Што рабіць з дрэвамі на могілках?. 21.by

Што рабіць з дрэвамі на могілках?

04.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напрыканцы мінулага тыдня моцны ўраган пранёсся па Белавежскай пушчы. Пагнула і папляжыла векавыя дрэвы на значнай плошчы. Зараз Нацыянальны парк падлічвае свой урон і расчышчае завалы. А ў навакольных раёнах людзі таксама адчулі адгалоскі прыроднай стыхіі, якая найбольш пашкодзіла дрэвы. На могілках вёскі Бельск Кобрынскага раёна бура паваліла паўдзясятка вялізных дрэў. Пашкодзіла помнікі, агароджы магіл. Адзін помнік наогул вялікае дрэва пры падзенні зрушыла з месца, а другое, падаючы, падперла яго. Так ён і стаіць, заціснуты двума паваленымі дрэвамі, збоку ад магілы. Вусцішная карціна. Цяпер сваякам пахаваных давядзецца выпраўляць наступствы ўрагану. А гэта сёння, як вядома, — немалыя затраты.

Дрэвы — праблема ці не большасці вясковых могілак. Так склалася здаўна, што на месцы апошняга спачыну людзей садзілі дрэвы або рабілі могілкі на высокіх мясцінах сярод рэдкага дрэвастою. У старых народных легендах нярэдка можна сустрэць сюжэт накшталт таго, што дваіх закаханых разлучылі, яны не вытрымалі гора, памерлі ці загінулі, і на іх агульнай магіле выраслі клён і бяроза, явар з калінаю або іншыя парныя дрэўцы. На магіле няўцешнай удавы часта вырастала вярба, на магіле воіна — моцны дубок. Традыцыі, апетыя ў фальклоры, таксама спрыяюць свядомасці, што дрэву самае месца над магілай блізкага альбо дарагога чалавека. Так было нармальна, пакуль на месцы пахавання ставілі толькі крыж, а ўсё добраўпарадкаванне зводзілася да прыборкі смецця, праполкі пустазелля ды развядзення кветак.

За апошнія дзясяцігоддзі сітуацыя рэзка памянялася. І на магілах паўсюль стаяць мармуровыя, гранітныя альбо іншыя помнікі. А на вясковых могілках кожнае пахаванне агароджваюць, раней — металічнай, цяпер каменнай агароджай. І дрэвы сталі сапраўднай пагрозай для такіх збудаванняў. Як гаварылася вышэй, бяроза альбо сасна падчас буры можа проста разбурыць надмагільныя пабудовы. Да таго ж дрэва становіцца пастаяннай крыніцай засмечвання добраўпарадкаваных пахаванняў. Лісты, ігліца, галінкі засыпаюць плітку, забіваюцца ў адтуліны паміж пліткамі, догляд магіл робіцца вельмі нялёгкай справай.

Заканадаўствам нашай краіны на месцы пахавання дазваляецца садзіць толькі кустарнікавыя пароды і кветкі, а ў межах кварталаў пахаванняў дрэвы садзіць забаронена. Але адпаведны закон і пастанова Саўміна, якая зацвердзіла правілы ўтрымання могілак, былі прыняты ўжо ў бягучым стагоддзі. Дрэвы ж, як правіла, растуць на могілках даўно. І няма ніякага дакумента, які б абавязваў каго-небудзь тыя дрэвы зносіць.

Падчас адной з камандзіровак у Лунінецкі раён старшыня сельскага Савета расказвала мне, як яны вырашылі гэта пытанне ўсёй грамадой. На сельскім сходзе дамовіліся спілаваць усе дрэвы на могілках, а драўніну пусціць на агароджу вакол тэрыторыі могілак. І цяпер месца пахаванняў расчышчана, прыведзена ў парадак, а самі могілкі здалёк выглядаюць акуратна абгароджанымі і дагледжанымі. Лічу, што пададзены добры прыклад удалага вырашэння праблемы. Але дапускаю, што не вельмі шмат знойдзецца ахвотных выкарыстаць досвед названага сельсавета. У большасці сельвыканкамаў недастаткова грошай, каб наняць вопытных вальшчыкаў лесу. Пілаваць дрэвы вакол помнікаў нашмат цяжэй, чым валіць іх на лясной дзялянцы. Не кожны з кіраўнікоў сельскай улады адважыцца нават на адказнасць за такое мерапрыемства.

  Калі праблема не пад сілу сельсавету, можа, варта пашукаць у іншых структурах ахвотных нарыхтаваць драўніну? Напрыклад, тыя арганізацыі, дзе робяць труны, маглі б пілаваць дрэвы. Вядома, валка драўніны абыдзецца даражэй, чым у лесе, але за дрэва плаціць не давядзецца. І ўсё роўна выйдзе эканомія. Лес цяпер значна падаражэў.

Для гэтага толькі неабходна прыняць адпаведныя пастановы хоць бы на ўзроўні аблвыканкамаў. А затым — прымаецца рашэнне мясцовага тэрытарыяльнага органа, каб усё ажыццяўляць у рамках законаў.

Хоць законы, варта адзначыць, у гэтай сувязі маюць яўныя супярэчнасці. Напрыклад, Палажэннем аб парадку выдалення аб'ектаў расліннага свету, размешчаных на землях населеных пунктаў, зацверджаным Саўмінам, прадугледжана, што любое дрэва ў населеным пункце можна спілаваць толькі з дазволу органа мясцовай улады. Могілкі ж, як правіла, размешчаны на тэрыторыі населеных пунктаў. А такі афіцыйны дакумент, як "Правілы ўтрымання месцаў пахавання" забараняе пасадку дрэў ля могілак і абавязвае грамадзян утрымліваць магілы і прылеглую тэрыторыю ў парадку за свой кошт.

З-за такіх вось супярэчнасцяў недарэчная сітуацыя склалася сёлета ў адной з вёсак Столінскага раёна. 80-гадовы пенсіянер узяў і спілаваў бярозу, што расла над магілай жонкі. Наўрад ці хто заўважыў бы гэты факт, але сусед па гарачых слядах напісаў заяву ў міліцыю. Міліцыя, як бывае ў такіх выпадках, накіравала паперы ў інспекцыю аховы прыроды. І закруцілася.

Вядома, дзядуля ніякай заявы не пісаў і дазволу не пытаўся. За гэта, паводле заканадаўства, яго павінны аштрафаваць, прынамсі спагнаць суму ўрону, нанесенага прыродзе. Сума гэтая складае сёння 420 000 рублёў.

Дачка пенсіянера абскардзіла рашэнне органа аховы прыроды ва ўсіх магчымых інстанцыях. І справа, наколькі мне вядома, перададзена ў суд. Варта адзначыць, што прыродаахоўныя органы прапаноўвалі кампраміснае выйсце з сітуацыі ў выглядзе кампенсацыі нанесенага ўрону пасадкай новых дрэў на тэрыторыі вёскі. Пайшлі на гэта з улікам узросту парушальніка прыродаахоўнага заканадаўства. Але другі бок прапанову не падтрымаў. У рэшце рэшт справу будзе вырашаць суд.

З-за адной спілаванай бярозы, якая расла не да месца, канфлікт дайшоў ужо ледзь не да Генеральнай пракуратуры. Як заўважыў адзін з работнікаў райінспекцыі аховы прыроды ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам газеты, ніхто б таго пажылога чалавека не прыцягваў да адказнасці, каб не скарга ў міліцыю. А на скаргу ўстановы вымушаны рэагаваць у вызначаным парадку.

Вось і выйшла, што выйшла. А каб на могілках займаліся выдаленнем дрэў цэнтралізавана, ніякага канфлікту не было б. Дзядуля ж пілаваў тую злашчасную бярозу таму, што яна засмечвала магілу жонкі. А пра неабходнасць браць дазвол ён проста не ведаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы мінулага тыдня моцны ўраган пранёсся па Белавежскай пушчы. Пагнула і папляжыла векавыя дрэвы на значнай плошчы. Зараз Нацыянальны парк падлічвае свой...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика