Агуркі з краіны сланоў. 21.by

Агуркі з краіны сланоў

29.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што для індуса — агурок, то для беларуса — кабачок

Экзатычную агародніну вырасціў магілёўскі пенсіянер Іван Высоцкі. Госці здзіўляюцца і называюць індыйскія агуркі "цудам прыроды", а гаспадары іх будзённа смажаць і ядуць.

На садовых арэлях складзены ўраджай індыйскіх агуркоў. Гэта светла-зялёная агародніна, падобная на доўгія і тонкія кабачкі. Адразу ўзнікае "індыйская" асацыяцыя з біўнямі сланоў. Гаспадар жа, без сантыментаў, бачыць у гэтым найперш ежу, прыемную разнастайнасць у стравах.

— Пахне гэтая агародніна як агурок, а на смак — амаль што звычайны кабачок, — ён разразае адзін з індыйскіх агуркоў. — Жонка смажыла ў алеі на патэльні, вельмі смачна.

Сфатаграфаваць індыйскія агуркі цалкам цяжка, таму што іх сярэдняя даўжыня аказалася паўтара метра, а самы доўгі экзэмпляр — дакладна 1,94 метра. Іван Васільевіч спрабуе прыстроіць гэтыя "палкі" да нацюрморта з гарбузом, але не вельмі атрымліваецца.

Якім чынам індыйскія агуркі трапілі ў прыватны сектар амаль у цэнтры Магілёва?

— Вельмі проста: жонцы нехта параіў пасадзіць, — гаворыць Высоцкі. — Яна набыла ў краме пачак насення за 700 рублёў. Мы з імі абыходзіліся як са звычайнымі агуркамі. Толькі ведалі з вокладкі, што могуць вырасці да 2-х метраў. Дык мы амаль што і дасягнулі гэтага выніку!

Іван Васільевіч — па прафесіі слесар, жонка працуе ў гандлі. На зямельным участку паблізу дома сям'я вырошчвае разнастайную агародніну і садавіну, аднак цяпер, на пенсіі, з'явіліся час і жаданне для эксперыментаў. Першым і сталі індыйскія агуркі.

Але раптам аказалася, што індыйскія агуркі маюць не толькі харчовую каштоўнасць, але і эстэтычную. Улетку каля хаты Высоцкіх можна пасядзець у рамантычным цені... пад індыйскімі агуркамі.

— Я такога цуду ніколі не бачыла, — прызналася маці гаспадара Соф'я Іосіфаўна. — Гэтыя заморскія агуркі вельмі прыгожа цвітуць: такімі кветкамі, як нашы звычайныя агуркі, але белымі, ды шмат, ды парасткі ўюцца. Вельмі прыгожа!

Іван Васільевіч расказаў, што агуркі цвілі і разрасталіся ўсё лета, акупавалі ўвесь задні дворык і захапілі вялікую яблыню, ледзь не да верхавіны. Цяпер ужо замаразкі пабілі гурковае лісце, але пасярод раслін можна ўбачыць маладыя плады, падобныя на нейкія цацкі.

— Толькі ў жніўні завязаліся пасярод белага цвету плады і сталі расці неверагодна хутка, — дзеліцца вопытам гаспадар. — Я вымяраў: плады вырасталі на 7-8 сантыметраў за суткі, а парасткі давалі да 20 сантыметраў.

Аказваецца, падобнай справай у свой час займаўся і маршал Савецкага Саюза Сямён Будзённы: ён таксама дзівіўся хуткаму росту пладоў індыйскіх агуркоў, да 10 сантыметраў у суткі, і штораніцу на падмаскоўным лецішчы сам выходзіў у сад фіксаваць новыя рэкорды з лінейкай.

Увогуле пра індыйскія агуркі-веліканы ў нашых шыротах стала вядома пасля выхаду кнігі Афанасія Нікіціна "Хаджэнне за тры моры". Вандроўнік пісаў, што агурок той дзіўны вельмі доўгі і добрага смаку. Цяпер індыйскі госць перасяліўся і ў нашы сады і агароды. Беларускія гаспадары цэняць гэтую агародніну за нястомную прадукцыйнасць.

Пішуць, што індыйскія агуркі можна есці як, прабачце за таўталогію, звычайныя агуркі (напрыклад, рабіць салат), пакуль яны невялікія, да 30 сантыметраў у даўжыню. Потым — смажыць са спецыямі, як кабачкі. Альбо рабіць з іх ікру накшталт кабачковай. Ёсць таксама ідэя закрываць індыйскія агуркі ў слоікі на зіму кавалкамі. Альбо ціснуць карысны для арганізма сок.

Гавораць, што гэтую агародніну можна вырошчваць і на падаконніках у гарадскіх кватэрах, упрыгожваць раслінай калідоры бальніц і школ, холы гатэляў. А магілёўская сям'я Высоцкіх, якой удалося вырасціць сёлета з дзясятак індыйскіх агуркоў (частку з іх гаспадары падаравалі цікаўным сябрам), у наступны сезон плануюць і альтанку з белымі гурковымі кветкамі, і больш багаты ўраджай для прыгатавання смачных страў.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што для індуса — агурок, то для беларуса — кабачок Экзатычную агародніну вырасціў магілёўскі пенсіянер Іван Высоцкі. Госці здзіўляюцца і называюць індыйскія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика