Беларускія праварадыкалы. Якія лозунгі яны выкрыкваюць на мітынгах?. 21.by

Беларускія праварадыкалы. Якія лозунгі яны выкрыкваюць на мітынгах?

20.08.2011 09:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускія праварадыкалы. Якія лозунгі яны выкрыкваюць на мітынгах?


У папярэдняй частцы журналісцкага расследавання мы расказалі аб праявах неанацызму на футбольных трыбунах. І барацьбе з гэтай з'явай.

Але футболам беларускія праварадыкалы не абмежаваліся. Хтосьці з іх пачаў адкрыта мітынгаваць прама на беларускіх вуліцах. А на некаторых беларускіх ультраправых сайтах вывешваюцца інструкцыі для "байцоў": як вырабляць агітацыйную прадукцыю і якімі сродкамі самаабароны карыстацца.

Пра ўсё гэта ў журналісцкім расследаванні "Звязды".
 
 
АФІЦЫЙНА
"Законных падстаў адмены мерапрыемства не было"
— Мерапрыемства было дазволена. Усе дакументы падаваліся ў адпаведнасці з заканадаўствам. Месца правядзення было вызначана рашэннем гарвыканкама, — паведаміў журналісту "Звязды" Андрэй КУНЦЭВІЧ, кіраўнік упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама. — Законных падстаў для адмены мерапрыемства не было. Удзел у ім прыняло 16 чалавек. Гэтая колькасць, як я лічу, сведчыць пра нізкую папулярнасць ідэй, якіх прытрымліваюцца арганізатары. Падобныя групоўкі трымаюцца пад кантролем.
 
Так выглядаў "Славянскі марш" у Магілёве.
Інфармацыя пра гэтую беспрэцэдэнтную падзею ўпершыню друкуецца на старонках беларускай прэсы.
 
17 ліпеня гэтага года ў Магілёве адбыўся так званы "Славянскі марш". Відэа з гэтага мерапрыемства выкладзена ў інтэрнэт (на карцінку накладзена музычная кампазіцыя са словамі <І>"Выше знамёна, теснее ряды, эра России грядет..." ).

На відэа добра відаць, як маладыя людзі, размахваючы так званымі бела-жоўта-чорнымі імперскімі сцягамі, прайшліся па вуліцы Мянжынскага ў Магілёве. Спераду калоны транспарант — "Русские — вперед!".

Многія лозунгі, якія выкрыкваліся мітынгоўцамі на "Славянскім маршы", вы пачуеце на любым матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Напрыклад, "Пока мы едины — мы непобедимы".

Але гучалі і палітычныя "крычалкі" кшталту "Слава Руси". А гэта, дарэчы, улюбёны вокліч актывістаў забароненай у Расіі экстрэмісцкай арганізацыі "Славянский союз". І некаторых іншых расійскіх праварадыкальных груповак кшталту РНА.

У інтэрнэце змешчаны відэазварот арганізатара "Славянскага маршу" Дзмітрыя Д.
Малады чалавек, коратка пастрыжаны, у майцы з надпісам "Православие или смерть", называе Беларусь "краем" і "Заходняй Руссю".

"Будем надеяться, что "Славянский марш" станет тем толчком, который вызовет пробуждение славянского духа в нашем крае и станет началом славянского возрождения на территории Западной Руси. Слава Руси!" — палымяна звяртаецца "змагар" да сваёй мэтавай аўдыторыі.

Бела-жоўта-чорны штандар, якім размахвалі на "Славянскім маршы", напэўна, збянтэжыць любога абазнанага ў гісторыі чалавека.
 
Гэта афіцыйны сцяг Расійскай імперыі; сімвал у 1883 годзе страціў свой статус. Тым не менш сёння гэта улюбёны сцяг расійскіх праварадыкалаў, якія ўтапічна мараць пра тое, што ўсе славянскія землі, дзе будзе панаваць толькі руская мова, некалі аб'яднаюцца. Суверэнітэт Беларусі і Украіны асобы з такімі поглядамі звычайна адмаўляюць. Для іх існуе толькі "вялікая Русь" з цэнтрам, натуральна, у Маскве.

Ультраправыя СМІ пра "Славянскі марш": "Возле них прошел негр, но на части его не порвали..."

На старонцы арганізатара магілёўскага "Славянскага маршу" Дзмітрыя Д. у сацыяльных сетках я пабачыў некаторыя фотаздымкі, якія лішні раз пацвярджаюць ультраправыя погляды гэтага чалавека.

У фотагалерэях, напрыклад, вывешаны фотаздымак з надпісам "Смерть ж..." і плакат "Россия или Смерть" (правапіс захаваны). На гэтым плакаце — свастычная эмблема ваенізаванай арганізацыі "Рускае нацыянальнае адзінства" (РНА), прызнанай у Расіі экстрэмісцкай.

Што паказальна, праз узгаданую інтэрнэт-старонку арганізатара "Славянскага маршу" ажыццяўляецца рэклама "сустрэч" гэтай праварадыкальнай арганізацыі ў Магілёве.

Удзельнікі ўльтраправых шэсцяў не хаваюць свае антысеміцкія і расісцкія погляды. На міжнародным ультраправым інтэрнэт-партале Slаvіс Unіtу, дзе асвятляўся "Славянскі марш" у Магілёве, напісалі пра такі інцыдэнт: "Но не обошлось и без провокаций... Во время сборов участников возле них прошёл негр... но никто не подался на провокацию и на части его не порвали..." (пунктуацыя і арфаграфія захавана).

Каб не рабіць праварадыкалам лішняй рэкламы, падкрэслю, што ўдзел у так званым "Славянскім маршы", прыняла смешная купка людзей — паўтара дзясятка.

Магілёўскі відэазапіс заканчваецца наступнай аб'явай:
"Скоро повторный славянский марш в Могилеве — 18 сентября 2011 года".

Неанацысты з РНА хваляцца, што правялі ў Беларусі "палявыя зборы"

За выключэннем "Славянскага маршу", праварадыкалы зрэдку ладзяць у Беларусі адкрытыя вулічныя акцыі. Аднак апошнім часам некаторыя групоўкі актывізаваліся ў інтэрнэце.

Напрыклад, экстрэмісцкая групоўка "Рускае нацыянальнае адзінства" спрабуе сёння арганізаваць у Беларусі свае паўнавартасныя філіялы. У іх беларускай інтэрнэт-суполцы, створанай на сайце vkоntаktе.ru, удзельнічае больш за 300 чалавек. Тут праварадыкалы не баяцца рэкламаваць свае сустрэчы. Напрыклад, у тым жа Магілёве прапаноўваюць збірацца па нядзелях каля аднаго з гатэляў, у Гродне — ля помніка на адной з цэнтральных вуліц...
 
 


Адзін з актыўных удзельнікаў суполкі запрасіў журналіста "Звязды" на мінскую сустрэчу, якая мелася адбыцца на Востраве мужнасці і смутку, што ля Траецкага прадмесця. Маўляў, ствараецца і мінскі філіял РНА. Але ў прызначаны час (12 гадзін дня ў нядзелю) на месца збору, апроч заканспіраванага журналіста, ніхто не прыйшоў.
 
Ніхто не з'явіўся тут і праз тыдзень. У інтэрнэт-суполцы РНА адміністратары жаляцца, што сталіца — гэта пакуль праблемная зона, і наладзіць тут паўнавартасны філіял складана.
 
І дзякуй Богу. Бо ад мэтаў, якія перад сабой ставіць РНА, у любога нармальнага чалавека валасы на галаве становяцца дыбарам.
 
Удзельнікі групоўкі нашываюць на адзенне свастычную эмблему. Вітаюцца, ускідваючы правую руку, як эсэсаўцы.
 
Такія неанацысцкія схільнасці расійскі сайт РНА тлумачыць наступным чынам:
"Наши черные рубашки и военизированная форма — это национальный волевой акт, свидетельство добровольного отказа от суетных удовольствий и забот ради высшей цели — освобождения России".

Усе рэлігіі, апроч праваслаўя, шавіністы з РНА лічаць варожымі. Вось што журналісту "Звязды" напісаў так званы "піцерскі камандзір" групоўкі Аляксандр Грушын, які і падказаў кантакты аднадумцаў з Беларусі:

"Мы православные христиане. Католицизм считаем ересью. Свастика — это знак всех народов планеты и очень широко распространена в мире и по сей день. Просто ж... из неё сделали пугало для народов, и сделали потому, что это очень сильный мистический символ".

На некаторых расійскіх сайтах сябры РНА хваляцца, што ўжо паспелі ўлетку 2011 года правесці ў беларускім лесе так званыя "палявыя зборы аддзяленняў Беларускай рэгіянальнай арганізацыі РНА", выставілі фотаздымкі з гэтых збораў. На фота некалькі малойчыкаў у плямістай уніформе цацкаюцца з палотнішчам, на якім намаляваны свастычны сімвал арганізацыі — калаўрот. Дарэчы, адзін з удзельнікаў знешне неверагодна падобны на арганізатара "Славянскага маршу" ў Магілёве. Хоць на 100% гэта сцвярджаць не будзем — фотаздымкі выстаўлены ў малым памеры і іх экспертызу мы не праводзілі.
 
Сябры РНА не хаваюць сваіх ваяўнічых намераў. Вось што мне напісаў Павел А., удзельнік беларускай інтэрнэт-суполкі гэтай арганізацыі: "Мы не субкультурная группа, мы военизированная организация с жёсткой дисциплиной и уставом, с чёткими целями и методами их достижения..."

І дай Бог, каб нехта з гэтай "ваенізаванай арганізацыі" каго-небудзь калі-небудзь раптоўна не падстрэліў...
 
Інструкцыі для праварадыкальнага "байца"
Якой зброяй карыстацца? Як прадукаваць агітацыйныя матэрыялы? Што рабіць, каб не праслухоўвалі мабільны тэлефон? Такія інструкцыі я знайшоў на адным з сайтаў праварадыкальнай беларускай арганізацыі АНБ (Аўтаномныя нацыянал-бальшавікі).
 
Напрыклад, для самаабароны тут раяць карыстацца аэразольнай прыладай "Удар", якая для неабазнанага чалавека выглядае даволі пагрозліва — дзяржальна ад пісталета.
 
Тут жа, на сайце групоўкі, навіны аб іх дзейнасці ў Беларусі і Расіі. Вось допіс пра пікет у Пензе, вось — пра беларускую акцыю ў падтрымку серба Раткі Младзіча, якога Гаагскі вайсковы трыбунал абвінаваціў у генацыдзе. А вось графіці супраць беларускай ліберальна-дэмакратычнай апазіцыі на сценах нашых будынкаў.
 
Удзельнікі групоўкі называюць сябе "байцамі" а так званая "эмблема АНБ", на першы погляд, створана па матывах гітлераўскай свастыкі.
Неанацысцкае спалучэнне лічбаў і "Літара Одзіна" на майцы ў адміністратара інтэрнэт-суполкі "Славянский союз/Рогачев".
 
Дарэчы, інтэрнэт-сайт групоўкі аформлены ў колерах бела-жоўта-чорнага імперскага сцяга, з якім мітынгавалі ў Магілёве ўдзельнікі "Славянскага маршу".
 
Лозунгі, якімі карыстаюцца адміністратары суполкі, такія ж, як і ў іншых расійскіх праварадыкалаў — "Слава нацыі!", "Слава Русі" і г.д.
 
Праўда, тут ужо прапаноўваюць выкарыстоўваць і новы лозунг: "Слава Белай Русі". Цікава, што некаторыя прадстаўнікі АНБ называюць Беларусь "адзінай і непадзельнай".

Але не ўсе. Такія вось нелагічныя разыходжанні ў поглядах.

Суполка АНБ у сацыяльнай сетцы vkоntаktе.ru налічвае больш за 6000 (!) чалавек. Хоць далёка не ўсе яе ўдзельнікі — беларусы, і, па ўсім відаць, далёка не ўсе — сапраўдныя "байцы".
 
У суполцы хапае фотаздымкаў так званай "агітацыі АНБ", накіраванай у тым ліку і супраць п'янства, наркатызацыі. Але дастаткова і неанацысцкіх праяў.

Напрыклад, разглядаючы інтэрнэт-сайт, я наткнуўся на фотаздымак, які падпісаны "агітацыя ў Бабруйску". На ім — падлетак, стоячы ля дарожнага знаку, ускідвае руку ў стылі эсэсаўца. На дарожным знаку — свастычная эмблема групоўкі.
 
Па словах адміністратара інтэрнэт-суполкі АНБ Алега С., з якім мне ўдалося паперапісвацца, групоўка арганізавалася не ў Расіі, а ў Беларусі.
 
Так групоўка АНБ праводзіць сваю "агітацыю".
Алег С.: "Первоначально АНБ зародилась в Минске, а потом уже появились отделения и в России. Мы — национал-революционное движение. Организация разбита на сеть автономных групп, которые координируют свою деятельность, чтобы властям сложнее было их подавить".

Дарэчы, на ўласнай старонцы адміністратара суполкі Алега С. я пабачыў фотаздымкі фанацкіх шалікаў "Дынама-Мінск" з кельцкімі крыжамі. Таму не выключана, што нехта з удзельнікаў групоўкі з'яўляецца праварадыкальным футбольным фанатам.

Цікава, што сам Алег С. аказаўся даволі спрытным маладым чалавекам: надзвычай паспяхова раскручвае сваю групоўку ў сацыяльных сетках, піша без памылак, не дазваляе сабе хамства і валодае замежнымі мовамі.

Падобна на тое, што далей за налепкі на слупах і хуліганскія графіці арганізацыя пакуль не пайшла. І добра.
***
У інтэрнэце хапае і больш дробных за АНБ праварадыкальных груповачак, удзельнікі якіх з задавальненнем выкідваюць "зігі" і ганарліва, не хаваючыся, рэкламуюць свастычныя сімвалы.
 
Возьмем, напрыклад, забаронены ў Расіі экстрэмісцкі рух "Славянскі саюз". Гэтыя праварадыкалы таксама маюць "прадстаўнікоў" у беларускім інтэрнэце.

Суполка "Славянскі саюз/Рагачоў", таксама размешчаная ў сацыяльнай сетцы vkоntаktе.ru, налічвае пад 300 удзельнікаў. Далёка не ўсе сярод іх — беларусы.
 
Кіраўнік суполкі, 21-гадовы Канстанцін М., выстаўляе на старонцы і хатні, і мабільны тэлефоны.

Аглядаю фотаздымкі, на якіх пазіруе гэты малады чалавек. Вось у фотагалерэях хлопца выстаўлены плакат з намаляваным эсэсаўцам, які размахвае палотнішчам, на якім свастыка. Вось Канстанцін пазіруе фатографу ў электрычцы — у снежна-белай майцы, на якой неанацысцкія лічбы 14/88 і так званая "Літара Одзіна", што сімвалізуе арыйскае паходжанне.
 
У інтэрнэт-размовах Канстанцін таксама паказвае, што гатовы за ідэю пайсці на радыкальныя крокі.

Вось што ён адказвае на маё пытанне пра сваю рагачоўскую групоўку: "Любопытство доведет до синяков".

Сярод удзельнікаў інтэрнэт-суполкі "Славянскій союз/Рогачев" і сярод сяброў гэтых удзельнікаў я літаральна за гадзіну знайшоў дзясяткі, а то і сотні старонак беларускіх карыстальнікаў, якія адкрыта дэманструюць неанацысцкія сімвалы, акрэсліваюць свае праварадыкальныя погляды. Гэта маладыя людзі з усіх абласных цэнтраў, а таксама жыхары Ушачаў, Полацка, Оршы, Бабруйска, Рагачова і многіх іншых беларускіх мястэчак.
Наўрад ці гэтыя людзі адкрыта дэманструюць свае погляды на вуліцах, але іх інтэрнэт-пазіцыя дае падставы для роздумаў.
 
Адкуль у Беларусі ўзялася праварадыкальная мода?

Як вядома, праварадыкалы вызначаюцца антысемітызмам — абвінавачваюць яўрэяў ва ўсіх смяротных грахах: у сусветнай змове, у нападах на хрысціянства і гэтак далей.
 
У Якава БАСІНА, гісторыка і праваабаронцы з міжнародным іменем, вядомага прадстаўніка яўрэйскай дыяспары ў Беларусі, мы пацікавіліся, ці фіксуюцца ў нашай краіне праявы антысемітызму? Аказваецца, фіксуюцца.
 
Напрыклад, не так даўно, у снежні 2010 года, невядомыя распісалі неанацысцкімі сімваламі пад'езд дома, дзе жыве спадар Якаў. На дзявярах ліфта і на вокнах намалявалі свастыкі і неанацысцкія лічбы — 14/88.
 
Да гэтага неаднойчы падобныя графіці з'яўляліся на сцяне будынка, што стаіць акурат насупраць балкона Якава Басіна. Зняважлівыя карыкатуры на гісторыка распаўсюджваліся ў інтэрнэце, а на сценах Ізраільскага культурна-асветніцкага цэнтра, да якога гісторык мае непасрэднае дачыненне, яўрэям пагражалі надпісам "Бей ж...".
 
— Калі гаварыць пра антысемітызм з боку радыкалаў, то ёсць некалькі балючых месцаў, — аналізуе спадар Якаў. — Па-першае, гэта напады на помнікі ахвярам нацызму. Адзін з іх у Брэсце (помнік вязням яўрэйскага гета. — Я. В.). Наколькі я памятаю, не было яшчэ ніводнага дня Перамогі, каб на помніку не напісалі розную гідоту. Некалькі гадоў таму былі выпадкі вандалізму на нашай "Яме" (мемарыял у сталіцы, тут у гады Другой сусветнай вайны фашысты знішчылі каля 100 тысяч яўрэяў. — Я. В.). Неаднаразова спусташаліся яўрэйскія могілкі. Так, на Старапакроўскіх могілках у Віцебску колькі гадоў таму скралі бюст славутага мастака Пэна, настаўніка Марка Шагала...
 
— Але ўсё ж праявы антысемітызму ў нас не такія і частыя...

— Беларусь заўжды вылучалася талерантнасцю агульнага насельніцтва. Таму што вялікая верацярпімасць, якая была закладзена яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага, цягнецца да сёння.
 
Затое Беларусь у свой час была генератарам ідэалагічнага антысемітызму. Напрыклад, з Інстытута філасофіі і права НАН выйшлі некаторыя прадстаўнікі прарасійскага шавіністычнага лобі, аўтары вядомых кніг, якія прапаведвалі ідэалогію антысемітызму, — спадар Якаў пералічвае некаторых тутэйшых, але "ісцінна рускіх" навукоўцаў. — Яшчэ тры гады таму выйшла кніга аднаго з такіх аўтараў — відавочна неанацысцкае выданне. Але за апошнія гады два ў беларускай прэсе, на тэлебачанні, радыё ідэалагічнага антысемітызму няма. Прынамсі я гэтых праяў не бачу.
 
— Адкуль, на вашу думку, у параўнальна талерантнай Беларусі раз-пораз узнікаюць праявы рэлігійнай нецярпімасці, радыкалізму?..

— Аснова гэтай з'явы ляжыць у працэсе русіфікацыі. Таму што беларускага нацыянальнага шавінізму не існуе. Яшчэ кіраўнік акупаванай фашыстамі Беларусі Вільгельм Кубэ ў ліпені 1941 года пісаў данясенне ў Берлін пра тое, што ніяк не ўдаецца справакаваць насельніцтва на яўрэйскія пагромы.
 
І да рэвалюцыі, калі тут пагромы былі, яны ладзіліся не тутэйшымі людзьмі, а "лятучымі атрадамі" чарнасоценцаў (палітычны рух у Расійскай Імперыі, які вызначаўся прыхільнасцю да манархічных і антысеміцкіх ідэй. — Я. В.).
***
Рыхтуючы гэтае журналісцкае расследаванне, я спрабаваў знайсці беларускіх навукоўцаў, якія прафесійна вывучаюць праварадыкальныя рухі. Але ні ў Акадэміі навук, ні на гістарычным факультэце БДУ, ні ў іншых навучальных установах такіх спецыялістаў не знайшлося.
 
— Тэма не карыстаецца папулярнасцю, ніхто па ёй не абараняе навуковыя работы. Праварадыкальныя групоўкі ў Беларусі не ўяўляюць сабой палітычнай сілы. Гэта звычайная прыдуркаватасць падлеткаў, — выказаў меркаванне адзін аўтарытэтны спецыяліст з Акадэміі навук.

Асабіста мне цягам падрыхтоўкі гэтага расследавання падалося, што наша грамадства недаацэньвае магчымасці беларускіх праварадыкалаў. Так, беларускія ўльтраправыя перасталі збіваць замежнікаў, неанацызму на нашых стадыёнах амаль няма, прафашысцкія графіці малююцца зрэдку. Але колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, якія адкрыта дэманструюць свае праварадыкальныя погляды, спробы арганізаваць філіялы экстрэмісцкіх арганізацый — усё гэта нельга пакідаць без увагі.
 
Бо дзе гарантыя таго, што ў зручны момант прадстаўнікі праварадыкальных груповак не рушаць на беларускія вуліцы праводзіць чарговыя "маршы", у канцэпцыю якіх суверэнітэт Беларусі ніяк не ўпісваецца? Ці не ўчыняць раптоўную страляніну, як гэта зрабіў нарвежскі экстрэміст Брэйвік?..

Р.S.
Факты, прыведзеныя ў гэтым матэрыяле, пацвярджаюцца фота-, відэа- і аўдыёматэрыяламі.

Напады расістаў на замежных студэнтаў летась не фіксаваліся

Яшчэ ў 2003 годзе студэнты-замежнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (БДМУ) ладзілі пікет, на якім патрабавалі "абараніць іх ад расісцкага пераследу". У 2009 годзе ў сталіцы праварадыкалы ледзь не зарэзалі студэнта-туркмена з БДУ.

Ці здараліся напады на замежных студэнтаў у мінулым годзе? Па гэту статыстыку мы звярнуліся ў беларускія ўніверсітэты, дзе навучаецца шмат замежнікаў.

— Апошнія гады мы жывём спакойна. Мэтанакіраваных нападаў на нашых студэнтаў няма, — распавядае пра сваіх выхаванцаў дэкан медыцынскага факультэта замежных навучэнцаў БДМУ Эдуард ДАЦЭНКА. — Здаралася, што замежных студэнтаў білі ў твар на дыскатэцы. Дзесьці, можа, былі канфлікты з-за дзяўчат. Але нападаў на расісцкай глебе не было.
 
Каля трох гадоў таму ў Гомелі збівалі замежных студэнтаў медуніверсітэта, грамадзян Індыі і Емена. Але, як паведамілі журналісту "Звязды" ў гэтай установе, мінулы год быў спакойны, сур'ёзна канфліктавалі паміж сабой толькі два студэнты-туркмены. У адносным спакоі навучальны год правялі і студэнты віцебскага медуніверсітэта.
 
 
 
Теги: Минск, Могилев
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У папярэдняй частцы журналісцкага расследавання мы расказалі аб праявах неанацызму на футбольных трыбунах. І барацьбе з гэтай з'явай. Але футболам беларускія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика