Сонца спальвае. 21.by

Сонца спальвае

08.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Палессі ад моцнай засухі церпяць пасевы і травы

Нават бывалыя земляробы-палешукі не памятаюць такога, каб з вясны, з пачатку пасяўной, на зямлю не ўпала ні кроплі дажджу. Менавіта пра тое, у што паверыць цяжка, гаварылі аўтару гэтых радкоў кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Пінскага і Столінскага раёнаў.

Дырэктар ААТ "Пінскае ПСМ" Пётр КАЛЕСНІКОВІЧ кажа, што ўжо больш за месяц на пасевы і пашы не выпала ніводнага міліметра ападкаў, а норма на гэты час складае ад 57 да 75 мм. Гарыць усё: азімыя, яравыя, кармавыя культуры і пашы. Прыкладна 30 працэнтаў азімага жыта можна малаціць сёння. Толькі вось колас на ім яшчэ не завязаўся...

— Відавочна, што корму сёлета можна ўзяць напалову меней ад леташняга, — гаворыць Пётр Міхайлавіч. — Сёння якраз чакаем спецыялістаў з вобласці, каб ацаніць абстаноўку, вызначыцца з далейшым планам дзеянняў. Але і самі ўжо прыступілі, калі можна так сказаць, да ліквідацыі наступстваў небывалай засухі. Днямі перааралі 20 гектараў пасеваў, якія канчаткова выгаралі. Плануем засеяць кармавой пайзай. Названая культура любіць цяпло. Як падрасце, яе можна выкарыстоўваць пад пашу, з яе выходзіць неблагое сена, а таксама сянаж і сілас.

Варта зазначыць, што Пінскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм параўнальна нядаўна стала аграрным прадпрыемствам. Да яго далучылі дзве слабыя гаспадаркі, якія ўпэўнена пайшлі ўгару. У былых калгасах разгарнулася маштабнае будаўніцтва, стала абнаўляцца жывёлагадоўчая база. Вядома, для развіцця жывёлагадоўчай галіны патрэбны якасныя кармы. І галоўнае, іх павінна быць у дастатку. А тут такая бяда.

А як інакш назваць становішча, калі пасеялі, падкармілі пасевы, дагледзелі іх, і замест таго, каб чакаць ураджаю, даводзіцца заворваць вынік сваёй працы ў зямлю? Але ж акрамя таго, што залежыць хіба ад Бога, ёсць у аграрыяў і зямныя праблемы.

І дырэктар Калесніковіч, і яго калегі адразу прыводзілі няхітрую арыфметыку: вось, напрыклад, "Пінскаму ПМС" на дзень толькі для пераворвання, перасеву трэба на 40 мільёнаў паліва ў дзень. А за якія сродкі пакрываць страты? З учарашняга дня, калі бензін стаў больш як па пяць тысяч рублёў, на літр нафтапрадукта трэба прадаць пяць літраў малака. "А каровы нашы не гумовыя, — сумна жартуе дырэктар.

Яшчэ адзін рэзерв, які мяркуюць выкарыстаць у названым прадпрыемстве, — перайсці ў поймы рэк Прыпяці, Піны. Там вясной былі затоплены значныя плошчы, цяпер іх неяк можна выкарыстаць на корм жывёле і пашу.

— Калі ў бліжэйшыя дні не пойдзе дождж, наступствы для сельскай гаспадаркі раёна будуць непрадказальныя, — гаворыць намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Аляксандр НОВІК. — Кожны дзень пытаю нашых метэаролагаў аб прагнозах, і кожны дзень яны мне абяцаюць толькі плюс 32-33 і без ападкаў. Сам працую ў сельскай гаспадарцы з 1995 года, распытваў старых людзей. Ніхто не памятае такой навалы ў нашых мясцінах, каб сонца літаральна паліла ўсе пасевы. Вось глядзіце: усё пачалося з сакавіка. На гэты месяц у нас норма ападкаў складае 33 мм, выпала — 14, у красавіку трэба — 44, выпала — 25, у маі адпаведна — 57 мм — 24. І ў чэрвені норма складае 74 мм, не выпала пакуль нічога. А цэлы шэраг гаспадарак так званай зарэчнай зоны не бачыў ні міліметра і ў маі. Асабліва пацярпелі пасевы на пясчаных і супясчаных глебах, на тарфяніках яшчэ больш-менш трымаюцца.

Вось гэтыя паўднёвыя гаспадаркі аб'ектыўна могуць узяць толькі 30-40% кармоў ад узроўню мінулага года, — працягвае Аляксандр Аляксандравіч. — Ведаеце, цяжка глядзець на некаторыя палеткі. Пашы стаяць белыя, нібы іх толькі што атруцілі нейкім ядахімікатам. А ў гэты час звычайна трава расце па калена. Калі яшчэ пратрымаецца такая спёка тыдзень ці больш, проста не ведаю, куды можна будзе выганяць кароў на пашу.

І разам з тым у раёне акрэслены план дзеянняў, як ратаваць становішча хоць нейкім чынам. У засеках ёсць 70 тон пайзы. Спецыялісты вызначылі, якія плошчы трэба перасяваць, якія ўгнаенні ўносіць у першую чаргу.

Прыкладна ў такім жа становішчы, як пінскія, аказаліся і сельгаспрадпрыемствы Столінскага раёна. Намеснік старшыні Столінскага райсельгасхарчу Лявонцій ЛЯШКЕВІЧ назваў сённяшнія ўмовы працы аграрыяў экстрэмальнымі:

— На Століншчыне стаіць гарачыня +34. Некаторыя гаспадаркі столінскай зоны зайздросцяць СВК "Фядоры", у іх прайшоў дождж... 9 мая. У іншых і таго не бачылі. Зыходзячы з умоў даводзіцца грунтаваць планы на ўраджай. Самае крыўднае, што не будзе другога ўкосу траў, калі спёка яшчэ пратрымаецца.

У гэты перыяд гаспадаркі звычайна бяруць самае вялікае малако. А тут раён пачынае пакрыху мінусаваць па надоях.

У Столінскім раёне таксама перасяваюць некаторыя плошчы. І тут сустракаюцца з аналагічнымі праблемамі, як і калегі. "Калі перасяваць зараз, — гаворыць Лявонцій Ляшкевіч, — абавязкова трэба ўносіць у глебу азотныя ўгнаенні. Яны каштуюць нятанна. А бензавоз паліва сёння ўжо — 25 мільёнаў рублёў. Круціся, што называецца, як хочаш".

Вельмі складанай назваў сітуацыю ў палескіх раёнах — Пінскім, Столінскім і Лунінецкім — намеснік старшыні Брэсцкага аблсельгасхарчу Аляксей ТРАЦЮК. З-за небывалай вясновай засухі пад пагрозай аказалася значная частка ўраджаю. І тут ужо людзі пры ўсім старанні, пры максімальным захаванні тэхналогіі мала што могуць змяніць. Застаюцца толькі спадзяванні на нябесную канцылярыю. Метэаролагі няўпэўнена абяцаюць у лепшым выпадку трошкі дажджу на наступным тыдні. А тут вырашае кожны дзень.

Тым часам на Брэстчыне склалася вельмі трывожная сітуацыя ў лясах, на тарфяніках. 7 чэрвеня ў трох раёнах — Брэсцкім, Драгічынскім, Пінскім — аб'яўлена пятая (найвышэйшая) ступень пажарнай небяспекі. Паводле інфармацыі памочніка начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея МАШНОВА, у большасці палескіх раёнаў і да ўчарашняга дня ў названых існавала чацвёртая, таксама вельмі высокая ступень. З пачатку спякотнага надвор'я зафіксавана больш за 50 ачагоў лясных пажараў. Звыш 60 разоў выязджалі падраздзяленні пажарнай службы на тушэнне тарфянікаў. Апошнімі днямі тарфянікі масава загараюцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Палессі ад моцнай засухі церпяць пасевы і травы Нават бывалыя земляробы-палешукі не памятаюць такога, каб з вясны, з пачатку пасяўной, на зямлю не ўпала ні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика