Пчалярства
01.09.2011
—
Новости Общества
|
У асяродку пчаляроў заўсёды існаваў цэлы шэраг рытуальных дзеянняў, атрыбутаў і замоў на развядзенне пчол: на пасадку рою ў вулей, на тое, як збіраць мёд, на вяртанне рою і г.д. Перад тым, як паставіць новы вулей, гаспадар на ноч ставіў чысты посуд з вадой на тое месца, дзе павінен быць вулей. Калі за ноч колькасць вады павялічвалася ці заставалася на ранейшым узроўні, гэта лічылася добрым знакам; калі ж колькасць вады памяншалася — гэта было дрэннай прыкметай для пчалінай гаспадаркі, у гэтым месцы вулей ставіць нельга. Каб удала перасадзіць новы рой, рабілі наступнае: ліпавымі галінкамі выціралі новы вулей, затым з іх плялі вянок і клалі на дно вулля. Пасля гэтага на вянок пераносілі матку і рой: "вянок кладзецца для шчасця, каб яны сабе вяліся, каб ні да каго не адляталі". Цікавы той факт, што пазней гэты вянок аддавалі нявесце, якая выкарыстоўвала яго ў якасці ўпрыгажэння. У той дзень, калі адсаджвалі новы рой, нікому і нічога не пазычалі, інакш рой не будзе жыць ці зляціць на іншае месца. Існавала меркаванне, што "той, хто мае пасеку, пасля заходу сонца не дае з дому агню". Каб абараніць пчальнік ад удараў маланкі, на кожны вулей прымацоўвалі крыж, выраблены з дубу, у які калісьці трапіла маланка. Добра, калі вакол пчальніка расце шмат крапівы. Гэта расліна ў народнай культуры заўсёды лічылася надзейным і моцным абярэгам ад кепскага вока і слова. У чацвер на Покутным тыдні пчаляры наведвалі ранішняе набажэнства ў царкве, а потым неслі свечку, з якой стаялі ў храме, дадому. Лічылася, што яна на працягу года ахоўвала пчальнік ад сурокаў, а ўвосень "забяспечвала" шмат мёду. Акрамя таго, у гэты ж дзень выконвалі наступны абрад: прыносілі камень, закопвалі яго побач з новым вуллем, прыгаворваючы замовы засцерагальнага зместу. Пчаляры з вопытам раілі: мёд, воск і іншыя прадукты дзейнасці пчол нельга выносіць з хаты самому гаспадару. Трэба, каб гэта зрабіў хто-небудзь іншы. Лепей, калі пакупнікі самі прыходзяць: "тады ніколі не будзе зводу пчальніку". Ад нападкаў чужых пчол на свае вуллі гаспадар рабіў "тын" з трох асінавых калоў і веніка, і казаў: "Садзіцеся, чужыя пчолы, на асінавыя калы і на венік, і тут заставайцеся!" Паўсюдна лічылі, што ў той хаце, у якой знаходзіцца "брацкая" свечка, заўсёды будзе шмат мёду і воску. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У асяродку пчаляроў заўсёды існаваў цэлы шэраг рытуальных дзеянняў, атрыбутаў і замоў на развядзенне пчол: на пасадку рою ў вулей, на тое, як збіраць мёд, на... |
|