Жанчыны ў свеце карыды. 21.by

Жанчыны ў свеце карыды

30.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Здавалася б, ваяваць з быком — справа зусім не жаночая. Між тым, забаранілі гэта "слабаму полу" толькі ў ХХ стагоддзі... іспанскія фашысты, якія прыйшлі да ўлады ў 30-х гадах, і гэтая забарона дзейнічала аж да 1974 года. Аднак дагэтуль у строгай каталіцкай Іспаніі жанчыны выходзілі на арэну нават дзвесце гадоў таму. Знакамітая жанчына-матадор канца ХVІІІ стагоддзя Пахуэлера выступала на арэнах Мадрыда. А карыда 27 студзеня 1839 года ўвогуле ўвайшла ў гісторыю як чыста жаночая: усе ўдзельнікі — і пікадоры, і бандэрыльера, і матадор — былі маладымі жанчынамі...

Нягледзячы на тое, што ў 1974 годзе жанчынам зноў дазволілі станавіцца матадорамі, гэты від спорту не стаў традыцыйным — магчыма, таму, што карыда патрабуе поўнай самааддачы.

Карыда — сумесь палявання і балета, дуэльнага паядынку і антычнага тэатра, поўная, паводле слоў Габрыэля Гарсія Лоркі, чароўнай геаметрыі. Па рызыцы яна параўнальная з таталізатарам, па эстэтыцы — з паэзіяй трубадураў, па градусе запалу і цырыманіяльнасці — з рыцарскім турнірам. Пачынаюць ваяваць пешыя тарэадоры ў васямнаццаць — дваццаць гадоў, а вучацца з дзесяці. Ганарар знакамітага матадора на буйной арэне — сто тысяч долараў за адзін паядынак. Да сарака гадоў тарэа- доры ўжо выходзяць на пенсію, а зорных сезонаў у іх жыцці бывае не больш за сем. Прычынай гэтага з'яўляецца часцей не ўзрост, а элементарны страх. Выбіраецца бізнэс спакайнейшы, напрыклад, недарагая нерухомасць.

Кар'ера коннага тарэадора пачынаецца пазней: спачатку трэба стаць дрэсіроўшчыкам, потым падрыхтаваць сваіх коней. Мужчыны-вершнікі сыходзяць з вялікай карыды ў шэсцьдзясят, жанчыны — у сорак гадоў. Галоўнае ў гэтым відзе спорту — высокая траўматычнасць...

За сваю кар'еру матадор атрымлівае ў сярэднім дваццаць раненняў. Карыда — небяспечны спорт, і не заўсёды пераможцам тут выходзіць чалавек. Паводле іспанскай статыстыкі, часцей за ўсё гінуць і атрымліваюць разнастайныя калецтвы навільера — маладыя тарэра, якія змагаюцца з неспрактыкаванымі бычкамі-трохгодкамі. Другімі ў гэтым спісе ідуць бандэрыльера, за імі — пікадоры, і толькі на чацвёртым месцы па колькасці трагедый — матадоры. З 1747 года, калі пачалася пісьмовая гісторыя карыды, загінула больш за 700 тарэра.

Ва ўсім свеце цяпер налічваецца не больш за дзесяць жанчын-матадораў.

Зорка арэны мінулага стагоддзя Марціна Гарсія была прынята ў матадоры ў 1948 годзе. А легендарная Канчыта Сінтрон, сяброўка Хемінгуэя, не змагла прайсці абрад пасвячэння: узлёт яе кар'еры прыпаў на 30-40-я гг. ХХ стагоддзя, калі франкісцкі рэжым наогул забараніў жанчынам выступаць. Канчыта паходзіла з багатай арыстакратычнай сям'і, і для яе зрабілі выключэнне — дазволілі быць конным тарэадорам. Але яна ўсё ж злазіла з каня і дабівала быка ў пешым баі: роля матадора была для яе пераважнай. Ніякага афіцыйнага статусу ў яе не было, але яе называлі ў ліку "пяці вершнікаў апафеозу" — лепшых конных тарэадораў краіны.

Увогуле, мастацтва карыды мае вельмі старажытныя карані. Яно зарадзілася ў нетрах культу Мінатаўра, які антычныя гісторыкі лічылі спадчынай таямнічай Атлантыды. Для язычнікаў бык быў ахвярай, для першых хрысціян ён увасабляў д'ябальскі пачатак. Затым гэтыя знакі зліліся. Дзякуючы сінтэзу традыцый у карыдзе назаўжды захавалася нешта ад рыцарскага Сярэднявечча і ад паганскага абраду.

У Партугаліі карыда здаўна лічылася прывілеем шляхцічаў, на ёй яны адточвалі майстэрства, неабходнае для вайны і для рыцарскіх паядынкаў. Аднак у ХVІІ стагоддзі падчас паядынку з быком загінуў пляменнік партугальскага караля, прычым адбылося гэта ў момант нанясення быку завяршальнага ўдару. Загінулі абодва — і чалавек, і жывёла. Пасля гэтага забойства быкоў было забаронена: уступіў у сілу так званы мемарандум Кампільо. З тых часоў партугальская карыда мае рэпутацыю гуманнай і амаль бяскроўнай. Гэта руйнуе яшчэ адзін міф — аб тым, што ў карыдзе ўся справа складаецца ў элементарным (хоць і небяспечным для матадора) забойстве быка. Правілы коннай партугальскай карыды дагэтуль будуюцца на падставе рыцарскага кодэкса гонару. Таму бык, хоць і незнаёмы з кодэксам, карыстаецца ўсімі прывілеямі рыцара, які ўступіў у паядынак з іншым рыцарам.

  Але папулярнасць карыда набыла менавіта ў Іспаніі. Пры гэтым арыстакратычны шарм патроху цьмянеў і ператвараўся ў звычайную рызыку, характэрную для іпадрома або баксёрскага рынга. Узбуджальнікамі такога ажыятажу служылі кроў і смерць на арэне. Але, як гаворыцца, грубіянскімі сродкамі не дасягнуць асалоды. Іспанскім матадорам цяжка далучыцца да "чыстага" мастацтва.

Вікторыя Захарава.

Кароткі слоўнік тэрмінаў:

Бандэрыльера — член каманды матадора, які ўтыкае бандэрыльі (кароткія коп'і, упрыгожаныя кветкамі і стужкамі) у спіну быка і раз'юшвае апошняга.

Бурладэра — адмысловае сховішча для тарэра, драўляны шчыт ля агароджы арэны.

Капеадор — памочнік матадора, які дражніць быка яркім (традыцыйна чырвоным) плашчом.

Карыда — бой быкоў, у якім удзельнічаюць быкі ва ўзросце не менш за чатыры гады.

Квадрылья — каманда матадора ці навільера, члены якой дапамагаюць яму падчас бою быкоў.

Матадор — галоўны ўдзельнік іспанскай карыды, які забівае быка; у коннай карыдзе гэты персанаж называецца рэханеадор.

Навільера — тарэра-пачаткоўцы, якія б'юцца з бычкамі-трохгодкамі.

Пікадор — вершнік з кап'ём, мэта якога аслабіць мышцы шыі ў быка.

Тарэадор, тарэра — удзельнік бою быкоў.

Энсьера — іспанскі звычай: масавыя ўцёкі ад выпушчаных з загону кароў, быкоў або цялят. Распаўсюджаны і ў цяперашні час.

Эспантанэа — аматар, які адвольна выскоквае на арэну, каб выпрабаваць свае сілы ў бойцы з быком.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здавалася б, ваяваць з быком — справа зусім не жаночая. Між тым, забаранілі гэта "слабаму полу" толькі ў ХХ стагоддзі... іспанскія фашысты, якія прыйшлі да ўлады...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика