Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал
06.08.2011 14:00
—
Новости Общества
|
Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал Спроба паставіць каталіцкі крыж у цэнтры мястэчка Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне, натыкнулася на моцны супраціў праваслаўных. У выніку каталікі адклалі свае планы да таго часу, калі “сітуацыя крыху супакоіцца”.
Пачалося ўсё з таго, што каталіцкія вернікі пажадалі замяніць крыж, які стаіць на ўездзе ў Крулеўшчыну з боку Докшыц. “Крыж перашкаджаў лініі электраперадач, таму сталі шукаць іншае месца. Вырашылі паставіць у шматлюдным месцы, на скрыжаванні дарог”, - кажа каталічка Галіна Кіцько. Паставіць вырашылі на развілцы дарог на Докшыцы і Падсвілле, побач з крамай, вядомай у народзе пад назвай БАМ. Ідэю ўстаноўкі крыжа ў Крулеўшчыне падтрымаў каталіцкі святар Уладзіслаў Завальнюк, пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску. Ён паабяцаў прывезці капсулу, у якой будуць змяшчацца святыні з Палестыны - зямля з ваколіц Гроба Гасподняга, камень з гары Фавор, алей, асвечаны ў Іерусаліме. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк (злева) трымае капсулу з ерусалімскімі святынямі, справа - пробашч крулеўшчынскай парафіі кс. Юры Бараўнёў Вечарам 4 жніўня, напярэдадні планаванай устаноўкі крыжа, праваслаўныя вернікі сабралі на гэтым месцы мітынг. На ім прысутнічаў і мясцовы настаяцель айцец Віктар Гмір. Праваслаўныя пастанавілі змагацца супраць каталіцкага крыжа. Маўляў, зямля тут спрадвеку праваслаўная, і да бацюшкавай хаты недалёка. Каталікі таксама пастанавілі змагацца за сваё права паставіць крыж. Два дзясяткі вернікаў сабраліся 5 жніўня на месцы, дзе запланаваная ўстаноўка крыжа. Яны голасна абмяркоўвалі сітуацыю, выказваючы неразуменне абурэннем праваслаўных. “Я ж не супраць, што каля майго дома стаіць праваслаўная царква. Наадварот, я рада, я схіляю галаву перад царквой”, - кажа адна каталічка. Каталіцкія вернікі, навучаныя павазе да праваслаўных, не маглі зразумець, чаму праваслаўныя, на іх думку, не маюць гэткай жа павагі да каталікоў. Прыезд святара Уладзіслава Завальнюка і мясцовага пробашча Юрыя Бараўнёва часова разрадзіў напружаную сітуацыю. “Я думаў, чаму сёння так цёпла, а тут вы свеціце як сонейкі”, - звярнуўся ксёндз Уладзіслаў да вернікаў. “Чаму б не паставіць тут і праваслаўны крыж. Будуць як брат і сястра”, - прапанаваў ён. Праваслаўныя правы Праваслаўныя не чулі прапановы ксяндза Завальнюка – трыццаць жанчын у хустках падыйшлі да месца падзей адразу пасля таго, як каталіцкія святары з’ехалі. Аргументы праваслаўнага боку выказаў настаяцель айцец Віктар Гмір. На яго думку, крыж у гэтым месцы нельга ставіць, бо каля яго могуць збірацца алкаголікі, якія набываюць віно ў краме, што праз дарогу. Святыня можа такім чынам апаганьвацца. Другі аргумент айца Віктара – што побач знаходзіцца яго дом. Чаму крыж не можа стаяць за дзвесце метраў ад дому бацюшкі, ён не патлумачыў. А шараговыя вернікі – каталіцкія і праваслаўныя – дадавалі свае аргументы. “На праваслаўную Пасху агонь у Ерусаліме загараецца”, - сказала адна жанчына, са злосцю ў голасе даказваючы правільнасць яе веры. “Хай палякі ў Польшчу едуць”, - гнеўна крычала іншая. Карэспандэнту “Вестак”, які працаваў на месцы падзеі, таксама дасталося. “Напішы хоць слова, мразь, я цябя унічтожу. Із псіхушкі всю жызнь не вылезеш”, - пагражала адна шчырая праваслаўная верніца. – “Я заяўлю ў КГБ”, - дадала другая. Праваслаўны святар спрабуе супакоіць людзей Праваслаўны святар увесь час спрабаваў супакоіць людзей. Ён казаў пра сваё добрае стаўленне да каталіцтва: “Я і таму і таму крыжу хрышчуся”. Нагадваў пра этыку і правы чалавека. Але пры гэтым змагаўся за права праваслаўных забараніць каталікам ставіць крыж. На яго думку, прымірэнне можа адбыцца толькі на ўмовах праваслаўнага боку. Часовае адступленне Сутыкнуўшыся з супрацівам праваслаўных, каталікі вырашылі адкласці ўстаноўку крыжа. Праваслаўныя гэтага не ведалі, таму жанчын сабраліся апалове на трэцюю пад крамай, чакаючы на ўстаноўку крыжа. “Мы змагаемся не таму, што крыж польскі, а таму, што ён будзе апаганьвацца”, - кажа жанчына з суседняй вёскі Ліпаўкі. Яна распавяла, што ў сваёй вёсцы разганяе мужыкоў, якія п’юць і лаюцца матам каля крыжа. А тым часам каталікі сабраліся на Імшу ў гонар свята Перамянення Гасподняга. Служыў і прапаведваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Ксяндзы выказалі шкадаванне, што паставіць крыж сёння не атрымалася. Сёння ж ксёндз Завальнюк асвяціў абразы чатырох евангелістаў, змешчаныя побач з алтаром у касцёле, а таксама паабяцаў прывезці ў Крулеўшчыну звон. Устаноўку крыжа адклалі да таго моманту, калі сітуацыя больш-менш супакоіцца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спроба паставіць каталіцкі крыж у цэнтры мястэчка Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне, натыкнулася на моцны супраціў праваслаўных. У выніку каталікі адклалі свае...
|
|