Лепшыя рэпарцёры працуюць на СТБ,а лепшыя праекты робяць БТ і АНТ
19.05.2011
—
Новости Общества
|
У Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй "Тэлевяршыня" Калі я ўбачыў разам на адной сцэне Аляксандра Аверкава (АНТ) і Вікторыю Сянкевіч (Першы), падумаў, што сплю: гэта як даўно два канкурыруючыя тэлеканалы працуюць разам? Але такія рэчы, як уручэнне 7-й нацыянальнай прэміі "Тэлевяршыня" закліканыя яднаць. Для калег, якія працуюць на тэлебачанні, "Тэлевяршыня" — вызначэнне якасці іх працы. — За сем гадоў мы ўручылі ўжо больш за 150 статуэтак, але галоўнае — гэта тое, што нашы каналы глядзяць, ва ўсіх тэлеканалаў ёсць свой глядач, а гэта значыць, мы з гонарам кажам, што ў нас ёсць тэлебачанне нашай краіны, — зазначыў падчас цырымоніі міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. — Сёння трэба літаральна змагацца за свой канал, — распавёў "Звяздзе" адзін з членаў журы конкурсу, загадчык кафедры тэлебачання і тэлевяшчання Інстытута журналістыкі БДУ Вячаслаў Булацкі. — Існуе думка, што тэлеаўдыторыя наша старэе, паколькі больш маладое пакаленне карыстаецца інтэрнэтам. Сапраўды, такая тэндэнцыя існуе — даследаванні ў гэтай галіне паказваюць, што асноўную групу гледачоў і сапраўды складаюць людзі сярэдняга веку. Таму нашаму тэлебачанню трэба больш актыўна ўкараняць новыя формы вяшчання. Каму раздалі "сланоў"? Другі год запар Гран-пры "Тэлевяршыні" аддаюць адразу двум тэлеканалам: Першаму і АНТ. Галоўнымі праектамі года былі прызнаныя "Міжнародны дзіцячы конкурс песні Еўрабачанне-2010" (Белтэлерадыёкампанія — далей БТ) <І>(на фота) і "Грамадска-культурная акцыя "Беларусь — гэта мы" (АНТ). — Журы ўручае адразу два Гран-пры — гэта сведчыць пра тое, што беларускае тэлебачанне зрабіла вялікі крок наперад, — зазначыў першы намеснік старшыні праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Сяргей Хоміч. — Штогод у нас з'яўляецца шмат новых праектаў, расце якасць і расце канкурэнцыя. І якраз канкурэнцыя дае штуршок да ўдасканалення. "Лепшым рэгіянальным праектам годам" была названа праграма Віцебскай тэлекампаніі "Скіф" пад назвай "Дапаможам малым з дзіцячага дома".А сярод перадач забаўляльнай, культурнай і грамадска-палітычнай тэматыкі ўзнагароды атрымалі цэнтральныя тэлеканалы: лепшай грамадска-палітычнай праграмай прызналі "Карціну свету" (СТБ), лепшай культурна-асветнай — "Эпоха. Славуты і невядомы Хруцкі" (БТ), а лепшай музычна-забаўляльнай — "Міс Беларусь-2010" (АНТ). У намінацыі "Лепшая інфармацыйная праграма" віншавалі СТБ (праграма "24 гадзіны"), лаўры пераможцаў сярод рэгіянальных тэлестудый за лепшую праграму навін атрымаў Салігорскі тэлеканал. Лепшай вядучай інфармацыйнай праграмы прызналі Юлію Радзькову ("Навіны 24 гадзіны, СТБ", а майстрам грамадска-палітычнай — вядучага Аляксандра Міхальчанку (АНТ). Вядучыя дзіцячага "Еўрабачання-2010" Лейла Ісмаілава і Дзяніс Кур'ян атрымалі "Тэлевяршыню" як лепшыя тэлевядучыя музычна-забаўляльнай праграмы. 21-гадовага супрацоўніка Гомельскай тэлестудыі Аляксандра Гавейку прызналі "Лепшым вядучым рэгіянальнага тэлебачання". Карэспандэнт Вольга Макей (СТБ) стала лепшым рэпарцёрам, Валянцін Гаравы ("ЛАД") — лепшым рэжысёрам, Павел Баранаў (БТ) — лепшым спартыўным каментатарам. Дарэчы, лепшай спартыўнай праграмай назвалі "Алімпійскі дзённік Ванкувера-2010" (БТ), а праграмай для дзяцей і юнацтва — "Калыханку" (ЛАД). Асабліва быў адзначаны праект АНТ "Гарады-героі" — адразу тры статуэткі. Праект быў названы лепшым дакументальным фільмам на тэлебачанні ў 2010 годзе, асобна была адзначана аператарская праца ў фільме (Канстанцін Рабкоў). У выніку прадзюсар праекта Аляксандр Рыдван перамог у намінацыі "Лепшы прадзюсар". АНТ адзначылі за лепшы дызайн канала. Спецыяльны прыз быў уручаны таксама протаіерэю Фёдару Поўнаму, вядучаму праграмы "Нядзельная пропаведзь". Прыз глядацкіх сімпатый сярод тэлевядучых другі год запар атрымаў Георгій Калдун. Даеш прэмію для радыйшчыкаў! — Тэлевяршыня — гэта вельмі добра, такія конкурсы вельмі патрэбныя, — падзяліўся са "Звяздой" галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. — Журналіст заўсёды працуе для людзей, а ўвагі да сябе трошкі недастаткова. Але, думаю, для радыёжурналістаў такі конкурс таксама трэба рабіць. У нас шмат радыёканалаў, шмат цікавых радыёвядучых. Шмат людзей, якія займаюцца творчасцю. І часам, калі чытаеш у газетах інтэрв'ю з тэлевядучымі, бачыш, што забываюць пра тых, хто працуе на радыё, а галасы гэтых людзей добра ведаюць... Ілья ЛАПАТО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй "Тэлевяршыня" Калі я ўбачыў разам на адной сцэне Аляксандра Аверкава (АНТ) і Вікторыю Сянкевіч (Першы),... |
|