Ізгоі рынку. 21.by

Ізгоі рынку

13.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёсць гараджане, якія аддаюць перавагу прадуктам "свойскага" вырабу. Яны лічаць, што малако, масла, яйкі... з вёскі больш карысныя і смачнейшыя, чым тыя, што можна купіць у краме. Але на рынках "вёскі" ўжо няма.

Кожны раз, калі бываю на кірмашы "Палескі" ў Баранавічах, бачу, як жанчыны з вёскі туляцца каля аўтавакзала да ралетаў з тыльнага боку і прадаюць малочныя прадукты. Каля іх заўсёды тоўпяцца гарадскія, якія цікавяцца цаной, прыглядаюцца, купляюць. І хоць побач вісіць шыльда, на якой напісана, што гандаль забаронены, на яе ніхто не звяртае ўвагі. Мне ні разу не даводзілася бачыць, каб прадаўцоў з вёскі нехта праганяў.

Праз дарогу знаходзіцца рынак, на прылаўках якога прадаецца сельгаспрадукцыя, але там няма месца для малочных прадуктаў. Нехта — а гэта, як правіла, жанчыны з горада — нешта прадае са свайго агароду, але рынак, галоўным чынам, акупаваў прадпрымальнік з памідорамі, бананамі, садавіной, якую можна купіць круглы год.

Нават за савецкім часам, калі сістэма была планавай, а пра рынкавыя адносіны і чуткі не было, на рынках свабодна прадаваліся малочныя прадукты. З дзяцінства памятаю, як па суботах збівалі масла, фарміравалі яго ў брыкеты, загортвалі ў паперу са сшытка і везлі ў нядзелю прадаваць. Так рабіла ўся вёска.

Сёння масла прадаецца ў камяках, а малако не ў слоіках, а пластыкавых бутэльках з-пад розных напояў. Ды ўвогуле ўжо не той размах. Калі некалі тварог быў звыклым прадуктам на рынку, то ў наш час ён ужо рэдкасць. Існуе думка, што тварагом можна атруціцца. Але масавыя атручэнні ў наш час здараюцца, бывае, па віне супрацоўнікаў грамадскага харчавання ці ад парушэння тэхналогіі вытворчасці.

Да дзесяці гадоў кожнае лета свайго ўнука мы забіралі з Санкт-Пецярбурга і адпойвалі "свойскім" малаком — бралі на вёсцы ці на канцавым прыпынку аўтобуса. Сюды з бліжэйшых вёсак жанчыны раніцой прывозілі малочныя прадукты. І думаю, што тое малако ўнуку не пашкодзіла — вырас. У прынцыпе, малако не можа сапсавацца, а калі пракісне, то тое кіслае малако хоць нажом рэж — наліваеш, а яно кавалкамі адвальваецца. Кефір — гэта такая проза, хоць прадукт і карысны. Над кіслым малаком іншыя мікраарганізмы працуюць.

Гараджан, прыхільнікаў "свойскіх" малочных прадуктаў, не запалохаеш атручэннем і рознымі хваробамі — яны працягваюць купляць прадукты ў вясковых жанчын. А пакуль ёсць попыт, то будзе і прапанова.

У мінулую суботу спецыяльна паехаў пацікавіцца цаной. Каля ралетаў чалавек дзесяць стаяла над сумкамі. Падышоў да мужчыны, які прадаваў масла. За камяк у паўкілаграма ён прасіў 9 тысяч, былі ў сумцы і меншыя кавалачкі. Маладзіца паўтаралітровую бутэльку малака прадавала за 2,5 тысячы, такой цаны прытрымліваліся і іншыя. Кабета з яйкамі стаяла крыху ўбаку. "Загарэлых" яек цэлае вядро — 4 тысячы дзясятак.

Склалася дваістая сітуацыя. Калі чалавек хоча ўжываць малако "з-пад каровы", то, напэўна, мае на гэта права. Але і тыя, хто клапоціцца аб нашым здароўі, маюць свае аргументы, каб забараніць яму піць неправеранае малако.

Пытаюся ў галоўнага ўрача Баранавіцкай санэпідэмстанцыі Сяргея Плескацэвіча:

— Сяргей Сцяпанавіч, што трэба зрабіць, каб вясковы чалавек мог свабодна рэалізаваць свае малочныя прадукты?

<І>— Неабходна прытрымлівацца ўмоў захавання прадуктаў, якія хутка псуюцца.

— Расшыфруйце гэтыя ўмовы. Калі жанчына прывезла на рынак малако, якія дакументы яна павінна мець пры сабе?

— Найперш інфармацыю аб карове, ці здаровая яна. Павінен быць медыцынскі дакумент на людзей, якія даглядаюць і дояць карову. Патрэбна мець яго і таму, хто прадае малако. А яшчэ транспарціроўка...

— Цяпер я разумею, чаму вашых супрацоўнікаў так не любяць.

— Мы дзейнічаем у адпаведнасці з законам.

— А што рабіць вясковаму чалавеку, які хацеў бы прадаваць малочныя прадукты? Ёсць выйсце?

— Трэба прытрымлівацца літары закона ці здаваць малако на перапрацоўку.

Здаць можна, але не ўсюды. Калі ў вёсцы засталося 2-3 каровы, то ездзіць па навакольных вёсках і збіраць тое малако становіцца нерэнтабельна. А калі ў чалавека ёсць магчымасць прадаць малако ў горадзе, то ён вязе туды. Там яно ўдвая даражэйшае, і гэты фактар адыгрывае ролю. Ды і грошы не трэба чакаць — прадаў і адразу ж паклаў у кішэню.    

Санітарных нормаў неабходна прытрымлівацца. Але калі на рынку нельга прадаваць зімой са свайго саду яблыкі, то, напэўна, справа не толькі ў санітарыі.

Курэнне прыносіць большую шкоду, чым малако ад прыватнай каровы, але тым не менш цыгарэты прадаюць. Хоць і пішуць: "Міністэрства аховы папярэджвае, што..." ці "Курэнне — прычына развіцця сардэчна-сасудзістых..." Можа, такім жа чынам паступіць і ў дачыненні да тых, хто любіць "сваё" малако? Чаго ўжо так пра іх здароўе клапаціцца? Няўжо малако ад вясковай кароўкі прынясе больш шкоды, чым цыгарэты самай вядомай маркі?

Тут і каментарыі не патрэбны.

Сымон Свістуновіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць гараджане, якія аддаюць перавагу прадуктам "свойскага" вырабу. Яны лічаць, што малако, масла, яйкі... з вёскі больш карысныя і смачнейшыя, чым тыя, што можна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика