Як выжывае беларускамоўнае кнігавыдавецтва. 21.by

Як выжывае беларускамоўнае кнігавыдавецтва

24.08.2011 15:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як выжывае беларускамоўнае кнігавыдавецтва

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY


У 2010 годзе выдавецтвы розных формаў уласнасці Беларусі выдалі 11040 найменняў кніг і брашур агульным накладам 43,14 млн асобнікаў. З іх па-беларуску выйшла 951 кніга і брашура накладам 4 млн асобнікаў, што ў параўнанні з папярэднім годам менш па назвах на 12,3%, па накладзе — на 24%. Паводле статыстыкі Мінінфармацыі, беларускамоўная літаратура займае 8,6% у агульнай колькасці выпушчанай у краіне выдавецкай прадукцыі і 9,3% у яе агульным накладзе. TUT.BY пацікавіўся ў экспертаў, як сітуацыя ў беларускамоўным кнігавыдавецтве выглядае з сярэдзіны.

“У кнігарні здаецца, што мы жывем у беларускамоўнай краіне”

Прыватнае мінскае выдавецтва “Логвінаў”, якое спецыялізуецца на беларускамоўнай літаратуры, працуе на рынку кнігадрукавання ўжо 11 год. За гэты час у яго сценах было падрыхтавана больш за 600 найменняў сур’ёзнай літаратуры.

“Мы цалкам усведамляем, што сітуацыя ў краіне з выданнем беларускамоўнай літаратуры вельмі кепская, але асабіста ў нас усё добра: гэта наша спецыялізацыя і душэўная прыхільнасць. Таму 80% літаратуры, што выдаецца менавіта ў “Логвінаў”— па-беларуску”, — распавядае TUT.BY арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ”, якая існуе пры выдавецтве, Павал Касцюкевіч.

Сярэдні наклад іх кніг — ад 500 да 1000 асобнікаў. Аднак апошнім часам папулярнасць набываюць і міні-наклады (200-300 асобнікаў). Пры гэтым рэнтабельнасць кнігі пачынаецца ад 1000 асобнікаў. За кошт чаго выжывае выдавецтва?

“Апошнія гады мы выпускаем каля 30 адзінак сур’ёзнай літаратуры на год. Гэта кнігі, выданне якіх мы фінансуем цалкам ці часткова, — кажа Касцюкевіч. — Апроч таго да нас звяртаецца нямала людзей і арганізацыяў, якім трэба выдаць нешта сваё за ўласныя грошы. Гэта можа быць і зборнік вершаў, і буклет пэўнага прадпрыемства. У дзяржаўным выдавецтве з імі або адмаўляюцца працаваць праз немэтазгоднасць або могуць паставіць у чаргу на год-два. Мы ж пры поўнай аплаце накладу выдаём за пару месяцаў. Агулам атрымліваецца недзе 30-40 такіх аплачаных выданняў штогод. Прычым, як ни дзіўна, падчас крызісу колькасць ахвочых убачыць сваё імя на вокладцы ў прафесійным выдавецтве не толькі не зменшылася, а нават і павялічылася”.

Па словах прадстаўніка “Логвінава”, калі выдавецтва працуе ў плюс, то створаная пры ім кнігарня пакуль змушаная выжываць.

“Кнігарня “логвінаЎ” — ці не адзіная ў Мінску, дзе беларуская літаратура не загнаная ў загончык адной кніжнай паліцы. Недзе 75% кніг, што мы рэалізуем — па-беларуску. Найперш іх набываюць нацыянальна арыентаваныя чытачы, якія цікавяцца гістарычнай, адраджэнскай, альбо традыцыйнай (напрыклад, паганства, хрысціянства) літаратурай. Ёсць рафінаваныя аматары беларускай паэзіі. Ёсць моладзь, якая хоча чытаць прозу, але пра прыгоды не маскоўскіх, а мінскіх літаратурных герояў. Таму часам у сценах кнігарні складаецца ўражанне, што мы жывем у іншай краіне — беларускамоўнай, — дзеліцца Павал Касцюкевіч. — Канечне, гэта мэтавая аўдыторыя, а не выпадковыя людзі. З аднаго боку, мы месцімся ў цэнтры горада і плацім завоблачную арэнду, з іншага — да нас прыязджаюць з усёй краіны”.

Паводле арт-дырэктара кнігарні “логвінаЎ”, калі цяперашні крызіс амаль не адбіўся на працы выдавецтва, то прадаваць кнігі стала складаней: “На пачатку крызісу мы ўзнялі цэны не ў два разы, як адбылося з расійскімі кнігамі, а працэнтаў на 40. Вырашылі ўзяць колькасцю. Ці ўгадалі, стане зразумела бліжэй да зімы, бо закляты вораг беларускага гандлю кнігамі — не эканамічныя крызісы, а лета, мёртвы сезон”.

“У кожнай беларускай кнігі — 500 гарантаваных чытачоў”

Штогод у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіць 80-90 назваў кніг, 90% з якіх — на беларускай мове.

Па словах галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры” Віктара Шніпа, толькі нязначная доля гэтых выданняў на 100% фінансуецца дзяржавай. Максімум 7-8 кніг з серыі “Школьная бібліятэка” штогод. Некаторыя кнігі датуюцца з дзяржбюджэту часткова — да 40%. Аднак ужо амаль 60% выданняў “Мастацкай літаратуры — самаакупныя.

“Раней было страшна падумаць, як выпусціць кнігу без датацый. Але з кожным годам падтрымка змяншаецца, і мы навучыліся арыентавацца на чытацкі попыт і асаблівасці кніжнага рынку, — распавядае Віктар Шніп. — Асноўную масу нашай літаратуры складаюць серыйныя выданні “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Паэзія і проза 20-21 стагоддзяў”, “Казкі 21 стагоддзя”.

Наклады кніг, што выходзяць у дзяржвыдавецтве, на парадак вышэйшыя за прыватныя. Гэтак, паэзія ў “Мастацкай літаратуры” выдаецца ў сярэднім па 1000-1500 асобнікаў, проза і кнігі для дзяцей — 2000-3000. Аднак і асноўны пакупнік накладу — бібліятэкі.

“Калі браць продаж у кнігарнях, то тут наша статыстыка адпавядае накладам прыватных выдавецтваў. То бок, мы дакладна ведаем, што нашу кнігу гарантавана купяць 300-500 чалавек, — тлумачыць Віктар Шніп. — Павелічэнне гэтых лічбаў залежыць ужо не столькі ад выдавецтва (наша справа — аформіць) і рэкламы, колькі ад самога прадукту і аўтара, які павінен мець харызму і здольнасць прапіярыць кнігу. Пры СССР у нас было 300 пісьменнікаў, кожны з якіх друкаваўся. Цяпер жа выдаюць толькі тых, хто працуе вельмі сур’ёзна. Увогуле ў краіне не больш за 10 літаратараў, якія могуць рэалізаваць 2000-3000 асобнікаў без датацый і бібліятэк. Паміж чытачом і пісьменнікам існуе нябачная сцяна”.

Агульную сітуацыю ў беларускамоўным кнігавыдавецтве суразмоўца характарызуе як “стабільную — ні дрэнную, ні выдатную”.

“Апроч дзяржаўных існуе багата прыватных выдавецтваў. Няхай кнігі там выходзяць невялікімі накладамі, але яны разыходзяцца, а значыць, маюць аўдыторыю. Калі казаць пра попыт з боку чытачоў, цікавасць да беларускамоўнай літаратуры паменшылася гадоў 10 назад. Ад таго часу яна пакрышку расце. Да людзей прыходзіць разуменне, што культурны чалавек у Беларусі павінен ведаць беларускую літаратуру”, — адзначае Віктар Шніп.

З назіранняў эксперта, на пачатку 2000-х існаваў вялікі чытацкі інтарэс да дэтэктываў, напісаных па-беларуску. Цяпер ён зменшыўся, калі не знік зусім. Найбольшым жа попытам традыцыйна карыстаецца дзіцячая літаратура, а таксама творы класікаў — Караткевіча, Быкава... Наклады такіх выданняў прадаюцца за паўгода — год.

Доля беларускамоўнай літаратуры ў кнігарнях — 5%

Якім уяўляецца беларускамоўнае кнігадрукаванне тым, хто мае непасрэдны кантакт з чытачом?

Дырэктар знакамітай у сталіцы “Акадэмкнігі” Вольга Глухоўская лічыць, што сітуацыя з выданнем беларускамоўнай літаратуры ў Беларусі “з кожным годам усё больш сумная”.

“Не думаю, што на постсавецкай прасторы ёсць дзяржава, дзе ў такім малым аб’ёме прадстаўлена літаратура на роднай мове, — кажа суразмоўца. — Доля беларускамоўнай літаратуры на паліцах нашай кнігарні складае не больш за 5%. Прычым, за апошні год вытворчасць беларускамоўнай літаратуры (за выняткам тэхнічнай і навучальнай літаратуры) істотна скарацілася. Мяркую, гэта звязана з эканамічнай сітуацыяй. Літаратуру на беларускай мове ў асноўным прадукуюць выдавецтвы дзяржаўнай формы ўласнасці і, напэўна, атрымаць датацыі на ўсе праекты ім цяпер стала складаней”.

У цяперашніх няпростых эканамічных умовах у “Акадэмкнізе” імкнуцца падтрымліваць беларускамоўную літаратуру, утрымліваючы гандлёвую надбаўку ў межах традыцыйных 30%, хоць заканадаўчых абмежаванняў на цану сёння не існуе. Практыка паказвае, што кнігі, выдадзеныя з дапамогай дзярждатацый, раскупаюцца лепей, бо значна танней за самаакупныя.

Галоўрэд “Мастацкай літаратуры” Віктар Шніп наадварот сцвярджае, што іх выдавецтва ўжо ачомалася ад “цэнавага шоку” і прыстасавалася да новых умоваў. “Калі цана тоны паперы для дзіцячай літаратуры падскочыла з 3 мільёнаў рублёў да 20, не ўяўлялася, як працаваць далей. Аднак з часам прыстасаваліся, знайшлі рэзервы”, — кажа выдавец.

Разам з тым дырэктар “Акадэмкнігі” адзначае, што інтарэс да любой кнігі, выдадзенай па-беларуску, існуе пастаянна. Найбольшы — на класіку, гістарычную і краязнаўчую літаратуру. На сучасныя творы попыт меншы, але ўсё залежыць ад імя аўтара.

“У нашай кнігарні група пакупнікоў беларускамоўнай літаратуры даволі пастаянная. Хаця, упэўнена, калі б яе колькасць павялічвалася, дык і лік чытачоў таксама б рос. Аднак асаблівых спадзеваў на змены да лепшага ў гэтым пытанні нашы наведнікі не маюць”, — пераканана Вольга Глухоўская.

Кіраўнік папулярнай кнігарні мяркуе, што істотна палепшыць сітуацыю можа толькі дзяржава. “Мова, якая не ўжываецца грамадствам, не можа развівацца. Ніякая прыватная структура не ў стане вырашыць пытанне падтрымкі і развіцця беларускай мовы. Тая ж перакладная замежная літаратура па-беларуску з’яўляецца ў нас у асноўным дзякуючы высілкам замежным пасольстваў”, — кажа Глухоўская.

У другой культавай у Мінску кнігарні “Светач” долю беларускамоўнай літаратуры таксама назвалі мізэрнай.

Спецыяліст па продажах адзначала, што найбольш купляюць беларускамоўныя кнігі з творамі па школьнай праграме. Аднак агульная тэндэнцыя такая, што ўсе кнігі прадаюцца адзінкамі.

“Мы не можам сказаць, што беларускамоўную літаратуру купляюць кепска. Прынамсі за 10 год асаблівых зменаў я не заўважыла. Проста цяпер увогуле купляюць значна менш, чым 20-30 гадоў назад. Ды і кніга — гэта вельмі канкрэтны і не ўзаемазамяняльны тавар. Кожны купляе тое, што яму цікава і трэба”, — адзначылі ў “Светачы”.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2010 годзе выдавецтвы розных формаў уласнасці Беларусі выдалі 11040 найменняў кніг і брашур агульным накладам 43,14 млн асобнікаў. З іх па-беларуску выйшла 951 кніга і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика