Высокае і зямное. 21.by

Высокае і зямное

28.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З Міхасём Казінцом — галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком праслаўленага ў краіне народнага аркестра імя Жыновіча мы пазнаёміліся больш за трыццаць гадоў таму. Казінец тады яшчэ толькі пачынаў узыходжанне да сваёй папулярнасці. Хаця ўжо меў званне заслужанага дзеяча мастацтваў. Астатнія, як ён кажа, "пагоны" — званні народнага артыста, прафесара кансерваторыі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" — прыйшлі да яго пазней, значна пазней.

Усе гэтыя гады я ўважліва сачыў за творчым ростам Міхася Антонавіча, радаваўся таму, як прафесійна сталее, атрымлівае ўсё больш шырокае грамадзянскае і дзяржаўнае прызнанне вядомы музычны калектыў пад яго кіраўніцтвам. Спачатку аркестру было нададзена званне акадэмічнага, а пасля і нацыянальнага. Стала зразумелым, што ў рэспубліцы, акрамя Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча, вырас яшчэ адзін магутны асяродак прапаганды і развіцця народнай культуры — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча. Калектыў, які сёння, на думку спецыялістаў, стаў сапраўднай музычнай візітоўкай Беларусі. У яго выкананні гучыць і сусветная класіка, і прэм'еры айчынных кампазітараў, і наша традыцыйная нацыянальная музыка ў свежых каларытных аранжыроўках.

Сёння ў канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца своеасаблівы справаздачны канцэрт аркестра, падчас якога калектыў пакажа ўсе свае творчыя і выканальніцкія магчымасці. Напярэдадні гэтай падзеі я сустрэўся з М.А. Казінцом.

— Міхась Антонавіч, аркестру імя Жыновіча летась споўнілася восемдзесят гадоў. Пройдзены вялікі і слаўны шлях. Раскажы, калі ласка, крыху пра яго гісторыю.

— Шлях сапраўды і вялікі, і багаты, аднак літаратуры пра наш аркестр, як гэта ні дзіўна, вельмі мала. Сёе-тое я паспеў яшчэ запісаць ад людзей, якія былі ля вытокаў калектыву, пачыналі разам з Жыновічам, многія гады працавалі пад яго кіраўніцтвам. Сёе-тое пачэрпнуў з архіўных крыніц. Так што гісторыю сваю мы збіралі і складалі літаральна па крупінках.

Дык вось, спачатку арганізаваўся ансамбль. Быў такі цудоўны музыка-самавук Дзмітрый Захар. Ён сам лічыўся балалаечнікам, але мог іграць на розных інструментах. Такіх звычайна называюць чалавек-аркестр. Менавіта ён у 1928 годзе і арганізаваў ансамбль, які меў напаўаматарскі, напаўпрафесіянальны характар. Кіраўніком быў Захар, а канцэртмейстарам — Жыновіч.

У 1930 годзе калектыў атрымаў статус дзяржаўнага ансамбля, і ад гэтага года мы і пачынаем сваю гісторыю. Ансамбль іграў простыя беларускія мелодыі. З ім часта выступала папулярная ўжо тады спявачка Ларыса Александроўская. Яго славу памнажалі вядомыя цымбалісты-віртуозы Аркадзь Астрамецкі і Станіслаў Навіцкі. Калектыў акрамя канцэртаў рэгулярна іграў на радыё ў прамым эфіры.

У 1937 годзе пры арганізацыі ў Мінску філармоніі ансамбль быў пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны аркестр народных інструментаў. На чале калектыву стаў выдатны музыкант свайго часу Канстанцін Семяонаў. Ён жа дырыжыраваў аркестрам на Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1939 годзе. Тады яны з вялікім поспехам сыгралі фінал сімфаньеты Чуркіна "Беларускія малюнкі" — рэч, якая імгненна стала знакамітай. Дарэчы, гэтае сачыненне не страціла свой творчы, гістарычны патэнцыял і сёння. Гэта такі своеасаблівы гукавы брэнд ансамбля.

Ну а потым была вайна. Яна параскідала людзей каго куды. На вялікі жаль, загінула і багатая музычная бібліятэка, якая была сабрана за дзесяць гадоў.

Аркестр аднавіў сваю дзейнасць толькі ў 1946 годзе. І на чале яго стаў Іосіф Жыновіч. Трэба сказаць, што сам аркестр, яго склад быў створаны па тыпу велікарускіх аркестраў Андрэева, Осіпава. Хаця, канешне, беларускі калектыў меў сваю асаблівасць, сваю адметнасць — цымбалы.

— Аркестру імя Жыновіча дзявяты дзясятак гадоў і добрую палову гэтага часу ты ў ім кіраўніком. Працуеш творча, актыўна, плённа. Прабач за міжвольныя кампліменты, але гэта не толькі мая ацэнка. Спецыялісты адзначаюць, што за гады сваёй працы ты вывеў калектыў на якасна новы ўзровень, які адпавядае сучасным патрабаванням выканаўчага майстэрства. Аркестр вызначаецца багаццем тэмбравай палітры, тонкасцю нюансіроўкі, збалансаванасцю гучання розных аркестровых груп, разнастайнасцю рэпертуару. А што яшчэ надае калектыву творчую адметнасць, яркую індывідуальнасць?

— Мы ўжо гаварылі аб тым, што наш аркестр унікальны сваёй асновай — групай цымбал. Дзякуючы гэтаму, у інструментоўцы твораў, якія выконваем, мы можам рабіць вялікае мноства спалучэнняў як чыстых, так і змешаных тэмбраў. Скажам, могуць быць адны цымбалы, альбо цымбалы з габоем, з баянам альбо цымбалы, габой і кларнет... Колькасць камбінацый, як і ў шахматах, проста фантастычная. І вось ад таго, як усё гэта пачуе і ўвасобіць кампазітар, адчуе і аздобіць, ведаючы магчымасці аркестра, аранжыроўшчык, творча, зыходзячы са свайго мастацкага густу, музычнай фантазіі, прачытае і інтэрпрэтуе дырыжор, — ад гэтага, уласна кажучы, і залежыць прыгажосць гучання аркестра, яго індывідуальнасць.

Іструментоўка таксама можа надаваць аркестру сваю адметнасць і індывідуальнасць.

— А вось тая цесная сувязь з беларускімі кампазітарамі, пра якую ты ўпамінаў, яна дапамагае калектыву набываць уласнае творчае аблічча?

— Несумненна! У свой час мне ўдалося заахвоціць да супрацоўніцтва лепшых нацыянальных творцаў. Для нас пісалі кампазітары старэйшага пакалення — Мікалай Чуркін, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Юры Семяняка, маладзейшыя — Дзмітрый Смольскі, Кім Цесакоў, Валерый Іваноў, Андрэй Мдзівані... Дарэчы, апошні за свае сімфоніі "Полацкія пісьмёны" і "Памяць зямлі", якія прагучалі ў нашым выкананні, атрымаў Дзяржаўную прэмію рэспублікі. Гэткую ж прэмію атрымаў і Віктар Помазаў. Мы выконвалі яго сюіту "Вясковыя музыкі" і "Батлейку".

— Праблемы з кадрамі няма?

— На шчасце, няма. Сёння, каб трапіць у аркестр, трэба прайсці вельмі патрабавальны адбор, строгі конкурс. Калі ты не лаўрэат міжнароднага конкурсу, то весці размову складана.

Па праўдзе кажучы, у нас і цяпер заробкі не дужа вялікія, але для творчага чалавека грошы не заўсёды галоўнае. Куды больш важна — мець магчымасць спаўна рэалізаваць свой талент, камфортна, утульна адчуваць сябе ў калектыве. У гэтым плане наш цяперашні састаў аркестра — як адзіная, дружная сям'я. Каб не сурочыць, у нас склаўся такі мікраклімат, калі любую радасць, любую бяду людзі перажываюць як сваю асабістую.

У тым, што мы сёння не маем голаду на кадры, вялікая заслуга нашай музычнай адукацыі. Мы можам выбіраць лепшых з лепшых. Праўда, тут ёсць адзін нюанс. У кансерваторыі яны атрымліваюць выдатную музычную адукацыю — валоданне інструментам, веданне гісторыі музыкі, асноў гармоніі. Але ёсць яшчэ нешта ад мамы, ад Бога, тое, што ніякай навукай не дасі. Цудоўна, калі на боскае арганічна кладзецца прафесіянальная адукацыя. Вось такіх людзей мы і стараемся адшукваць.

Сёння — магу сказаць гэта з гонарам — у нас адзін з самых моцных саставаў за ўвесь час маёй працы ў аркестры. Назаву толькі адну лічбу: мы маем 22 лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў. А гэта практычна кожны другі музыкант.

— Я думаю, будзе лагічна, калі мы назавём хоць некаторых з іх.

— З задавальненнем. Перш за ўсё гэта кіраўнік малога саставу аркестра і фолькгрупы, можна сказаць, мая правая рука — Аляксандр Крамко. Бог шчодра надзяліў яго талентам, даў незвычайную працаздольнасць. Чалавек-аркестр, іграе на ўсіх фальклорных інструментах, выдатна ведае прыроду гэтых інструментаў. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.

Такое ж высокае званне маюць канцэртмайстар аркестра Ларыса Рыдлеўская, баяніст Уладзімір Ткач, які, дарэчы, прыйшоў да мяне адзінаццацігадовым падлеткам яшчэ на аўтазаводзе і вось ужо многа гадоў у нашым калектыве, а таксама старэйшы артыст аркестра, гітарыст Анатоль Курмакін, які працуе ў нас з 1959 года і які за гэты час стварыў сотні аранжыровак і інструментовак для аркестра. Ну і, вядома ж, не магу не назваць народную артыстку рэспублікі Святлану Лясун — музыканта ад Бога. Спачатку іграла на цымбалах, але перамог баян.

Маючы такія кадры, мы можам сёння сыграць усё.

— Міхась Антонавіч, наколькі я ведаю, стварэнне высокамастацкага рэпертуару — задача складаная для любога творчага калектыву. А для музычнага, як мне здаецца, асабліва.

— Гэта самая складаная задача! Сімфанічны аркестр перш чым стаць такім, якім ён з'яўляецца сёння, прайшоў вялікі эвалюцыйны шлях. Рэпертуар для яго ствараўся вякамі. За гэты час назапашаны цэлыя пласты выдатнейшай музыкі. Тое ж самае можна сказаць пра акадэмічныя хоры, якія заўсёды былі вядучымі калектывамі духоўнай музыкі. Што датычыцца аркестра народных інструментаў, то стварэнне яго рэпертуару ахоплівае не больш за паўвека. Раней жа такіх аркестраў не існавала. Былі невялікія гурты — скрыпка, гармонік, цымбалы, бубен. І патрабаванні да іх рэпертуару былі простыя: некалькі модных танцаў, некалькі папулярных песень. Іншая справа — народны аркестр. Тут ужо павінны быць пэўныя музычныя ідэі, зусім іншая стылістыка. Нацыянальны аркестр павінен несці адчуванне прыроды народнага меласу, выяўляць сутнасць і асаблівасць інструментальнай музыкі. А гэта ох як няпроста. Я скажу так: з дзесяці сыграных, пастаўленых сачыненняў, калі адно застаецца ў рэпертуары — гэта вялікая ўдача.

— А я недзе чытаў, што ў рэпертуары вашага аркестра больш за дзве тысячы твораў...

— Так, гэта наш залаты запас, які мы стварылі за апошнія шэсцьдзясят гадоў. Тут і беларуская народная музыка, і творы сучасных кампазітараў, і класічная музыка.

— Кіраўнікі многіх творчых калектываў скардзяцца на адсутнасць паўнацэнных гастроляў. У вас такая ж сітуацыя?

— Як табе сказаць... Скардзіцца на адсутнасць выязных канцэртаў нам нібыта і грэх. Планы па іх колькасці, па зборы фінансавых сродкаў мы выконваем і перавыконваем. Але... але праблема ўсё ж існуе, таму што стварэнне нашага рэпертуару і арганізацыя гастроляў — два ўзаемазвязаныя працэсы. Мы не папсовы калектыў і ўспрыняцце таго, што мы выконваем, няпростае. Прычына ўсё тая ж — страта нашымі людзьмі многіх рэчаў, і перш за ўсё сваёй аўтэнтычнасці, векавых народных традыцый і абрадаў. Слава Богу, што ёсць фестывалі, акцыі дзяржаўнага маштабу, дзе калектыў можа сябе паказаць праз свае папулярныя праграмы.

І яшчэ. У нас практычна не стала замежных гастроляў. У савецкія часы мы аб'ехалі паўсвету — былі ў Кітаі, Польшчы, Канадзе, Германіі, Індыі, Турцыі, Румыніі і іншых краінах далёкага і блізкага замежжа. Цяпер жа далей рэспублікі не бываем.

Прычын гэтага — дзве. Першая — банальны дэфіцыт сродкаў. Забяспечыць пяцьдзясят з лішкам чалавек транспартам, гасцініцай, сутачнымі вельмі складана. А другая прычына — у спецыфіцы нашага рэпертуару. На Захадзе, у прыватнасці, у Германіі — гэта не зальная музыка. Там яна больш асацыюецца з вулічнымі фэстамі. Хаця я глыбока перакананы, што калі б знайшоўся нейкі імпрэсарыо альбо менеджар, які адважыўся б арганізаваць нашы гастролі, то ён не прагадаў бы. Усе канцэрты прайшлі б на ўра.

— Міхась Антонавіч, я разумею: поспех калектыву забяспечваюць многія рэчы — і састаў артыстаў, і рэпертуар, і інструментарый... Але галоўную скрыпку, даруй за каламбур, усё ж іграе кіраўнік. Якімі ж якасцямі павінен валодаць галоўны дырыжор, мастацкі кіраўнік, каб з году ў год утрымліваць гэты поспех?

— Якімі якасцямі <І>(задумаўся) ?.. Канешне, ён, калі гэта галоўны дырыжор, павінен мець арганізацыйныя здольнасці. Я не кажу пра музычныя здольнасці — гэта разумеецца сабо сабой, таму што без іх усё астатняе не мае сэнсу. Што яшчэ? Кіраўнік павінен псіхалагічна тонка адчуваць артыста. Кожны з іх — індывідуальнасць. Умець дараваць, калі што, на яго погляд, не так. Дараваць простыя чалавечыя слабасці. Не зацыклівацца на іх. Але ўсяляк выяўляць і заахвочваць у чалавеку лепшае, галоўнае. Гэта павышае яго ўласны імідж у вачах калектыву... Безумоўна, кіраўнік павінен добра ведаць бытавыя ўмовы сваіх артыстаў. І па магчымасці дапамагаць ім.

— Існуе два тыпы дырыжораў. Адны ўжо на першую рэпетыцыю прыходзяць з загадзя прадуманай канцэпцыяй, дакладным уяўленнем аб музычна-сцэнічнай драматургіі. У другіх — ёсць толькі нейкі агульны план, а ўсё астатняе выспявае, нараджаецца ў непасрэднай рабоце з калектывам, рэалізуецца ў працэсе рэпетыцый. Да якога тыпу дырыжораў ты мог бы сябе аднесці?

— Адно магу сказаць дакладна: нават калі ў мяне ёсць гатовая канцэпцыя, я не навязваю яе сілком, стараюся ёю зацікавіць, натхніць усіх артыстаў, зрабіць яе агульнай. Без эмацыянальнага пасылу, без падтэксту, без вобразнасці нічога не будзе. А будзе толькі сухая канстатацыя. Яна не выкліча ў музыкантаў рэакцыі ў адказ. А ім патрэбен кураж, натхненне. І адна з задач дырыжора — абудзіць чалавечыя эмоцыі, стварыць ад гучання музыкі своеасаблівую цішыню. Такую цішыню, якая бывае раніцай, калі сонца яшчэ толькі прабіваецца скрозь туман, а наўкол сакочуць конікі, спяваюць птушкі, шапоча лістота дрэў... І ты адчуваеш сябе неад'емнай часцінкай прыроды. Гэта — неапісальны стан. Перадаць яго можна толькі праз музыку.

Гутарку вёў Зіновій Прыгодзіч.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Міхасём Казінцом — галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком праслаўленага ў краіне народнага аркестра імя Жыновіча мы пазнаёміліся больш за трыццаць гадоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика