Нірвана... па-нашаму
12.08.2011
—
Новости Общества
|
Водпуск вырашыў правесці на дачы — з першага дня і па апошні. За гэты час думаў нешта намаляваць, закончыць трактат пра вечнае, а яшчэ трэба было падняць у хаце падлогу, якая асела ў адным куце... Адпачынак пачынаўся з панядзелка, але я, прыхапіўшы прадукты, прыехаў на лецішча ў нядзелю. Прайшоўся па агародзе, а затым разгарнуў кніжку "Багі лотаса". Вечнае заўсёды натыкаецца на рэлігію, і трэба было бліжэй пазнаёміцца з індуізмам і будызмам. Калі прачытаў з дзясятак старонак, падумаў: "А чаму б на час водпуску не заняцца медытацыяй? Пабыць у глыбокім роздуме, сканцэнтравацца на разважаннях пра вечнае — гэта сур'ёзная рэч". Але я палічыў патрэбным не спыняцца на разважаннях, а на працягу гэтых тыдняў не есці мяса і не раздушыць ніводнай казюлькі. Праз гэта дасягнуць нірваны (неіснавання, поўнага шчасця) наўрад ці ўдасца, але чаму б не паспрабаваць. На жаль, хапіла мяне ўсяго на два дні. У панядзелак толькі прачнуўся, як голас падаў сотавы. — Ты не забыў, што цыбулю трэба вынесці? — спытала жонка і пачала даваць указанні. Пасля гэтага думаць пра вечнае не выпадала, бо цыбуля ляжала ў хаце і сенцах. Вынес яе на сонца, а затым адварыў бульбы, і атрымаўся сняданак — бульба, агурок, памідор і кефір. Не дужа каб, але голаду не было. А потым падаўся да капусты і абарваў пажоўклае лісце, сабраў гуркі... А калі думаў, што ўсе ўказанні выканаў, мабільнік напомніў: "Не забудзь цыбулю перанесці на сонца, а то ўжо цень на яе падае". Летні дзень доўгі, але ў турботах праходзіць хутка. Аказалася, што на гатаванне абеду таксама патрэбен час. Паспрабаваў маляваць, але калі апошні раз браў у рукі пэндзаль? Вокіс хрому зацвярдзеў і охра залацістая таксама... Бліжэй да вечара прылёг і ўключыў транзістарны прыёмнік VЕF "SРІDОLА". Цікава, ці выпускаюць яго сёння ў Латвіі? А за савецкім часам гэта быў прыёмнік! Прабегся па хвалях і заўважыў, што рускамоўных перадач стала меней, а ў эпоху "імперыі зла" здавалася, што толькі і гучаў "вялікі і магутны". І толькі грэкі, як некалі, весяліліся. У краіне глыбокі крызіс, а спяваюць. Пад гукі сіртакі я і заснуў. На другі дзень, яшчэ на світанку, зазірнуў у цяпліцы — ніхто не ўлез. Памідоры наліваюцца, перац цяжкі, а гронкі вінаграду на дзіва — як лаза іх вытрымлівае? Дыні пачалі жаўцець, і кавуны вагу набіраюць... Ураджайны год, хоць давялося чуць, як скардзіліся, што туман бульбу і памідоры "з'еў". Год на год не выпадае, але расліна патрабуе любові і догляду, а гэта ніякімі малітвамі ды месячнымі календарамі не заменіш. Падаў голас Дзік. Бяздомны пёс-валацуга стаяў, уткнуўшыся пысай у веснічкі. Пакуль для сабакі варыў макарону з салам, гукнула электрычка і праз дзесяць хвілін з'явілася жонка. — І чым жа ты тут займаўся? — Медытацыяй. — Няма чаго рабіць, то я работу дам. А то ўсё гэта пустое — медытацыя, кама-сутра. — Ну не кажы. "Кама-сутра" (настаўленне па мастацтве кахання) была напісана ў ІІІ ст. да нашай эры паэтам і мудрацом Ватсаянам як гімн здароў'ю, адкрытасці і чысціні, якія заходняя культура страціла ў эпоху сярэднявечча. У Індыі ёсць храм, у якім знаходзяцца 900 скульптур і гарэльефаў, якія працяты гарачай і вясёлай эротыкай — гэткае каханне ў каменні. Паглядзець на тыя выявы едуць турысты з усіх канцоў свету. Нам бы такі храм, і не патрэбны былі б аграсядзібы. Пра гэта можна было б шмат гаварыць, але з агарода вярнулася жонка. — Ну як ты агуркі збіраў? Зірні, што вырасла. А на баклажаны жук напаў. Жонка трымала некалькі гуркоў, якія выраслі да памеру кабачкоў, але сярод лістоты хіба ўсе гуркі знойдзеш? — Ты ж хацела пасадзіць чатыры радкі, — напомніў я. — А каб не ўрадзіла? Пасадзілі ўсяго два, а гуркамі заставілі падвал у гаражы, дзясятак слоікаў стаіць на дачы, тры кашы аддалі знаёмым, яшчэ кош самых вялікіх з'еў конь суседа, а гуркі ўсё растуць. Пайшоў разбірацца з каларадскімі жукамі — гэта ўжо маладое пакаленне аблюбавала лісце баклажанаў. Вось і паспрабуй не пакрыўдзіць ніякай жывой істоты. Гэта індус можа марлевай павязкай прыкрыць рот і ведаць, што нават мошка не загіне на яго зубах. Калі хрысціянскае "не забі" датычыцца толькі чалавека, то ў індуізме жыццё любой істоты святое. Жукоў я сабраў у бутэльку з-пад піва з намерам выпусціць іх за вёскай і пайшоў капаць граду пад дайкон. Капаю, а жонка побач праполвае клубніцы і разважае: — Пры любым раскладзе з голаду не памром. — Не, не памром. — Сустрэла Наташу Харытонаву, а яна пытае: "Таццяна Пятроўна, долары ў абменніках будуць? Вунь атрымалі зарплату, а што з грашыма рабіць?" — Перадай Наташы, што долары ў абменніках будуць, калі ў яе грошай на іх не будзе. — А крызіс калі скончыцца? — Ніколі. Гэта назаўсёды. — Як назаўсёды? — А таму, што жыццё само па сабе ўжо крызіс. Калі прытрымлівацца ўстановак Буды, то кожнае новае перараджэнне — гэта новыя пакуты. А прычына нашых пакут — жаданне, якое толькі ўзрастае пры яго задавальненні. — Надакучыла тваё... Я пытаюся, як жыць далей? — Буда перад смерцю сказаў: "Будзьце самі сабе свяцільнямі. На сябе адных спадзявайцеся. І няхай вучэнне будзе вам светачам". А гэта да таго, што мы якраз на сябе і спадзяёмся. Бачыла, колькі людзей едзе ў электрычцы з кошыкамі, каляскамі — яны таксама на сябе спадзяюцца. Дарэчы, што з памідорамі рабіць будзем і з вінаградам?— Памідоры на лустачкі і ў маразільнік, а вінаград есці будзем. — Аб'ясіся. — Пусцім на кампот — гэта ўжо не твой клопат. І тут я ўбачыў, што пад рыдлёўку трапіў чарвяк і... папалам. Хацеў хоць крыху пабыць індусам, ды на табе! Чарвяка задушыў — сваю Карму сапсаваў. Пад абед неба пачало хмурыцца, і жонка, прыхапіўшы памідоры, заспяшалася да электрычкі. Пасля працы з рыдлёўкай я паставіў на вуголле патэльню з салам, а калі яно пачало скварчэць, паклаў скрылікі цыбулі, затым нарэзаў памідор, разбіў два яйкі, пасыпаў кропам з пятрушкай і дастаў бутэльку віна. Свайго, якое гадоў пяць прастаяла ў склепе. Каб адчуць нірвану, многа не трэба. Галоўнае — дасягнуць душэўнай раўнавагі. Ты ўсіх і ўсё любіш і здаецца, што цябе таксама. Гэта індус можа прастаяць трыццаць гадзін на адным месцы, за гэты час ні разу не прысеўшы і не прылёгшы, ці два гады прасядзець замураваным у пячоры, але гэта ўжо асобная размова. Калі наш чалавек спяшаецца ад электрычкі з двума вёдрамі памідораў, то ідзе падскокваючы, яшчэ крыху — і, здаецца, узляціць. А калі ў цябе памідоры цягнуць пад 700 грамаў (толькі што з імі рабіць?), а гронкі вінаграду (які на рынку па 18 тысяч) — пад кілаграм, калі перац — па трыста грам, а капуста, бульба, буракі... то ты ўжо на мяжы нірваны. А крызіс? Думаю, што ён узнік у нашых галовах. Як толькі ў іх праясніцца — крызіс знікне. Прынамсі, крызіс гэты нельга разглядаць толькі як фінансава-эканамічны. Сымон Свістуновіч. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Водпуск вырашыў правесці на дачы — з першага дня і па апошні. За гэты час думаў нешта намаляваць, закончыць трактат пра вечнае, а яшчэ трэба было падняць у хаце... |
|