Каму цяпер па сілах “вышка"?
15.09.2011 12:14
—
Новости Общества
|
Каму цяпер па сілах “вышка"? Бясконцыя фінансавыя катаклізмы прымусілі многіх студэнтаў ВНУ і іх бацькоў задумацца над мэтазгоднасцю і коштам атрымання доўчаканай вышэйшай адукацыі.
Пакой у кватэры - як дзве стыпендыі Новапалачанка Святлана Бурак — без году выпускніца з дыпломам педагога пачатковых класаў, з дадатковай спецыялізацыяй "англійская мова". Уласна, менавіта гэтая спецыялізацыя, пераканана дзяўчына, і дасць ёй зарабіць на хлеб з маслам. "Я ўжо дамовілася: мяне бяруць па размеркаванні ў школу, а дадаткова буду падрабляць у двух дзіцячых садках, весці гурткі па-англійску. Адзін садок — у двары майго дома, другі — у дзесяці хвілінах хады ад універсітэта, там жа і школа знаходзіцца. Так што ўсё паспею. А вучуся я добра, ды і хто там на апошнім курсе будзе чапляцца", — аптымістычна разважае Святлана. Мінулым летам яна, дарэчы, таксама не сядзела без справы: прыехала ў Мінск да сястры, даглядаць яе дзетак-блізнят. На з'едлівыя заўвагі — маўляў, няблага сястра ўладкавалася, бясплатную няньку знайшла — Святлана адмахвалася абедзвюма рукамі: "Што вы, гэта мне пашанцавала! Я хацела было зняць у Мінску пакойчык на лета, дык прасілі як мінімум 40 долараў, а ў беларускіх — 360 тысяч, між тым як стыпендыя ў мяне менш за 150... Тут жа, лічы, бясплатнае жыллё і харчаванне, са сваякамі пабачылася, у вольны час яшчэ шмат дзе пагуляць паспела — чым не водпуск?". Летнюю ж стыпендыю Святлана патраціла на абнаўленне гардэробу на восень і дапаможную літаратуру па спецыяльнасці. Дзяўчыне і сапраўды пашанцавала: з наступленнем новага навучальнага года цэны на пакоі і кватэры ў сталіцы зноў папаўзлі ўверх. Цяпер за пакой, як расказваюць у прафкамах медуніверсітэта і педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, гаспадары просяць 100—120 долараў (прычым імкнуцца засяліць як мінімум двух чалавек, г.зн. па 50—60 долараў з кожнага). Агенцтвы нерухомасці прапаноўваюць аднапакаёвыя кватэры за 200—250 долараў ЗША, і гэта без уліку платы за пасрэдніцкія паслугі. Двух- і трохпакаёвыя кватэры студэнтам здаюць усё радзей, хоць аб'явы — "3 (4) студэнты здымуць кватэру ў Вашым доме" — штодня можна ўбачыць у раёне новабудоўляў. Афіцыйна У сталіцы, паводле звестак Міністэрства адукацыі РБ, месцы ў інтэрнатах атрымліваюць каля 60 працэнтаў іншагародніх студэнтаў, прычым прыкладна чвэрць месцаў аддаецца першакурснікам. Самая нізкая забяспечанасць месцамі — у БДПУ імя М.Танка: 44% ад усёй колькасці студэнтаў, якія маюць патрэбу ў жыллі. Аднаўленне - справа дарагая У мінчанкі Каці Марозавай сітуацыя прама процілеглая: атрымаць вышэйшую адукацыю па сваёй прафесіі яна можа толькі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Там дзяўчына і вучылася (завочна) да таго часу, пакуль не вымушана была ўзяць мінулым летам акадэмічны водпуск у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Цяпер немаўля крыху падрасло, і самы час быў бы завяршыць адукацыю. Але Кацю бярэ моцны сумнеў. "Нават калі без эмоцый (як я ўсё паспею? на каго кіну малога?), то вось вам чыстая матэматыка, — разважае экс-студэнтка. — Тэрміны бясплатнага аднаўлення ў ВНУ я правароніла, цяпер можна будзе вярнуцца толькі на платнае завочнае. Гэта, па сёлетніх расцэнках, як мінімум 1,8 мільёнаў рублёў за год, без платнай адпрацоўкі лабараторных і здачы некалькіх новых дысцыплін, якія з'явіліся на нашай спецыяльнасці ў мінулым годзе". Нават год назад, як прыгадвае Каця, кожная паездка на сесію абыходзілася ёй сама меней у 1 мільён рублёў: праезд, жыллё (пакой у Магілёве каштаваў тады 8—10 тысяч беларускіх рублёў у суткі, сесія ж доўжылася 2—3 тыдні), харчаванне, ксеракопіі заданняў, дапрацоўка або пакупка гатовых курсавых праектаў (праект з двума чарцяжамі каштаваў ад 40 долараў), зноў жа, "падарункі" выкладчыкам. "Карацей, падлічылі мы з мужам фінансы і зразумелі: калі мая вышэйшыя адукацыя і стане завершанай, то дакладна не ў гэтым годзе". Афіцыйна Паводле Працоўнага кодэкса РБ, працадаўцы абавязаны адпускаць студэнтаў-завочнікаў у водпуск, які аплачваецца, калі студэнт вучыцца па накіраванні (заяўцы) наймальніка або з ім заключана дамова на падрыхтоўку спецыяліста. Калі ж чалавек вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю самастойна, то водпуск яму могуць даць (а могуць і не даць), але без захавання аплаты (а то і з наступнай адпрацоўкай некалькі месяцаў без выхадных ці іншымі малапрыемнымі акалічнасцямі).
Дарагая мая "вышка" Другакурсніца БДУ Насця Махнавец — мінчанка, бюджэтніца ды яшчэ і выдатніца. "У мяне сярэдні бал 9,0, таму стыпендыю атрымліваю самую высокую — 307 тысяч рублёў. Яшчэ бываюць налічэнні за тое, што выступаю на спартыўных спаборніцтвах за факультэт або ўдзельнічаю ў розных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, — расказвае дзяўчына і ўздыхае. — Калі атрымліваеш тую стыпендыю, думаеш: "О, мне далі столькі грошай!" А заходзіш у краму і разумееш, што ні на што сур'ёзнае табе не хопіць. І мне яшчэ грэх скардзіцца: нядаўна сустракаліся з сябрам-ліцэістам, які паступіў у медуніверсітэт, дык хацелася заплаціць за яго ў кафэ — у іх максімальная стыпендыя ўсяго 250 тысяч". Студэнцкі "заробак", якога чакаеш цэлы месяц, паводле слоў Насці, разыходзіцца за тыдзень: "Праязны на тры віды транспарту — мінус 50 тысяч (дзе ты быў раней, Мінсктранс?). Яшчэ каля 50 тысяч — пакупка канцтавараў і бясконцыя ксеракопіі ды раздрукоўкі. Столькі ж у месяц патрэбна на хоць нейкія перакусы — вось, лічыце, паловы стыпендыі і няма. А хочацца ж і апрануцца на восень (добра, калі на чаравікі хопіць), і ў кіно або тэатр схадзіць, і ўвогуле жыць так, каб за тыдзень да стыпендыі не даводзілася ў бацькоў грошы пазычаць... Раней я пакрысе набывала валюту, каб на канікулы куды-небудзь паехаць, марыла набыць ноўтбук, але цяпер усе гэтыя мары наўрад ці спраўдзяцца, хіба што на дзень нараджэння падораць грошай". Дзяўчына спрабавала шукаць падпрацоўку, але пераканалася ў тым, што трэба выбіраць паміж выдатнай вучобай, перспектывай на кафедры, павышанай стыпендыяй і праблемамі з-за працы падчас сесіі з некаторымі выкладчыкамі. Падумала яшчэ раз і абрала першы варыянт. Афіцыйна З 1 верасня 2011 года памер стыпендый у Беларусі будзе прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду (цяпер гэта 118 тысяч рублёў) і будзе змяняцца ў адпаведнасці з яе павелічэннем. Мінімальная навучальная стыпендыя складзе 148 680 рублёў, з улікам паспяховасці студэнта яна будзе павышацца ў 1,1—1,6 разу. У вядучых ВНУ памер мінімальнай стыпендыі яшчэ большы: у БДУ, напрыклад — 193 284 рубля, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ, БДЭУ, БДСГА, БНТУ, БДПУ, БДАМ, БДУКМ — 170 982 рубля. Зараз заплачу, а потым укачу У Юрася Сівалапа, ураджэнца Маладзечанскага раёна, свая праўда. Пасля двух гадоў платнай вучобы ў адной з вядучых эканамічных ВНУ краіны хлопцу не тое, каб грошай шкада, а проста лішніх няма. "Цяпер год навучання на маёй спецыяльнасці каштуе больш як 7 мільёнаў рублёў, бацькам і без таго цяжка выдаткоўваць мне гэтыя грошы, а тут яшчэ з цэнамі на кватэры нейкая лухта пачалася, — абураецца Юрась. — Гаспадыня, у якой мы з сябрам наймалі ў папярэднія два гады кватэру, з вясны падняла цану на 50 долараў! Атрымліваецца, што ўсіх грошай, якія я зарабляў на падпрацоўцы, не хопіць нават на жыллё, не кажучы ўжо пра харчаванне. Ну і навошта мне тады той Мінск?" Сказана — зроблена, і цяпер Юра штодня ездзіць на вучобу з дому на электрычцы, па 2 гадзіны туды і назад. Кідаць вучобу, як вырашылі на сямейным савеце, хлопцу не трэба: рана ці позна крызіс скончыцца, а вышэйшая адукацыя застанецца. Да таго ж у Юры за плячыма не будзе "багажу" ў выглядзе размеркавання і абавязковай адпрацоўкі, таму ён разлічвае адразу пасля выпуску з'ехаць на працу за мяжу — "пакуль не загрэблі аддаваць доўг радзіме, абавязаным якой я сябе не лічу". Афіцыйна У галоўнай ВНУ краіны — Белдзяржуніверсітэце — у 2011/2012 навучальным годзе кошт платнай падрыхтоўкі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй вагаецца ад 4,7 да 7,5 млн рублёў, у залежнасці ад факультэта і спецыяльнасці. Пры гэтым першакурснікі плацяць больш, выпускныя курсы — менш. Грошы за навучанне, праўда, можна ўносіць цягам года некалькімі часткамі. Вось такія атрымліваюцца сённяшнія студэнцкія рэаліі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бясконцыя фінансавыя катаклізмы прымусілі многіх студэнтаў ВНУ і іх бацькоў задумацца над мэтазгоднасцю і коштам атрымання доўчаканай вышэйшай адукацыі. Пакой у... |
|