Не атрымала дапамогу, бо замарудзіла з ліквідацыяй?
12.10.2011
—
Новости Общества
|
Жыхарка вёскі Ліпск Ляхавіцкага раёна не атрымала аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 500 тысяч рублёў, якую выплачвалі, у прыватнасці, непрацуючым пенсіянерам. Да апошніх з нядаўняга часу адносіцца і наша заяўніца, аднак у райсабесе яе па-ранейшаму лічаць работнікам, які працуе. Дык што ж здарылася? Паводле слоў жанчыны, колькі месяцаў таму яна была індывідуальным прадпрымальнікам. Потым вырашыла спыніць сваю дзейнасць, дзеля чаго ў першых чыслах ліпеня разлічылася па арэндзе, здала касавы апарат, потым — пасведчанне. Трэба было яшчэ даць аб'яву ў газету пра спыненне сваёй дзейнасці. У адным выданні адмовілі размясціць такую абвестку, патлумачыўшы, што такія аб'вы больш не друкуюць. Грошы за публікацыю ў часопісе "Юстыцыя Беларусі" жанчына пералічыла толькі 2 верасня... У аддзеле па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама паведамілі, што заяўніцы для выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі трэба было прадставіць звесткі, што яна выключана з Адзінага дзяржаўнага рэгістра індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб. Ужо ў аддзеле эканомікі пацвердзілі: так, у працоўнай кніжцы робяцца адпаведныя запісы. Але перш чым іх атрымаць, трэба даць аб'яву пра ліквідацыю сваёй дзейнасці. Сапраўды, такія абвесткі з нядаўняга часу друкуюцца ў дадатку да часопіса "Юстыцыя Беларусі". Аб'ява нашай заяўніцы была апублікавана там 16 верасня. Цяпер павінна прайсці (з даты публікацыі) не менш за два месяцы, перш чым жанчына атрымае жаданы запіс у працоўнай кніжцы. Гэта пры ўмове, што гэты індывідуальны прадпрымальнік не ўпісаны ў каардынацыйны план па планавых праверках Дзяржкантролю. У процілеглым выпадку тэрмін можа быць яшчэ большы. У рэшце рэшт, калі за прадпрымальнікам няма даўгоў, прымаецца рашэнне аб выключэнні яго з вышэйназванага Адзінага дзяржаўнага рэгістра індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб. Дарэчы, з заявай аб спыненні сваёй дзейнасці ў аддзел эканомікі жанчына звярнулася толькі 1 верасня, удакладнілі нам. Так што, прабачце, наракаць жанчына павінна толькі на саму сябе. Калі, як яна сама заўважыла, яшчэ ў пачатку ліпеня зрабіла першыя крокі па згортванні сваёй дзейнасці, трэба было больш аператыўна спрабаваць давесці справу да лагічнага канца. Таму што ва Указе кіраўніка дзяржавы дакладна быў пазначаны тэрмін, згодна з якім чалавек мог прэтэндаваць на атрыманне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі — па стане на 1 верасня. "Хто ж ведаў, што тыя грошы будуць выплачваць?" — усклікнула напрыканцы размовы заяўніца. Сапраўды, на пачатак ліпеня пра тое было невядома, аднак працэс спынення дзейнасці ў любым выпадку давялося б прайсці ад пачатку да канца. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхарка вёскі Ліпск Ляхавіцкага раёна не атрымала аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 500 тысяч рублёў, якую выплачвалі, у прыватнасці, непрацуючым... |
|