У апошні вагон. 21.by

У апошні вагон

30.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мяжы не меншаюць чэргі з ахвотных прывезці аўто з Еўропы

Здавалася б, усе, хто хацеў абнавіць свой уласны аўтапарк, даўно зрабілі гэта. Бо ведалі, што наступіць запаветнае 1 ліпеня, і машыны аўтаматычна падаражэюць амаль удвая. Але аказалася, так можа падумаць толькі дылетант накшталт мяне. Літаральна сёння сустракаю свайго аднакурсніка Івана Лепельскага, які яшчэ не ўтаймаваў уражанні і эмоцыі ад паездкі мінулымі выхаднымі па машыну.

Іван Іванавіч таксама ездзіў у суседнюю дзяржаву па машыну, правільней сказаць, на мяжу суседняй з яе суседняй — Германіяй. Заехаць у Польшчу можна параўнальна хутка, ёсць іншыя пераходы, акрамя традыцыйнага Варшаўскага моста, заўсёды можна крутануцца на 50-60 кіламетраў ад Брэста, паглядзець, дзе чэргі меншыя. А тыя, хто едуць па аўто, нярэдка карыстаюцца электрычкай да Цярэспаля: гэта хутчэй, чым трапіць з Брэста ў Жабінку — дваццаць хвілін язды, і ты ў Польшчы, калі хочаш — у Еўрасаюзе. Ну яшчэ каля гадзіны займаюць мытна-памежныя фармальнасці. А там — да Германіі пяць гадзін шляху. Дык вось, нашы героі (а Іван ехаў з двума таварышамі) спачатку дамаўляліся з патэнцыйнымі прадаўцамі па інтэрнэце. Але на месцы брастаўчане ўпэўніліся, што еўрапейцы добры тавар даўно распрадалі, застаўся у іх ледзь не хлам. Бо дзве машыны, якія аўтааматары нагледзелі ў Польшчы па прайслістах, аказаліся малапрыдатнымі для руху. Адна, паводле слоў Івана, наогул не завялася, другая была падобна на тое, што яна злеплена кувалдай. Не атрымаўшы задавальнення ад пабачанага ў Польшчы, сябры накіраваліся ў Франкфурт-на-Майне. Там сяк-так набылі патрэбны тавар і хуценька зазбіраліся дадому.

Самае цікавае чакала іх на пад'ездзе да мяжы. Чарга на памежны пераход Варшаўскі мост цягнулася недзе на добрых пяць кіламетраў. Ад хваста яе, дзе новаспечаныя ўласнікі аўтамабіляў занялі сваё месца, да бліжэйшага населенага пункта з усёй цывілізацыяй было не менш за дзясятак кіламетраў. Таму давялося выпрабаваць на сабе ўсе цяжкасці чалавека, абмежаванага дарогай. Як іранічна заўважыў Іван, даводзілася ў кустах спяваць разам з птушкамі, іншай інфраструктуры, апроч зялёных лапікаў ўзлескаў, на ўсходняй мяжы Еўрасаюза не назіралася. У чаргу яны сталі роўна апоўдні ў пятніцу, а ў родны горад прыехалі ў дзевяць раніцы ў суботу. За гэты час давялося ўспомніць чэргі ў некалькі сутак пачатку 90-х гадоў, давялося пазмагацца з нахабнымі суайчыннікамі і грамадзянамі іншых краін, якія самымі неверагоднымі спосабамі спрабавалі абдурыць добрасумленных чаргавікоў, аб'ехаць іх і ўклініцца недзе наперадзе.

Ну а дома нашых герояў чакала яшчэ адна чарга даўжынёй у паўдня на рэгістрацыю транспартнага сродку ў роднай Дзяржаўтаінспекцыі. Тут таксама трэба паспець усё зрабіць аператыўна. Але ж стаяць, падпіраючы сцены рэгістрацыйнага падраздзялення ДАІ, усё ж не так цяжка, як прасоўвацца на метр за некалькі хвілін у доўгай аўтамабільнай "калейцы".

= = =

Зразумела, чаму нашы суайчыннікі, а таксама жыхары блізкага замежжа так спяшаліся. З 1 ліпеня пачнуць дзейнічаць пошліны Мытнага саюза на ўвоз грамадзянамі легкавых аўтамабіляў. Ёсць падрабязная інструкцыя наконт таго, як будуць налічвацца пошліны ў залежнасці ад году выпуску машыны, яе поўнага кошту. Але ж дакладна вядома, што пошліна, якую ў народзе называюць "размытнёўка", стане ў чатыры разы большая, чым існавала да 1 ліпеня.

Варта адзначыць, што некаторыя з брастаўчан паспелі прывезці па дзве, а то і тры машыны. Калі ў краіне пачаўся доларавы вэрхал, то некаторыя эканамісты паспяшаліся назваць яго прычынай ажыятажную скупку суайчыннікамі машын за мяжой і адпаведна вываз валюты. Мабыць, нельга з гэтым пагадзіцца цалкам, але ж калі глянеш на даўжыню чаргі ад Варшаўскага моста ледзь не да Цярэспаля, памножыш яе на кожны дзень, улічыш, што купляецца там тавар не за рублі, то разумееш, што зусім скідваць з прычын крызісу гэты фактар нельга. А нашым фінансавым аналітыкам і тым, хто прымае рашэнні, трэба было і раней гэта ўсё пралічваць. Адна справа, калі чалавек грошы збіраў, адкладваў, тады ён мае поўнае права везці іх куды хоча, купляць, што хоча. Многія ж бралі крэдыты ў рублях, куплялі за іх валюту і набывалі машыны такога кошту, што гэта ніяк не стасуецца з іх працоўным даходам. Вось і маем, што маем. Цяпер крэдыт узяць стала няпроста нават тым, хто мае ў ім жыццёвую патрэбу — гэта значыць, хто мае набываць жыллё.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мяжы не меншаюць чэргі з ахвотных прывезці аўто з Еўропы Здавалася б, усе, хто хацеў абнавіць свой уласны аўтапарк, даўно зрабілі гэта. Бо ведалі, што наступіць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика