Піўны бізнэс павінен быць сацыяльна адказным
16.07.2011
—
Новости Общества
|
13 ліпеня ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбылася дыскусія на тэму "Праблемы развіцця піваварнай галіны ў Беларусі". Выказаць свае меркаванні і паспрачацца прыйшлі прадстаўнікі піваварных прадпрыемстваў, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Асноўным пытаннем сустрэчы была сацыяльная адказнасць півавараў. Абвінавачванні ў бок рэкламы Штуршком для абмеркавання стала выступленне Паўла Радыёнава, начальніка ўпраўлення па наглядзе за выкананем заканадаўства і законна-прававых актаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь: "У Беларусі дастаткова востра стаіць праблема алкагалізацыі насельніцтва. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 8 літраў чыстага алкаголю на душу насельніцтва ў год з'яўляюцца тым парогам, за якім стаіць псіхалагічная, маральная, грамадская дэградацыя. У нашай краіне гэты ўзровень перавышаны — каля 12,5 літра. Значную частку ў гэтай лічбе складае і піва". Павел Радыёнаў стаў наракаць на безадказныя, на яго думку, адносіны з боку шэрагу дзяржаўных органаў, з боку вытворцаў піва да праблемы злоўжывання гэтым напоем. Ён лічыць, што выражэннем найвялікшай безадказнасці стала рэклама. "Мы ўжо тры гады спрабуем увесці абмежаванні на рэкламу піва на тэлебачанні, — кажа прадстаўнік Генпракуратуры. — Гэта дзіўная сітуацыя, калі мы бачым з боку Міністэрства гандлю, дзяржаўных органаў, з боку піваварных кампаній такое процідзеянне прапанове аб абмежаванні рэкламы піва на тэлебачанні да 22 гадзін. Гэтая норма, кажуць нам у Міністэрстве гандлю, у Савеце Міністраў ці ў піваварных кампаніях, негатыўна адлюструецца на вытворчасці піва, на гандлёвым бізнэсе". Алена Паміцінская, галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, пацвердзіла: "Зараз насамрэч існуе прапанова аб тым, каб дазволіць рэкламу піва толькі пасля 22 гадзін. І да 7 гадзін раніцы". Таксама яна паведаміла, што нейкіх іншых змяненняў у правілах рэалізацыі слабаалкагольных напояў і піва ў гэтым годзе не плануецца. Ёсць нараканні ў прадстаўніка Генпракуратуры і на рэкламныя ролікі. "У мяне ёсць дзіця. І я з трывогай а восьмай гадзіне вечара ўключаю тэлевізар, дзе бачу побач з дзіцячымі мультфільмамі рэкламу піва, — кажа ён. — Да таго ж гэтая рэклама заўсёды "на грані". Для прыкладу, рэклама "Піва.bу". Калі мы глядзім на стадыён, людзей там не бачым. Але зусім відавочна, што тут ідзе асацыяцыя з вобразамі людзей (выкарыстанне выявы чалавека ў рэкламе піва забаронена законам аб рэкламе. — аўт.)". Таксама Павел Радыёнаў засяродзіў увагу на тым, што рэклама піва расказвае не аб якасці прадукту, а проста стымулюе да спажывання: "Напрыклад, селядзец. Там рэкламуецца якасць прадукту. Як толькі піва, то гэта стадыён, дарога на вучобу ці дадому і іншае...". Півавары думаюць інакш Прадстаўнікі піваварнага бізнэсу на гэты конт маюць свой пункт гледжання. Дар'я Лыскавец, менеджар па карпаратыўных адносінах "Хайнекен Беларусь" сказала, што півавары гатовыя да сумеснай распрацоўкі механізмаў рэальнага прадухілення праблемы, аднак абмежаваннем рэкламы, лічыць яна, немагчыма нешта змяніць. Выканаўчы дырэктар Саюза "Гільдыя півавараў" Уладзіслаў Скрабцоў лічыць, што півавары — гэта сацыяльна адказныя бізнэсмены і, больш за тое, яны зацікаўлены ў гэтай адказнасці: "Няўжо вы думаеце, што вытворцам піва патрэбны споеныя, дэградаваўшыя людзі? — пытае ён. — Піўны бізнэс выступае за тое, каб быць ва ўсіх адносінах сацыяльна адказным. Але я лічу, што большую адказнасць трэба праяўляць не да вытворчасці, а да спажывання піва. Тэрмін "сацыяльная адказнасць бізнэсу" прыдуманы не ў Беларусі, гэта міжнародная практыка. І мы ўсе гэта разумеем". Ідэю павелічэння адказнасці за продаж і спажыванне піва падтрымалі і іншыя. Напрыклад, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу ААТ "Піўзавод Аліварыя" Надзея Дзешкавец: "Мы лічым, што неабходна павялічыць кантроль за гандлёвымі пунктамі". Рацыянальнае зерне ў такіх прапановах ёсць, бо і сам жа Павел Радыёнаў падкрэсліваў, што ў мікрараёнах Мінска, у глыбінцы прадаюць піва непаўналетнім, а ў гэтым ужо трэба вінаваціць не вытворцаў, а гандляроў. Быў акрэслены і яшчэ адзін шлях да вырашэння праблемы. "Будучыня не за забягалаўкамі, а за нармальнымі пабудовамі з самавітымі куфлямі і прыемнай атмасферай. Гэта адразу будзе прымушаць людзей паважаць сябе, — заявіў Аўдрус Мікшыс, генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва". Ён сцвярджае, што трэба спрасціць умовы для рэстараннага бізнэсу. Тады колькасць бараў, кавярняў, пабаў, рэстаранаў павялічыцца, а значыць, павялічыцца і канкурэнцыя. У выніку цэны ў пабах стануць для многіх дасягальнымі, піва перастануць піць на вуліцах, з'явіцца культура піцця. Уладзімір Нярозя, дырэктар універсама "Юбілейны-92" і ідэйны натхніцель фестывалю піўной культуры "Кубак піва" ўвогуле лічыць, што людзей у нас спойвае не піва, а гарэлка: "Сёння ў нас супертанная гарэлка. Яна аддаецца амаль дарма па тых цэнах, якія трымае дзяржава". Уладзіслаў КУЛЕЦКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
13 ліпеня ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбылася дыскусія на тэму "Праблемы развіцця піваварнай галіны ў Беларусі". Выказаць свае меркаванні і... |
|