Дзякуй, Марыя!
09.09.2011
—
Новости Общества
|
Трэці год студэнты, якія родам з рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, атрымоўваюць стыпендыі з фонду сусветна вядомай тэнісісткі Марыі Шарапавай
У Гомелі і цяпер жыве бабуля Марыі Галіна Дзям’янаўна — знакамітая ўнучка часам прыязджае да яе ў госці. Дарэчы, маленькая Маша сама некалькі год правяла ў горадзе над Сожам. І вось сёння зорка сусветнага тэнісу не забылася пра сваіх, уласна кажучы, землякоў. Фонд Марыі Шарапавай разам з Праграмай развіцця ААН ужо трэці раз выдзяляе стыпендыі для студэнтаў, якія маюць праблемы са здароўем або не менш за дзесяць год жылі ў адным з раёнаў Гомельскай, Брэсцкай ці Магілёўскай абласцей, найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. “Шарапава пажадала, каб дапамогу атрымоўвалі студэнты творчых спецыяльнасцяў, — заўважае каардынатар праекта, супрацоўніца ПРААН у Беларусі Вольга Шыбека. — Тыя, хто прэтэндуе на стыпендыю, праходзяць конкурс, які праводзіцца сярод першакурснікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пераможцы фінансава падтрымліваюцца да канца вучобы”. Фінансавая дапамога, па праўдзе сказаць, немалая — тры з паловай тысячы долараў у год. Ды і патрабаванні да стыпендыятаў высокія: добра вучыцца, удзельнічаць у выставах, валанцёрскім руху, навуковай дзейнасці. Цікава, што ўсе, хто стыпендыю атрымоўвае, ужо цяпер вельмі моцныя ў творчасці. Напрыклад, вучыцца ва ўніверсітэт ці акадэмію яны прыйшлі пасля мастацкіх школ, маюць аўтарскія працы. Прыкладам, Юлія Леанкова, студэнтка другога курса Акадэміі мастацтваў, яшчэ да паступлення на факультэт дызайна праілюстравала кнігу казак Ганса Хрысціяна Андарсана, зрабіла яе макет. Напярэдадні 25-годдзя чарнобыльскай трагедыі ўсе стыпендыяты ўдзельнічалі ў выставе “Незагойная рана”, якую ладзіла Акадэмія мастацтваў. Пасля яны падарылі свае працы аднаму з дзіцячых цэнтраў Гомельскай вобласці. Пад час сёлетняй уступнай кампаніі таксама вызначаны шэраг прэтэндэнтаў на атрыманне імянной стыпендыі. З іх на пачатку кастрычніка Фонд Марыі Шарапавай вылучыць трох шчасліўчыкаў. Пры падрыхтоўцы праграмы для таленавітай моладзі з пацярпелых раёнаў тэнісістка прызналася: “Я заўсёды хацела прыўнесці свой уклад у працэс аднаўлення рэгіёна, з якім звязана і частка майго жыцця, дзе жывуць родныя. Дапамагчы маладым людзям дасягнуць мары — добры спосаб пераадолення спадчыны Чарнобыля”. Заснаванне імянной стыпендыі — не першы дабрачынны крок Марыі Шарапавай. У 2007 годзе яна стала Паслом добрай волі Праграмы развіцця ААН. З таго часу на сродкі фонду ў Гомельскай вобласці былі набыты камп'ютары для многіх школ, адноўлены спартыўныя збудаванні. У Брагінскім раёне, напрыклад, адкрыліся пяць філіялаў дзіцячай музычнай школы і нават кабінет казкатэрапіі. А ў Чачэрску пабудаваны цэнтр экалагічнага выхавання. Кацярына Мядзведская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трэці год студэнты, якія родам з рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, атрымоўваюць стыпендыі з фонду сусветна вядомай тэнісісткі Марыі...
|
|