Пра нецвярозых кіроўцаў здымаюць "кіно"
12.08.2011
—
Новости Общества
|
А іх прозвішчы і месца працы абнародуюць у мясцовых газетах Пасля публікацыі артыкула "Нецвярозы за рулём. Што рабіць грамадству: перавыхоўваць альбо больш жорстка караць?", 23 ліпеня 2011 г.) аўтару патэлефанавала жанчына. Больш за дзесяць гадоў таму яна страціла сына ў аўтамабільнай катастрофе. Віноўнік жудаснай аварыі, п'яны кіроўца, застаўся жывы і ўжо адбыў пакаранне, знаходзіцца на волі, "а я ўсё плачу і плачу", кажа жанчына. На факс нашага гродзенскага карпункта прыйшоў і ліст за подпісам "Уладзімір Мікалаевіч, чытач "Звязды", кіроўца з 28-гадовым стажам". Вось яго думка па гэтай абрыдлай, але па-ранейшаму актуальнай тэме: "Мяне, як і аўтара артыкула, таксама шакіравала інфармацыя, што толькі за адзін дзень на дарогах краіны ДАІ затрымала 145 (?!) кіроўцаў у стане алкагольнага ап'янення. Гэта ўжо, лічу, не проста праблема, а нацыянальная катастрофа. Дзе ж яна, наша, як часта кажуць пра беларусаў, памяркоўнасць, асцярожны, узважаны падыход да ўласных учынкаў? Атрымліваецца, міф гэта. А на справе — хамства, якое ў сувязі з павелічэннем колькасці аўтамабіляў становіцца ўсё больш небяспечным для кожнага з нас, добрасумленных удзельнікаў дарожнага руху, нашых блізкіх. На адным з сайтаў кіроўца, якога на тры гады пазбавілі правоў, абураецца. Маўляў, за трынаццаць гадоў шафёрскага стажу ўчыніў толькі тры дробныя парушэнні і раптам — такое вельмі жорсткае пакаранне "за адзін праміле пасля піва". Тым больш што паехаў ён не абы-куды, а ў начную аптэку па лекі для дачкі, у якой была высокая тэмпература. Заўважце, якое рашэнне прымаецца ў гэтай экстрэмальнай сітуацыі. Бацька не выклікае "хуткую дапамогу", не едзе ў аптэку на таксі, а свядома сядае за руль у недазволеным для кіравання транспартным сродкам стане, цудоўна ведаючы, якімі санкцыямі гэта пагражае. І што, гэта лічыць геройскім учынкам дзеля дапамогі дзіцяці? А на ваша пытанне, што рабіць грамадству з нецвярозымі за рулём, адкажу так. Безумоўна, меры перавыхавання павінны быць. Але найбольш дзейсным выхаваннем з'яўляецца ўсё ж жорсткае пакаранне". Пры гэтым у Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі абверглі чуткі пра нейкія "планы па штрафах". У цэлым за першае паўгоддзе да адказнасці за розныя парушэнні прыцягнута на 13 тысяч кіроўцаў менш, чым летась. Аднак "п'яны" складнік працягвае ўзрастаць. Нагадаем, што цяпер за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым выглядзе заканадаўствам прадугледжаны штраф у памеры ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў на тры гады. А калі на працягу года пасля адміністрацыйнага пакарання зноў здзяйсняецца такое ж правапарушэнне, то штраф можа павялічыцца да 35 мільёнаў рублёў, а вадзіцельскія правы забяруць на пяць гадоў. Альбо — арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці папраўчыя работы да двух гадоў. "Наколькі мне вядома, у шэрагу краін пакаранне куды больш жорсткае. Прычым да двух ці трох не лічаць, а прадугледжана нават крымінальная адказнасць за першае ж знаходжанне за рулём "пад градусам". Мяркую, што і ў нас калі не першы, то ўжо другі "п'яны" выпадак павінен карацца не толькі штрафам, але і канфіскацыяй аўтамабіля з магчымасцю пажыццёвага пазбаўлення правоў", — лічыць Алег з Ваўкавыска, які таксама адгукнуўся на артыкул "Нецвярозы за рулём". Варта зазначыць, што з 12 жніўня ў Беларусі зніжаецца норма ўтрымання алкаголю ў крыві кіроўцы альбо ў паветры, што ім выдыхаецца. Паказаў алкатэст 0,3 праміле (а не 0,5, як было дагэтуль) — трэба раскашэліцца на штраф і развітацца з правамі на тры гады. Ці не пагражае гэта чалавеку, які сеў за руль пасля ўжывання таго ці іншага напою альбо нешта з'еўшы? Не, супакойваюць кіроўцаў на сайце Гродзенскай абласной ДАІ, эксперыментальна даказана, што пасля ўжывання шклянкі кефіру ці квасу доза праміле не перавысіць дазволены ўзровень. Чаго не скажаш пра бутэльку піва, на што часцей за ўсё спасылаюцца нецвярозыя кіроўцы. Дарэчы, варта канкрэтызаваць вышэйзгаданую лічбу (3200) затрыманых сёлета на Гродзеншчыне за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. Дык вось, з іх 1270 чалавек быццам нідзе не працавалі. — На самой жа справе, як высветлілася праверкай, амаль трэць з ліку тых, хто называўся беспрацоўным, у момант затрымання працавалі, у тым ліку і ў дзяржаўных органах. Проста схлусілі супрацоўнікам ДАІ, а тыя, у сваю чаргу, як трэба не праверылі, — паведаміў карэспандэнту "Звязды" пракурор аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Юрый Рамульт. Па ініцыятыве пракуратуры прозвішчы тых, хто раптам "забыў" месца сваёй працы, пачалі друкаваць у мясцовых газетах. Паведамяць і працадаўцам, каб яны задумаліся, ці патрэбны ім такія работнікі, якія ездзяць пад мухай. Ды і хіба ж не абразуміць рызыка застацца не толькі без правоў, але і без працы? Акрамя таго, звесткі пра нідзе не працуючых кіроўцаў, затрыманых за рулём у нецвярозым стане, будуць накіроўвацца ў падатковыя органы з мэтай удакладнення даходаў, што выкарыстоўваюцца на набыццё і аўтамабільнага паліва, і алкагольных напояў. А тым часам Гродзенская абласная Дзяржаўтаінспекцыя на сваім сайце прапануе "кіно" пра парушальнікаў на дарогах, якія асабліва вызначыліся сваёй нахабнасцю. У адным з эпізодаў гэтага "серыяла" пад назвай "Парушаеце? Вас здымаюць" нецвярозага кіроўцу спынілі ў цэнтры Смаргоні. Відэарэгістратар фіксуе, як з-за руля "Опеля" інспектар ДПС выводзіць маладога чалавека з яўнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення. Што і было пацверджана медыцынскім аглядам: 2,05 праміле алкаголю ў паветры, што выдыхаецца. Кіроўца з высновай урача пагадзіўся, але заявіў, што за рулём быў не ён, а нейкі незнаёмец. — А каго ж я тады даставаў з-за руля? — спытаў затрыманага інспектар ДПС. Байкі пра "незнаёмца" скончыліся толькі тады, калі кіроўцу паказалі відэафільм з яго удзелам. А неўзабаве — чарговы сюжэт з рэальнага жыцця, на гэты раз "у выкананні" нецвярозага матацыкліста, жыхара Лідскага раёна. Спачатку ён літаральна з пенай каля роту даказваў, што ў момант затрымання... ішоў пехатой. У бальніцы... закурыў, адмовіўся ад медыцынскага агляду, пагражаў супрацоўнікам ДАІ, а таксама быў незадаволены медперсаналам... Дарэчы, ён ужо не толькі бацька, але і дзед. Як глядзець у вочы дзецям і ўнукам, калі яны ўбачаць такое "кіно"? Так, хочацца спадзявацца, што найперш стане сорамна галоўным "героям" падобных фільмаў. А калі іх перавыхоўваць ужо позна, то хіба ж не будзе ўрок для іншых? Не? Тады будзьце гатовыя да самага жорсткага пакарання. Гэта не проста адміністрацыйныя меры ўздзеяння, а ахоўная рэакцыя грамадства ў дачыненні да тых, каму пляваць на элементарныя нормы жыцця. Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А іх прозвішчы і месца працы абнародуюць у мясцовых газетах Пасля публікацыі артыкула "Нецвярозы за рулём. Што рабіць грамадству: перавыхоўваць альбо больш... |
|