Дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі ў Беларусі павінна захавацца
19.07.2011
—
Новости Общества
|
Дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі ў Беларусі павінна захавацца, заявіў Міхаіл Мясніковіч на семінары-нарадзе ў Смалявічах па пытаннях пераходу на новую рэсурсаэфектыўную сістэму земляробства, а таксама па падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі ў Беларусі будзе захавана, але яна павінна быць уніфікавана. "Мы ва ўрадзе лічым, што дзяржаўная падтрымка павінна захавацца, аднак мы яе будзем некалькі ўніфікаваць. На працягу тыдня стаіць задача падрыхтаваць адпаведны праект указа і накіраваць яго на разгляд Прэзідэнту", — сказаў прэм'ер-міністр. Кіраўнік урада растлумачыў, што існуе блок пытанняў, якія знаходзяцца "ў зоне адказнасці дзяржавы і не павінны разглядацца ў якасці мер дзяржаўнай падтрымкі". "Напрыклад, меліярацыя. Мы жывём у рэальных умовах пераўвільготненага клімату і, адпаведна, глебы. А значыць, павінны вырашаць гэтыя пытанні на дзяржаўным узроўні, не звязваючы гэта з мерамі дзяржаўнай падтрымкі", — лічыць Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, гэта таксама датычыцца пытанняў вапнавання глеб, племянной справы, насенняводства, аграрнай навукі, падрыхтоўкі кадраў для вёскі. Астатнія пытанні, па словах Міхаіла Мясніковіча, будуць "падзелены на кошыкі па методыцы СГА" і аднесены да мер дзяржпадтрымкі АПК, якая ў асноўным будзе аказвацца пад выкананне канкрэтных дзяржпраграм. У якасці аднаго з такіх прыкладаў прэм'ер-міністр прывёў малочную галіну. "Мы паставілі задачу да канца пяцігодкі выйсці на вытворчасць 10,5 млн тон малака. Можа, гэта дзесьці дырэктыўна навязваецца гаспадаркам, у тым ліку будаўніцтва малочных ферм, і тут, лічу, дзяржава павінна падставіць сваё плячо сельгасвытворцам", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы, эфектыўнасць сельскай гаспадаркі Беларусі падае, канстатаваў прэм'ер-міністр. У мінулым годзе ў сельскую гаспадарку было ўкладзена Br5,2 трлн бюджэтных сродкаў і Br3,8 трлн ільготных крэдытаў. "Разам — Br9 трлн, а атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі Br15 трлн, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Трэба задумацца і не абурацца. Вось вынікі эфектыўнасці нашай дзейнасці". Паводле слоў прэм'ер-міністра, выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі магла б быць намнога большая. Нягледзячы на тое, што ў сельскую гаспадарку ідуць значныя ўліванні, доля АПК у ВУП краіны за 5 гадоў знізілася з 12,6 працэнта да 7,5 працэнта. "Гэта значыць, тыя галіны, якім аказвалася меншая падтрымка, прыраслі больш, чым сельская гаспадарка, — сказаў кіраўнік урада. — Мы разумеем, што вёска ёсць вёска, гэтыя пытанні будуць вырашацца, але трэба глядзець на эканамічную эфектыўнасць, і, вядома, патрэбны эканамічныя стымулы, таму што чыста адміністрацыйнымі рэсурсамі добрых вынікаў не даб'ешся". Прэм'ер-міністр таксама праінфармаваў, што запазычанасць сельгасарганізацый складае Br26,9 трлн, у тым ліку Br2,5 трлн — пратэрмінаваная. Вынікі работы аграсектара ў першым паўгоддзі сведчаць аб тым, што недахопаў шмат, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Напрыклад, ніжэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень спрацавалі па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Гомельская, Мінская, Магілёўская вобласці, па рэалізацыі жывёлы і птушкі — Гомельская вобласць, па вытворчасці малака — Магілёўская і Мінская вобласці. "Асабліва сумна, што ўпалі надоі малака. Мы маем мінус 56 кг на карову", — дадаў прэм'ер-міністр. На думку Міхаіла Мясніковіча, для вывядзення сельгасвытворчасці на новы ўзровень неабходны новыя падыходы ў сферы яго кіравання. У прыватнасці, неабходна даваць у большай ступені самастойнасці гаспадаркам, падкрэсліў ён. А зыходзячы з эфектыўнасці ацэньваць дзейнасць кіраўнікоў сельгасарганізацый. "Рэальна мы павінны ісці, каб надзяляць адпаведнымі пакетамі акцый кіраўнікоў і спецыялістаў, у асноўным за кошт прыбытку, дадаткова атрыманага, або, у крайнім выпадку, нават за кошт зніжэння страт", — лічыць кіраўнік урада. Немалаважнай з'яўляецца і праблема кадраў на сяле. На думку Міхаіла Мясніковіча, у Беларусі павінны быць прыняты дадатковыя меры для таго, каб затрымліваць выпускнікоў у гаспадарках. "Трэба авансам плаціць ім больш высокую зарплату, і калі трэба, мы дадзім вам неабходныя гарантуючыя подпісы, каб спецыялістаў замацаваць у вёсцы", — сказаў прэм'ер-міністр, звяртаючыся да кіраўнікоў міністэрстваў. Прэм'ер-міністр Беларусі даручыў Мінсельгасхарчу і аблвыканкамам пашырыць прысутнасць беларускай агародніннай прадукцыі на ўнутраным рынку. Прэм'ер-міністр расказаў аб сваёй нядаўняй паездцы ў Пружанскі раён, дзе гэта пытанне ўзняў старшыня Брэсцкага аблвыканкама. "Мне было сорамна слухаць гэтыя справядлівыя папрокі, бо, напрыклад, капустай, якая там па Br500 каштуе, кормяць жывёлу, і Белкаапсаюз не можа завезці яе ў гарады", — сказаў Міхаіл Мясніковіч. І гэта не адзіны прыклад. Такая ж сітуацыя з буракамі. У буйных гарадах краіны, у тым ліку Мінску, прадаюцца імпартныя буракі, а беларускія ў гэты час гніюць. "Сёння ў сярэдняй сталовай вінегрэт каштуе Br3,5 тыс. Такога быць не павінна", — адзначыў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, гэта праблема патрабуе прыняцця жорсткіх мер. "Вось наша руплівасць, вось наша эканомія, у гэтай сітуацыі даводзіцца браць дубіну", — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён падкрэсліў, што ў цяпліцах вырошчваецца якасная агароднінная прадукцыя і нельга дапускаць, каб яе не маглі прадаць з-за таго, што чыноўнікі са сваёй "прагнілай" сістэмай не могуць прывезці гэты тавар у гарады. У барацьбе з такімі сітуацыямі будуць спалучацца як эканамічныя, так і дысцыплінарныя метады. "Трэба ў абласныя цэнтры даваць тыя культуры, якія вырашчаны нашымі людзьмі, у тым ліку на прыватным падворку", — сказаў кіраўнік урада. На семінары-нарадзе ў Смалявічах Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што істотнага росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі не будзе. "Росту істотнага не будзе, але будуць уведзены нормы спажывання, аплата звыш якіх будзе ажыццяўляцца па сабекошце", — адзначыў прэм'ер-міністр. Будуць уведзены таксама нормы па вадзе, прыродным газе. "Тут ёсць пытанні па некаторых пенсіянерах, якія пражываюць у газіфікаваным жылым фондзе, якія выкарыстоўваюць газ не толькі для прыгатавання ежы і ацяплення, там яшчэ куры, парсючкі і г.д., — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — З гэтай катэгорыяй мы цяпер высвятляем пытанні, думаю, што ў бліжэйшы тыдзень — максімум два мы іх вырашым". Прэм'ер-міністр таксама звярнуў увагу на тое, што насельніцтва Беларусі спажывае 23 працэнты агульнага аб'ёму электраэнергіі. "Гэта нямала, і насельніцтва спажывае яе столькі таму, што яна недарагая, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Ва ўсім свеце, асабліва ў Еўропе, тарыфы для насельніцтва вышэйшыя, чым для прамысловасці. У нас усё наадварот". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі ў Беларусі павінна захавацца, заявіў Міхаіл Мясніковіч на семінары-нарадзе ў Смалявічах па пытаннях пераходу на новую... |
|