Не можам альбо не хочам?
16.07.2011
—
Новости Общества
|
Беларускі рынак аўтамабільных "дробязяў" практычна цалкам запоўнены замежнай прадукцыяй. А нам "слабо"? Як, паводле нармальнай эканамічнай логікі, павінны дзейнічаць вытворцы, зацікаўленыя ў канкурэнтнай барацьбе, у прасоўванні сваіх тавараў на рынках, у задавальненні інтарэсаў спажыўцоў і ва ўласных таварных аб'ёмах, прыбытках, заробках? Зразумела, імкнуцца аператыўна адсочваць сітуацыю па той ці іншай прадукцыі і, убачыўшы тую ці іншую "нішу", дзе рэальна прысутнічаць самім, як мага хутчэй наладзіць выраб канкурэнтных па цане і якасці вырабаў. Асабліва калі гэта тычыцца не замежжа, а ўласнай краіны, нават горада, дзе гэтае прадпрыемства знаходзіцца. Няўжо не хвалюе, не крыўдна, калі на нашым унутраным рынку ўладараць са сваім таварам іншаземцы? Менавіта так, як пераканаўся карэспандэнт "Звязды", сёння і адбываецца на рынку так званых аўтамабільных "дробязяў". Хоць пытанне вырабу аксесуараў, рэчаў, што патрэбныя літаральна кожнаму аўтаўладальніку, зусім не дробязнае — і для кожнага кіроўцы, і, без перабольшання, для вялізнай па аб'ёмах вытворчай галіны. Мяркуйце самі: толькі ў Прынямонні, паводле звестак Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі, колькасць машын павялічылася з 311,7 тысячы ў 2001 годзе да 469 тысяч — у мінулым. А кожным "колам", зразумела, не абысціся без належнага догляду — і гэта не толькі маторнае масла ці фільтры, але і мноства іншых сродкаў, а таксама інструментаў і прыстасаванняў. Хто аспрэчыць, што гэта — проста каласальныя аб'ёмы гандлёвага абароту і, адпаведна, вялізныя грошы з кашалькоў дзясяткаў і соцень тысяч аўтаўладальнікаў? Што ж, паглядзім, наколькі канкурэнтна выглядае айчынная вытворчасць на рынку не даўно вядомых не толькі ў нашай краіне грузавікоў, але і ў "нішы", так бы мовіць, вырабаў шырокага народнага спажывання — "дробязяў" для "легкавікоў".Спачатку накіроўваюся на адну з аўтазаправачных станцый "Беларуснафты" ў Гродне. Тут, як відаць, неабыякавыя да азнаямлення кліентаў з прадукцыяй прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім". На спецыяльных стэндах ля ўваходу ў памяшканне АЗС дэманструюцца нафтанаўскае маторнае масла, лідскі тасол, кіслотны электраліт, графітная змазка, масціка ахоўная для днішча машыны, аўтакансервант парогаў "Мавіль", бензін-растваральнік, мадыфікатар іржы, шклоамывальная і тармазная вадкасці, трымальнік нумара аўтамабіля, шчотка, трос ... Добра, вядома. Аднак ці дастаткова гэтага цяпер — не для "Жыгулёў" ці "Масквічоў", як за савецкім часам, а ў сённяшніх умовах ледзь не ўсеагульнай аўтамабілізацыі насельніцтва? Наколькі ўлічваюцца айчыннай прамысловасцю сучасныя "фішкі" ў доглядзе машын? Знаёмлюся з вырабамі на паліцах магазіна гэтай АЗС. Чаго тут толькі няма, каб задаволіць "капрызы" аўтааматараў ... Вось, напрыклад, паліроль для пластыка з асвяжальнікам паветра: паводле інфармацыі на этыкетцы, гэты сродак зроблены ў Вялікабрытаніі, адтуль ён трапіў ва Украіну, а затым да нас. Другім імпарцёрам (а гэта ж, відавочна, і адпаведная цэнавая "накрутка") з'яўляецца і гродзенская фірма, якая атрымала з Калінінграда "транзітам" з Літвы ачышчальнік панэлі аўтамабіляў. Эластычны герметык, аказваецца, выраблены ў Славеніі, ачышчальнік інжэктара хуткага дзеяння і вадкі герметык радыятара — у ЗША, размарожвальнік шкла і ачышчальнік карбюратара — у Расіі, салфеткі для ачысткі пластыкавых элементаў аўтамабіля, шкла і люстэркаў, канцэнтрат для мыцця аўтамабіляў, каляровая паліроль — у Германіі, ачышчальнік і кандыцыянер скуранога пакрыцця — у Велікабрытаніі (500 мл — 76 тысяч 750 рублёў), аўташампунь — у Літве і Польшчы... Пералік імпарту можна працягваць. Ёсць, праўда, тут і беларускі сродак — для ачысткі аўтамабільнага шкла, але гэта як кропля ў моры замежных тавараў... Насупраць — АЗС "Газпрамнафта". На ўваходзе кліенту прапануюцца ўкраінскія акумулятары, а ў памяшканні ў вочы кідаецца таксама пераважна імпарт. Маторнае масла — расійскае, польскае і літоўскае, розныя ачышчальнікі і змазкі — з тых жа краін, а таксама з Германіі, аўтамабільныя лямпы напальвання — літоўскія і венгерскія, састаў для рамонту радыятараў і сістэмы ахалоджвання — амерыканскі, акрылавая аэразольная фарба — з Тайланду... А такі "звышскладаны" для вытворцаў аксесуар, як трымальнік для тэлефона ў транспартным сродку (коштам 99 тысяч 980 рублёў), выраблены ў Галандыі. Можна таксама набыць трымальнік для напояў — кітайцы паклапаціліся. Беларуская ж вытворчасць прадстаўлена хіба што тасолам і тармазной вадкасцю, ды і тое ў канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі. Гэта добра, што ў пакупніка ёсць выбар. Аднак хіба ж нармальна, што па многіх вышэйзгаданых і іншых пазіцыях няма нічога беларускага... Мо ўсё інакш на рэчавым рынку "Паўднёвы", дзе найбольшы ў Гродне выбар запчастак і аксесуараў для аўтамабіляў? Мажліва, не ўсё ўбачыў, але з айчынных вырабаў там прадстаўлены хіба што бабруйскія шыны для легкавікоў і гродзенскі 647-ы растваральнік. Паводле слоў аднаго з гандляроў, індывідуальнага прадпрымальніка Дзмітрыя, усё на рынку пасля дэвальвацыі беларускага рубля падаражэла практычна ўдвая. І айчынны растваральнік, дарэчы, таксама: быў па 6-7 тысяч, а цяпер — па 15 тысяч рублёў. А з іншымі беларускімі таварамі Дзмітрый справы не мае, бо ніхто іх не прапануе. Хіба што ў аднаго ІП браў пераўтваральнік іржы, але потым рэзка ўзрасла цана. Цяпер гандлюе расійскім ... Асартымент тавараў у Дзмітрыя, як і ў іншых гандляроў у "Паўднёвым", даволі разнастайны. Пра гэта клапоцяцца замест нас саміх палякі, літоўцы, немцы, кітайцы, італьянцы, расіяне, англічане. У асноўным тавар трапляе ў Гродна праз Польшчу, прычым неабавязкова ад тамтэйшых вытворцаў, а ад пасярэднікаў, якія імпартуюць з іншых краін. На думку Дзмітрыя, ёсць такія рэчы, за якія нам, можа, брацца і не варта. Але шмат і таго, што пры жаданні зусім не складана вырабляць самім. Калега Дзмітрыя па працы ў "Паўднёвым" Іван Іванавіч кажа, што калісьці гандляваў айчыннымі дамкратамі, але адмовіўся, бо яны "якімі вырабляліся 30 гадоў таму — такімі і вырабляюцца, а свет ідзе далей". Рады быў бы гандляваць беларускім, ды не атрымліваецца і ў індывідуальнага прадпрымальніка Савы. Яго профіль — шырокі асартымент ключоў, адвёртак, здымнікаў і іншых інструментаў, дзясяткі відаў крапяжу — балтоў, гаек ... Тое-сёе на беларускіх прадпрыемствах вырабляецца, аднак, лічыць Сава, можна выпускаць у 50 разоў больш, бо патрабуюцца, як правіла, не высокія тэхналогіі, а элементарныя станкі. У каго яны не задзейнічаны на поўную моц — прыедзьце ў "Паўднёвы" да Савы і пацікаўцеся, якую можна скласці канкурэнцыю імпарту. У прыватнасці, ніхто ў Беларусі не вырабляе інструментарый для іншамарак. А галоўнае, няма жадання бачыць у тым жа Саве партнёра па бізнэсе. — Прыязджаю ў адну маскоўскую фірму, якая займаецца інструментамі — там усё ёсць. А ў нас? Няўжо я павінен ездзіць па ўсіх прадпрыемствах за тымі ці іншымі вырабамі? Дзе ў Беларусі аптовыя пункты, дзе я мог бы набыць шырокі асартымент беларускіх тавараў патрэбнага профілю? Ды і купляць дробнымі партыямі бывае праблематычна. Бяры, кажуць нядаўна на адным з прадпрыемстваў, 25-кілаграмовую ўпакоўку. Але навошта мне столькі? Хіба што для ўнукаў пакінуць, каб гандлявалі ... Дык што, не можам на ўласным жа рынку скласці годную канкурэнцыю замежнай прадукцыі? Альбо не хочам? Адназначнага адказу, пэўна, не будзе. І тут можна доўга разважаць пра неўспрымальнасць буйной прамысловасці да запытаў спажывецкага рынку, развіццё ў рэспубліцы прадпрыемстваў малога і сярэдняга вытворчага бізнэсу, з адпаведнымі прэферэнцыямі, якія б зрабілі выгадным, стымулявалі выпуск тых жа аўтамабільных "дробязяў". Аднак пакуль мы разважаем, замежны бізнэс ужо даўно вывучыў патрэбы аўтааматараў, у тым ліку беларускіх, і эфектыўна працуе. Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускі рынак аўтамабільных "дробязяў" практычна цалкам запоўнены замежнай прадукцыяй. А нам "слабо"? Як, паводле нармальнай эканамічнай логікі,...
|
|