Гусі
28.09.2011
—
Новости Общества
|
На Мікіту-гусятніка, 28 верасня, на сялянскіх падворках білі выгадаваных за лета гусакоў — для свайго стала і на продаж. У адпаведнасці з павер'ем, у гэты дзень дамавік насылаў на гусакоў псоту. Калі птушка гублялася, гэта лічылі свавольніцтвам вадзяніка. Таму і дамавіка, і "гаспадара вод" пажадана было задобрыць да наступнай вясны. Існаваў нават пэўны рытуал. З усіх гусакоў, прыгатаваных на мяса, выбіралі найгоршага, забівалі яго і без галавы кідалі ў раку ці возера. Гэта было своеасаблівае ахвяраванне вадзяніку. Галаву гусака неабходна было ахвяраваць дамавіку — яе неслі ў хату і клалі пад прыпечкам. Звычайна Мікітаў дзень заканчваўся "гусіным сталом", галоўным упрыгажэннем і пачастункам якога быў засмажаны гусак. У народзе прыкмячалі, што з гэтага дня дзікія гусі адлятаюць на поўдзень: "Гусі адлятаюць — зіму на хвасце нясуць". Па гомане гусей меркавалі аб надыходзе хуткіх маразоў. Казалі: калі гусакі ляцяць нізка, зіма прыйдзе хутка, калі высока — маразоў яшчэ доўга не будзе. У Гродзенскай вобласці з дня адлёту гусей пачыналі "лічыць" зіму: за колькі тыдняў да Каляд гусі паляцяць у вырай — столькі тыдняў пасля Каляд будзе доўжыцца зіма. А яшчэ прыкмячалі: калі гусі адлятаюць на Сямёнаў дзень (14 верасня), чакай ранняй зімы. Па паводзінах гусей прадказвалі надвор'е не толькі восенню, але і вясной, калі гусі прылятаюць з выраю. Калі гусь стаіць на адной назе, падціснуўшы другую, ці хлопае крыламі — да маразоў; хавае пад крыло нос — да холаду; гусі ляцяць высока — будзе вялікая паводка; нізка — мала вады пры адлізе. Да адлёту гусей народныя знахары "прывязвалі" лячэнне ад санлівасці. Для гэтага чалавеку трэба было памыцца ў праточнай вадзе і, убачыўшы гусей, якія адлятаюць, папрасіць іх забраць сваю хваробу. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Мікіту-гусятніка, 28 верасня, на сялянскіх падворках білі выгадаваных за лета гусакоў — для свайго стала і на продаж. У адпаведнасці з павер'ем, у гэты дзень... |
|