У Пінску пахавалі кардынала Казіміра Свёнтка
26.07.2011 09:55
—
Новости Общества
|
У Пінску пахавалі кардынала Казіміра Свёнтка Апоўдні 25 ліпеня ў Пінску адбылася святая імша і пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка. Святую імшу на пляцы каля катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, сябар кардынала Свёнтка.
У набажэнстве прымалі ўдзел біскупы Беларусі, арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі кардынал Яніс Пуятс, часовы павераны Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску кс. прэлат д-р Крыспін Дубель, іерархі з розных краін, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з епіскапам Барысаўскім Веніямінам. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады нашай краіны, у тым ліку ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі ўраду Польшчы, дыпламатычнага корпусу. На пачатку літургіі была зачытана спачувальная тэлеграма Святога Айца Бэнэдыкта XVI з нагоды адыходу кардынала Свёнтка ў вечнасць. Гамілію прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кардынал Свёнтэк, па словах арцыпастыра, “быў тым чалавекам, які да канца даверыўся Богу”. Так было, калі ён у атэістычныя часы знаходзіўся ў вязніцы, калі пасля служыў у пінскай катэдры і адраджаў веру на беларускай зямлі, так было падчас яго біскупскага служэння. “Бог паклікаў кардынала да святарскага і біскупскага служэння як адпаведнага чалавека і ў адпаведны час”, - сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Усім вядома, працягваў Мітрапаліт, як высока цаніў мужнасць кардынала Свёнтка благаслаўлёны Ян Павел II: “Калі заходзіла гаворка пра яго, то ў Папы свяціліся вочы”. І Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у спачувальнай тэлеграме ў сувязі са смерцю кардынала ўзгадаў пра яго адважнае сведчанне, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў цяжкія часы, пра энтузіязм, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння Беларусі, а ватыканскае выданне "L’Osservatore Romano" назвала іерарха “непахісным дрэвам у хвіліну шторму, сведкам веры, іконай постсавецкага каталіцызму, сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі і яго надзеі”. Мітрапаліт Кандрусевіч назваў кардынала Свёнтка “жывым мучанікам і сведкам веры, таленавітым пастырам, здольным арганізатарам, знакавай фігурай нашага часу”. “Хоць засмучае нас смерць кардынала, аднак мы павінны глядзець на яе праз прызму праўды аб Уваскрасенні Хрыста, - падкрэсліў Мітрапаліт. - Менавіта гэтая праўда нагадвае пра тое, што са смерцю чалавека не завяршаецца яго жыццё. І вузенькая сцяжынка, якая вядзе да магілы – гэта не апошні шлях, але пачатак новага жыцця”. “Адыйшоў да Бога чалавек, верны Богу і Касцёлу, чалавек, адкрыты на сучасны свет і яго праблемы, чалавек, які добра ведаў, што сучасны свет патрабуе новага выканання місіі Хрыста - ісці і навучаць, навучаць, нават калі б і здавалася, што сучасны свет не прымае гэтага навучання. (…) Ён імкнуўся да новай евангелізацыі, да якой так моцна заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і якую рэалізуе Бэнэдыкт XVI”, - такімі словамі арцыбіскуп Кандрусевіч яшчэ раз падкрэсліў веліч і прыгажосць асобы спачылага кардынала. Напрыканцы святой Імшы прагучалі спачувальныя лісты з нагоды смерці кардынала Свёнтка. Спачувальны ліст Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі агучыў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Прагучала і спачувальная тэлеграма Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Спачуванне ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта выказаў епіскап Барысаўскі Веніямін. Былі зачытаны таксама спачувальны ліст Прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, спачувальныя лісты на адрас курый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Словы спачування вернікам Касцёла ў Беларусі выказаў і арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі кардынал Яніс Пуятс. Іерарх перадаў беларускім вернікам прывітанне ад католікаў Латвіі і г. Валгі, дзе нарадзіўся кардынал Свёнтэк. Кардынал Пуятс у сваёй прамове нагадаў аб велічы і непаўторнасці Нябеснага Валадарства, да якога імкнуцца вернікі. Касцёл, па словах латвійскага іерарха, раіць спадзявацца, што сустрэча з Богам стане найшчаслівейшым днём у нашым жыцці. Спачуванне прамовіў таксама арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Іерарх выказаў салідарнасць з Касцёлам у Беларусі і адзначыў, што кардынал Свёнтэк вельмі блізкі польскім вернікам і назаўсёды застанецца ў іх памяці. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім выступленні падзякаваў усім, хто прымаў удзел у пахавальным набажэнстве і маліўся два дні таму ў Мінску. Арцыпастыр падзякаваў таксама прысутным іерархам, прадстаўнікам дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпусу. Асаблівую падзяку іерарх скіраваў медработнікам, якія апекаваліся кардыналам Свёнткам падчас яго хваробы. Як падкрэсліў Мітрапаліт, “самы вялікі помнік, які можна паставіць кардыналу, - гэта наша малітва”. Напрыканцы святой Імшы труна з парэшткамі кардынала была апушчана ў мармуровы саркафаг і аднесена ў пахавальную крыпту пінскай катэдры. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апоўдні 25 ліпеня ў Пінску адбылася святая імша і пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка. Святую імшу на пляцы каля катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай...
|
|