Прыгожыя рэцэпты шчасця —з глыбокай даўніны
23.06.2011
—
Новости Общества
|
Сёння ўсё часцей маладыя ладзяць вяселлі па старадаўніх абрадах
У мінскім Палацы шлюбаў амаль кожная цырымонія праходзіць у адпаведнасці з тымі вясельнымі традыцыямі, па якіх выпраўлялі жаніха і нявесту ў сямейнае жыццё яшчэ іх бабулі і дзядулі. У дзвярах маладых сустракаюць хлебам-соллю, прычым бацькі абавязкова трымаюць ручнік — сімвал яднання двух родаў. Заручальныя пярсцёнкі жаніх і нявеста шукаюць у жыце, што, па павер’і, забяспечыць ім багацце і дабрабыт. А напрыканцы запальваецца свяча — своеасаблівая імітацыя агню сямейнага ачага. “Народныя традыцыі, вядома ж, аснова абрадаў на рэгістрацыі шлюбу, — гаворыць загадчыца палаца Надзея Равуцкая. — Аднак у апошні час цырымоніі сталі больш разнастайнымі. Былі ў нас і рыцарскія вяселлі, і княжацкія. Часта замежнікі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў просяць правесці цырымоніі ў адпаведнасці з іх традыцыямі”. *** …Гліняны “глечык шчасця” адразу пасля рэгістрацыі шлюбу зляпілі Алена і Іван Жаўнерчыкі. Свой першы сямейны посуд маладыя вырабілі ў галерэі “Славутыя майстры”, што ў Траецкім прадмесці. Пэўна, цяпер невялікі жбанок з напісанымі на ім імёнамі мужа і жонкі будзе берагчы іх каханне доўгія гады. Дырэктар галерэі Ірына Спірыдонава расказвае: “Традыцыя лепкі з гліны посуду на вяселлі здаўна існавала ў ганчарных паселішчах на поўначы Беларусі і на поўдні Літвы. Такім чынам маладыя закладвалі пачатак у гаспадарцы”. На глечыках заўсёды праводзілі паралельныя лініі — сімвал роднай зямлі і аховы, а таксама хвалістыя, што звязаны са стыхіяй вады. Цяпер абрад пашырыўся, бо кожны ўмее пісаць і можа пакінуць свае подпісы, пажаданні на посудзе. Ганчар дзеліць кавалак гліны на дзве часткі, і маладыя пішуць на іх самыя важныя словы, пачуцці, без якіх, на іх думку, не абысціся ў будучыні. Для Алены гэта — каханне і вернасць, для Івана — яшчэ і адказнасць, і ўзаемапаразуменне. Пасля кавалачкі, нібы асобныя жыцці дзяўчыны і хлопца, складваюцца разам, і з гэтага моманту ўзнікае адно непарыўнае цэлае — нараджаецца сям’я. *** Нядаўна мне давялося прысутнічаць на вясельным абрадзе ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, што пад Мінскам, недалёк ад вадасховішча Пціч. Вясельнае падарожжа пачалося з традыцыйнага перакрывання дарогі. Дарэчы, жартоўную барыкаду ставяць на шляху маладых, каб забяспечыць ім надалей дабрабыт і доўгае жыццё. Каля хаты жаніха з нявестай сустракалі бацькі хлебам-соллю, госці абсыпалі жытам, падносілі ваду з мёдам, якую на шчасце трэба выліваць цераз левае плячо. Пад час абраду маладым давялося прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Цікава было назіраць, як яны вучыліся карыстацца старажытнымі прыладамі працы, аб прызначэнні якіх мелі досыць павярхоўнае ўяўленне. У кузні для іх была выкавана падкова на шчасце, у пякарні — спечаны каравай. Маладыя невыпадкова вырашылі справіць вяселле ў этнаграфічным комплексе. Нявеста, а цяпер ужо маладая жонка Таццяна Разановіч упэўнена, што старадаўнія традыцыі дапамогуць аберагаць сям’ю ад усялякіх напасцяў, бо нездарма ж абрады існуць спрадвеку. Да гутаркі далучаецца і малады муж Алег: “Такое вяселле мае асаблівую прыгажосць, на ім цікава пабываць і гасцям. Нават бацькі даведваюцца пра нешта новае”. Сапраўды, вяселле атрымалася запамінальным. Загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела музея Любоў Марчук лічыць, што сёння маладыя ўсё больш імкнуцца да непаўторнасці. Хтосьці едзе ў ЗАГС на лімузіне, хтосьці — на конях, а некаторыя нават на вясельных тралейбусах. Для іншых жа незвычайнае вяселле — як ні дзіўна, традыцыйнае, з элементамі старажытных абрадаў. Дарэчы, па жаданні маладых праводзяцца ў Строчыцах і “рэнесансныя” вяселлі, і “сялянскія”, “шляхецкія”. Супрацоўнікі музея доўга вывучалi старажытныя традыцыi, бо ў кожным рэгіёне (калі не ў кожнай вёсцы) ёсць свае вясельныя адметнасці. І ўсё ж ім удалося скласці ўніверсальны абрад, які ўвабраў у сябе самыя важныя і каларытныя рысы вясельнай урачыстасці з усіх куткоў краіны. Між іншым, старыя абрады і традыцыі на сучасным вяселлі зусім не ўспрымаюцца як перажытак. У іх з цікавасцю ўдзельнічаюць і дзеці, і моладзь. Бачыла, як сяброўкі нявесты, пераступаючы цераз парог млына, загадвалі жаданні. Ды што бачыла — сама, прызнаюся шчыра, так рабіла. Колькі стагоддзяў таму з’явіліся гэтыя сакральныя дзеі, а вось жа — працягваюць існаваць. І хочацца верыць, што яны дапамогуць сямейным парам жыць доўга, шчасліва, прыгожа. Кацярына Мядзведская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ўсё часцей маладыя ладзяць вяселлі па старадаўніх абрадах |
|