МАЗ пачне выпускаць школьныя аўтобусы. 21.by

МАЗ пачне выпускаць школьныя аўтобусы

01.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінскі аўтамабільны завод прэзентаваў журналістам шэраг сваіх навінак 2011 года, сярод якіх школьны аўтобус МАЗ 241, бартавыя аўтамабілі і два самазвалы.

— Заказы на школьныя аўтобусы ў нас былі і раней, але тады існавалі іншыя, больш прыярытэтныя напрамкі, і таму займацца распрацоўкай менавіта гэтага віду транспарту мы не былі гатовыя, — расказвае Васіль ВЛАДЫЦКІ, намеснік галоўнага канструктара аўтобуснага падраздзялення МАЗа. — А зараз Міністэрства прамысловасці паставіла перад намі сур'ёзную задачу — стварыць школьны аўтобус.

Доследны ўзор школьнага аўтобуса праходзіць выпрабаванні, якія павінны завяршыцца ў лістападзе. А ўжо з пачатку 2012 года, як мяркуе Васіль Міхайлавіч, аўтобус пачне выпускацца серыйна.

Але паколькі ў школьным аўтобусе перавозяцца дзеці, ён мае некаторыя адрозненні ад звычайных мадэляў. У прыватнасці, ён можа быць толькі жоўтага колеру, а на бакавінах абавязковыя надпісы "Школьны" (у варыянце, распрацаваным для расійскага рынку, надпісы павінны быць не "Школьны", а "Дзеці").

Прыступка ў школьнага МАЗаўскага аўтобуса выпаўзае адначасова з адкрыццём дзвярэй, і вышыня гэтай прыступкі — 175 мм (хоць стандарт дазваляе і 250 мм). Таксама ўваход зроблены так, каб дзіця, стоячы на дарозе, пры ўваходзе ў салон магло дацягнуцца да поручня. У салоне ўсе сядзенні накіраваны па ходзе руху аўтобуса, маюць рамяні бяспекі і абсталяваны падлакотнікамі з боку праходу. І толькі адно сядзенне каля кіроўцы павернута супраць руху аўтобуса: яно прызначана для таго, хто суправаджае дзяцей: ён павінен бачыць усіх сваіх выхаванцаў. Падлога ў гэтым аўтобусе са спецыяльным пакрыццём, каб не быць слізкай. Свае асаблівасці ёсць нават у багажных паліц: яны прадугледжаны такім чынам, каб на кожнага школьніка прыходзілася не менш чым па 20 кубічных дэцыметраў прасторы. Паліцы нахілены так, каб ранец ці заплечнік не мог выпасці падчас руху аўтобуса.

Люстэркі школьнага аўтобуса зроблены з электрападагрэвам. Акрамя таго, у іх відаць уся прастора ад самага асфальту, каб кіроўца добра бачыў, як заходзяць ці выходзяць дзеці. Варта таксама адзначыць, што гэты аўтобус можа разганяцца толькі да хуткасці 60 кіламетраў за гадзіну. Такое абмежаванне ўведзена спецыяльна, бо толькі з такой хуткасцю, згодна з правіламі, можна перавозіць школьнікаў.

Што тычыцца цаны на новы аўтобус, то Васіль Владыцкі перакананы, што ён будзе каштаваць менш, чым звычайны, на якім у базавай камплектацыі ставіцца больш дарагі рухавік "Сummіns":

— Рухавік на школьным аўтобусе айчынны, Мінскага маторнага завода, экалагічнага стандарту ЕЎРА-4. Ён мае 177 конскіх сіл — гэтага цалкам дастаткова для поўнай масы ў 9 тон. Каробка кітайская, але вельмі надзейная — яна ўжо даўно прымяняецца ў аўтамабілях. А вось на аўтобусах такая каробка ўпершыню. Проста хацелася зрабіць школьны аўтобус танным.

Васіль Владыцкі таксама паведаміў, што першыя МАЗаўскія школьныя аўтобусы будуць ездзіць у Беларусі, але пры гэтым адзначыў, што да новай распрацоўкі МАЗа цікавасць праяўляюць Малдова і Расія.

Дарэчы, у 2012 годзе канструктары Мінскага аўтазавода плануюць надалей развіваць аўтобусную тэматыку і выпусціць гарадскі аўтобус з гібрыдным прывадам:

— Тэма гібрыднага прываду ў аўтабудаўніцтве не новая, а дастаткова прасунутая, — тлумачыць Анатоль ДЗЯДКОЎ, першы намеснік генеральнага дырэктара МАЗа. — І большасць брэндаў гэтую тэму развілі і маюць такія мадэлі. Мы хочам таксама заняць сваё месца — у нашай лінейцы тэхнікі павінен быць аўтамабіль з гібрыдным прывадам. І гэта будзе аўтобус, бо ён працуе ў населеных пунктах, дзе пытанні экалогіі вельмі актуальныя. У гібрыднага аўтобуса будзе традыцыйная сілавая ўстаноўка, а таксама другая, якая працуе ад акумулятара.

Калі ж вяртацца да ўжо зробленых мадэляў, то журналістам таксама прадэманстравалі і некаторыя навінкі грузавых аўтамашын. У прыватнасці, быў паказаны сядзельны цягач МАЗ-5440В9, які адрозніваецца ад свайго папярэдніка абноўленым інтэр'ерам кабіны. У ім канструктары МАЗа імкнуліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для кіроўцы: усталяваны пнеўмападрэсорнае сядзенне, новыя рулявая калонка і панэль прыбораў, а таксама кандыцыянер з аўтаматычнай падтрымкай тэмпературы. Яшчэ былі прадэманстраваны абноўлены бартавы аўтамабіль для гарадскіх ды прыгарадных перавозак, а таксама некалькі новых мадэляў самазвалаў з U-падобнай платформай, якая дазваляе паскорыць працэс разгрузкі, з-за адсутнасці вострых вуглоў забяспечваецца поўнае ссыпанне грузу.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі аўтамабільны завод прэзентаваў журналістам шэраг сваіх навінак 2011 года, сярод якіх школьны аўтобус МАЗ 241, бартавыя аўтамабілі і два самазвалы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика