Блог Усяслава Чарадзея. Пост №12. Пра заснаванне Вільні
30.06.2011 19:12
—
Новости Общества
|
Блог Усяслава Чарадзея. Пост №12. Пра заснаванне Вільні Гэта ўсё машына часу вінаватая. Паваліў з яе чорны дым, прыборная дошка расплавілася, ключы запалення з адтуліны вываліліся — і замест маіх любых адраджэнскіх часоў трапіў я ў абсалютна нязнаную эпоху. Носам ветру — па-ранейшаму тут Сярэднявечча і цемрашальства. І проста цемра, бо ноч. На ўсякі выпадак у ваўка перакінуўся і яшчэ зверху кальчугу надзеў, бо, думаю, дзе Сярэднявечча, там і ножычкам пырнуць могуць.
Гляджу, пасярод пушчы мужык на гары спіць — сны бачыць. Побач тур забіты ляжыць і чэлядзь стомленая пасля палявання храпе. Пачаў мужыка катурхаць. "Дзе ключы ад машыны часу?" — пытаюся. Ён мяне ўбачыў ды як пачаў гарлаць: — Жалезная ваўчыца, жалезная ваўчыца! Ну які я жалезны? Звычайны ваўкалак, з плоці і крові, сваёй і ахвяраў. Проста на мне, чалавеча, тлумачу я мужчыну-крыкуну, кальчуга… І які я ваўчыца?.. Ты ж уважліва, без нерваў, прыглядзіся. Асабліва ў гэтым месцы. А ён сваё: "Жалезная ваўчыца, гэта знак, як тады з Рымам было, горад трэба будаваць!" — Я што, на лаціне якой размаўляю? — зароў я, нібыта сто ваўкоў. — Дзе, шчэ раз пытаю, ключы ад машыны часу? Тут ужо чэлядзь з вешчунамі паганскімі падляцела: "О, Гедыміне! О, гэты вешчы сон! О, гэтая жалезная ваўчыца, што раве, як сто ваўкоў! О, працы падваліла, о, інвестыцый падваліла, о, сталіцу з бізнэс-цэнтрам будаваць тут будзем! — Хлопцы і ты, Гедымін, — кажу, — гэта не вешчы сон, а панурая рэальнасць — ключы ад машыны часу згубленыя, вы спасярод дзікай пушчы і ніводзін інвестар у ваш праект па ўзвядзенні сталіцы з бізнэс-цэнтрамі ў такой глухмені ані грывенькі не адшпіліць". — А як праектаваны горад, о, ваўчыца, назваць? — не адстаюць вешчуны. – The city will not be built, – адказаў я гэтым аматарам усяго заморскага таксама не нашай фразай, якая ў перакладзе азначае "гэты горад не будзе пабудаваны". – О, Wilno-cіці, о, Вільня, цудоўнае імя для новай сталіцы, о, будзе пабудавана, о, працы паболела, о, новых працоўных месцаў падваліла! – заверашчалі вешчуны зноў. Што тут паробіш? Перакінуўшыся ў чалавека, пабег я ў лес ключы ад машыны часу шукаць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта ўсё машына часу вінаватая. Паваліў з яе чорны дым, прыборная дошка расплавілася, ключы запалення з адтуліны вываліліся — і замест маіх любых адраджэнскіх...
|
|