пабаяўся ўзяць на сябе адказнасць і стаць на мой бок. Аднак Жлобінскі выканкам прыняў рашэнне адрэстаўраваць вятрак самастойна да канца 2004 года.

У той жа час высветлілася, што ўнікальны млын у свой час не быў перададзены ні на баланс сельсавета, ні на баланс музея або каго-небудзь яшчэ. Склалася парадаксальная сітуацыя: помнік ёсць і помніка, дэ-юрэ, няма. Тады Быхаўцаў падняў архіўныя дакументы, каб знайсці доказы, што вятрак належыць дзяржаве. Але такіх дакументаў ён не знайшоў. Калі ў 30-х гадах млын забралі ў Савелія Фамянка, яго не аформілі ў калгасе. У такім выпадку дачка млынара мела права першай аднавіць свае спадчынныя правы.

Калі Жлобінскі райвыканкам да канца 2004 года так і не адрэстаўраваў вятрак, Быхаўцаў прывёз да помніка журналістаў і расказаў ім пра сваё змаганне. Пасля публікацый і тэлесюжэтаў гаспадыня, нарэшце, атрымала дазвол перавезці вятрак у Светлагорскі раён без згоды на тое жлобінскіх уладаў.

Калі Анастасія Шарнікава звярнулася па тэхнічны пашпарт у БРТІ, то спачатку высветлілася, што трэба аформіць зямельны ўчастак. Але гаспадыня жыла ў іншым раёне, таму вырашылі афармляць на пляменніка. Потым аказалася, што заканадаўствам не прадугледжана афармленне зямлі пад вятрак для фізічных асоб. Тады яны сталі афармляць зямлю пад "адраджэнне народнага промыслу". Ім зноў адмовілі ў выдачы дакументаў, цяпер спаслаўшыся на тое, што млын мае шасцярэнькі, а значыць, адносіцца да механізмаў, якія рухаюцца, а не да будынкаў і збудаванняў.

— І што нам рабіць? — спытаў Быхаўцаў.

— Вам трэба паехаць на завод-вытворцу, — спакойна патлумачылі яму чыноўнікі, — атрымаць там пашпарт, а ўжо потым працягваць працэдуру афармлення дакументаў.

— Я нават перапытаў: "На завод-вытворцу?" Бо паказваў фотаздымкі, расказваў, колькі ветраку гадоў...

Быхаўцаў зноў звярнуўся ў Мінск і заручыўся падтрымкай: "Перавозьце". У верасні 2006 года працягнулі пачатую два гады таму разборку, перавезлі млын на тэрыторыю колішняга хутара Міколаў востраў пад пасёлкам Мольча ў Светлагорскім раёне і сталі збіраць.

— Прычым рабілі ўсё вельмі добра, — каментуе Сяргей Сергачоў. — Я здзіўляўся іх прафесійнасці.

Быхаўцаў лічыць, што яму дапамагала памяць пра вятрак з бабульчынай вёскі, на крылах якога ён падымаўся ў дзяцінстве да неба, і літаратура, якой яго забяспечыў навуковы кіраўнік ад Міністэрства культуры. Летась рэстаўрацыя ветрака была завершана. Памятны знак усталяваны. Сёння справа за пошукам млынара, які зможа адрэгуляваць і запусціць механізм.

Хутар

Хутар Міколаў востраў быў заснаваны ў 1780 годзе. Уладзімір Быхаўцаў знайшоў мапу часткі Мінскай губерні 1866 года, на якой ён абазначаны. Сапраўды — востраў сярод балот. Калісьці тут жыло 15 сем'яў. Усе яны былі рэпрэсаваныя ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Так хутар перастаў існаваць. У 2004 годзе землі гэтыя, плошчай 70 гектараў, былі аддадзеныя фермеру Быхаўцаву. Мясціны забалочаныя, таму рэнтабельнымі іх можна было зрабіць, калі, напрыклад, выкапаць сажалкі і зарыбіць. Яшчэ ён паставіў тут пчальнік на 60 пчаліных сем'яў. Штогод сее духмяныя травы і грэчку. Калі Быхаўцаў убачыў вятрак, ён зразумеў, што зможа займацца не толькі рыбай, пчоламі і лесам.

— Было прынятае рашэнне аднавіць хутар, — расказвае ён. — Хутар для турыстаў, у якім будзе пастаянна пражываць некалькі сем'яў абслуговага персаналу. Месца гэта цікавае тым, што адасобленае: горад праз 15 кіламетраў, бліжэйшая вёска — праз 3.

Будаўніцтва пачалі некалькі гадоў таму. Выкапалі 5 вадаёмаў, тым самым паднялі ўзровень грунту. Пабудавалі некалькі гасцявых дамкоў, лазню, альтанку. На ваду плануюць паставіць прагулачныя лодкі і катамаран. Праз 3-4 гады водная сістэма плошчай 10 гектараў будзе цалкам гатовая. Сядзіба "Міколаў востраў" прымае гасцей 2 гады. Сёння тут гатовы пасадзіць за стол 26 чалавек, пакласці спаць — 8. Але ўжо гэтым летам колькасць турыстаў можна будзе павялічыць.

Зараз тут будуецца новая лазня, дзіцячая пляцоўка, паркоўка, пешаходныя дарожкі з дубу... Вятрак ужо з'яўляецца візітоўкай сядзібы, але "Міколаў востраў" яшчэ і мека для рыбакоў (у сезон сюды прыязджае штодня 50-100 чалавек), тут побач — журавінавы заказнік, ёсць свой мёд і музей бандарства пад адкрытым небам. Прадугледжана нават дэгустацыя традыцыйных беларускіх напояў: фермер мае дазвол на выраб этылавых спіртоў шляхам гідролізу. Ужо ведаюць пра хутар і зацікавіліся ім народныя майстры, якія хацелі б тут прадаваць свае вырабы і ладзіць майстар-класы...

Дарэчы, Быхаўцаў здолеў аднавіць гістарычную назву хутара, і сёння з гонарам паказвае штамп рэгістрацыі ў сваім пашпарце.

Але самае галоўнае, што мае Быхаўцаў — гэта аднадумцаў і паплечнікаў. Ён не адзінокі. На дзіўнай будаўнічай пляцоўцы, над якой важна ўздымаецца крылаты вятрак, не ў аднаго яго хлапечы агонь у вачах спалучаецца з сівымі скронямі і моцнымі плячыма.

— Сёння гэта — унікальнае месца ў Беларусі, — падводзіць вынікі паездкі Сяргей Сергачоў. — Адзінае, дзе мы можам дакрануцца да рэдкай прафесіі мінулага, блізка пазнаёміцца з непаўторным тыпам аб'екта — ветраком. Млын гэты — тыповы для гэтага рэгіёна. Ва Усходняй Беларусі будавалі менавіта такія — моцныя, бо тут выраблялі шмат збожжа. У Беларусі такіх засталося 2-3. Яны з'яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай краіны, таму гэта накладае на гаспадара пэўную адказнасць. Я думаю, ён гэта разумее. За ветраком патрэбны догляд, каб гэта быў не макет, а дзейны аб'ект, каб не гніў...

Што тычыцца намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый", то Быхаўцаў, заўважылі члены журы, пайшоў па вельмі складаным шляху. Ён аднаўляе і захоўвае цэлы архітэктурны ансамбль, галоўны элемент якога бачны за кіламетр. Ужо на адлегласці госці пачынаюць адчуваць асаблівасць гэтага месца... Таму сумненняў ні ў каго і не было.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

Светлагорскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта сядзіба стала лепшай у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый". Тут не ўсе крытэрыі выконваюцца. Беларускую мову члены журы ў свой прыезд не пачулі....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика