Дзеці выбіраюць... кіберзлачынства?. 21.by

Дзеці выбіраюць... кіберзлачынства?

19.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Колькасць кіберзлачынстваў у Беларусі год ад года расце. Летась іх было зафіксавана 2514. Афіцыйная статыстыка, зразумела, адлюстроўвае няпоўную карціну падобнага кшталту злачыннасці. Тлумачыцца гэта няведаннем пацярпелых пра існаванне адказнасці за тыя ці іншыя проціпраўныя дзеянні, здзейсненыя ў інфармацыйным асяроддзі, а таксама нежаданнем некаторых ахвяр паведамляць аб злачынных замахах, у тым ліку з-за боязі ўласнай адказнасці, — скажам, за выкарыстанне ўстаноўленага на ПК кантрафактнага праграмнага забеспячэння.

Паводле слоў першага намесніка начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій МУС Беларусі Паўла ДУДКО, імклівае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій разам са станоўчымі момантамі спрыяе росту высокатэхналагічнай злачыннасці, рэалізацыі злачынных задумак. Асноўная частка зарэгістраваных злачынстваў адносіцца да катэгорыі камп'ютарных. За 4 месяцы гэтага года было выяўлена 708 кіберзлачынстваў, за якія прыцягнуты да адказнасці 411 чалавек, з іх 25 непаўналетніх і 119 раней судзімых. Дарэчы, з 2005 па 2009 год колькасць непаўналетніх кіберзлачынцаў вырасла ў пяць разоў. Сёлета з іх удзелам учынены 92 злачынствы падобнага кшталту.

Так, 15-гадовы жыхар Брэста з дапамогай спецыяльнага праграмнага модуля авалодаў больш як 600 рэквізітамі грамадзян для доступу да розных інтэрнэт-рэсурсаў дзеля выкарыстання апошніх ва ўласных мэтах.

На працягу апошніх гадоў у Беларусі фіксуюцца шматлікія выпадкі выкрадання грашовых сродкаў з карт-рахункаў грамадзян з выкарыстаннем скрадзеных ці страчаных банкаўскіх пластыкавых картак. Асноўнай жа прычынай сітуацыі з'яўляецца невытрымліванне карыстальнікамі правілаў эксплуатацыі картак. "Тэмпы росту такіх злачынстваў крыху запаволіліся, што абумоўлена адпаведнай прафілактычнай работай, — сказаў Павел Дудко. — Па ініцыятыве органаў унутраных спраў было замацавана, напрыклад, паўторнае ўвядзенне ПІН-кода пасля кожнай транзакцыі, на банкаматах было ўстаноўлена відэаназіранне".

Найбольшую грамадскую небяспеку ўяўляюць выкраданні з выкарыстаннем падробных банкаўскіх пластыкавых картак або іх рэквізітаў. Зламыснікі прымяняюць спецыяльныя прыстасаванні, прызначаныя для несанкцыянаванага капіравання інфармацыі з пластыкавай карткі і ўводзімага ПІН-кода. Дзейнасць арганізаваных злачынных груп, якія займаюцца кардынгам, актыўна спыняецца. Толькі ў Мінску сёлета выяўлена 8 злачынных груп, або 29 чалавек. Апрабіруюць злачынцы і новыя метады выкраданняў з карт-рахункаў. Так, адна злачынная група з 6 чалавек спустошвала рахункі ў банкаматах з выкарыстаннем скотча.

Па выніках мінулага года, зафіксаваны прырост колькасці злачынстваў непасрэдна супраць інфармацыйнай бяспекі — камп'ютарны сабатаж, распрацоўка шкодных праграм, неправамернае авалоданне камп'ютарнай інфармацыяй, а таксама яе мадыфікацыя, што звязана з актыўным пераходам суб'ектаў гаспадарання на камп'ютарныя віды ўліку. Так, у Гродзенскай вобласці заведзена крымінальная справа ў дачыненні да бухгалтара аднаго з беларускіх прадпрыемстваў. Падазроная асоба выкрадала грошы з дапамогай службовага камп'ютара, шляхам унясення заведама падманнай інфармацыі аб бухгалтарскіх аперацыях. Матэрыяльныя страты прадпрыемства склалі ў выніку звыш 28 млн рублёў.

— Калі на пачатку 2000-х камп'ютар мог сабе дазволіць дарослы чалавек, які ведаў, для якіх мэт ён яму патрэбны, то гадоў пяць-шэсць таму бацькі пачалі набываць камп'ютар у якасці падарунка для дзяцей, — кажа старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па раскрыцці злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій МУС Алег СЛЕПЧАНКА. — Мала хто з дарослых імкнуўся пры гэтым кантраляваць, якім чынам дзеці выкарыстоўваюць такі падарунак. А між тым, прасунуты юзер-падлетак дасць фору, бадай, любому са сваіх бацькоў... Цяпер сумесна з рознымі навучальнымі ўстановамі мы праводзім спецыяльныя сустрэчы-дэбаты з падлеткамі. Відавочна, для дзяцей і падлеткаў неабходна ствараць і асобны сегмент у інтэрнэце.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькасць кіберзлачынстваў у Беларусі год ад года расце. Летась іх было зафіксавана 2514. Афіцыйная статыстыка, зразумела, адлюстроўвае няпоўную карціну падобнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика