Кветкі-клоны ў заказніку "Спораўскі"
02.11.2011
—
Новости Общества
|
Упершыню ў Беларусі ў адкрытую глебу было высаджана больш за 1000 такіх саджанцаў кветкі з Чырвонай кнігі — званочка лілеялістага. Навіна сама па сабе цікавая і вартая ўвага. Але асаблівасць гэтых саджанцаў у тым, што іх атрымалі шляхам кланіравання. Ці, па-навуковаму, з выкарыстаннем метадаў клетачнай інжынерыі. Па генатыпе гэтыя саджанцы ідэнтычныя з раслінамі, якія растуць на тэрыторыі Беларусі. Навошта спатрэбілася такім нязвыклым для нас пакуль спосабам пашыраць геаграфію распаўсюджвання званочка? — У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах у апошнія гады назіраецца значнае скарачэнне шэрагу рэдкіх відаў флоры, над асобнымі ўвогуле навісла пагроза знішчэння. Таму яны разам з занясеннем у спісы Чырвонай кнігі адначасова трапляюць і пад міжнародную ўвагу і абарону. А гэта патрабуе новых падыходаў супрацоўніцтва з навукоўцамі, мясцовымі ўладамі, выкарыстання новых формаў працы па аднаўленні, ахове і маніторынгу такіх раслін, — гаворыць Аляксей Чыстадарскі, менеджар міжнароднага праекта "Палессе". Яго рэалізацыя праходзіць пад эгідай і на сродкі Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду. Менавіта па ініцыятыве супрацоўнікаў персаналу праекта і была днямі арганізавана акцыя на тэрыторыі славутага біялагічнага заказніка "Спораўскі", што ў Брэсцкай вобласці, па пасадцы клонаў-саджанцаў расліны, што знікае, — званочка лілеялістага. Ёсць усе шанцы спадзявацца, што яго новыя пасадкі будуць садзейнічаць умацаванню стабільнасці папуляцыі гэтага віду. Дарэчы, у межах Беларусі налічаецца каля 20 відаў сасудзістых раслін з такім статусам асаблівай аховы. Сярод іх сустракаюцца віды, якіх ужо многія дзесяцігоддзі батанікі не выяўляюць у час палявых даследаванняў, а шэраг раслін, такіх як званочак лілеялісты, знаходзяць усё менш і менш. Таму работу па яго рэінтрадукцыі спосабам мікраканальнага размнажэння папрасілі зрабіць супрацоўнікаў Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі ў рамках праекта "Палессе". Заказнік "Спораўскі" як месца для пасадак быў выбраны невыпадкова. Сёння званочак сустракаецца ў асноўным у рэгіёне Беларускага Палесся, звычайна на напалову адкрытых прасцягах з рэдкім шыракалістым лесам або ў хмызняках з рэдкалессем дуба ў поймах вялікіх рэк. Пры спрыяльным экалагічным становішчы званочак можа расці на адным месцы больш за 100 гадоў. Цікава, а колькі часу ён праіснуе ў "Спораўскім", дзе адбылося ўрачыстае вяртанне гэтай "сіненькай кветкі", як назвалі яе вучні Здзітаўскай мясцовай школы? Яны прынялі самы актыўны ўдзел у пасадцы званочка. Яго плантацыя заняла тры ўчасткі, іх наўмысна выбралі ўдалечыні ад населеных пунктаў. Гэтая мера неабходная, бо яркія сінія кветкі робяць званочак жаданым трафеем аматараў лясных і лугавых кветак. Вось як пракаментаваў акцыю са званочкам у Бярозаўскім раёне навуковы супрацоўнік лабараторыі фаўны і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. У.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Аркадзь Скуратовіч: "Гэта пілотны праект для Беларусі, і яго ўнікальны досвед можа быць выкарыстаны для ўзнаўлення папуляцый іншых рэдкіх і знікальных раслін з Чырвонай кнігі". А напрыканцы хочацца сказаць вось пра што. Новы пасол Турцыі ў Беларусі Незіхі Озкая ў час нядаўняй сустрэчы з беларускімі журналістамі пажартаваў: калі б ён ведаў, што ў нашай краіне такая надзвычай прыгожая прырода, то ён прыехаў бы працаваць у Мінск значна раней, а не цяпер. А потым зусім сур'ёзна выказаў шкадаванне, што на яго радзіме вельмі мала ведаюць пра наш прыродны турыстычны патэнцыял. Калі б туркі валодалі поўнай інфармацыяй пра тое, што яны могуць убачыць і адчуць у Беларусі, то колькасць турэцкіх турыстаў вырасла б у некалькі разоў. А наяўнасць у нашай краіне рэдкіх відаў жывёл, птушак і раслін — дадатковая нагода прыехаць у Беларусь. Леанід Лахманенка. фота Анатоля Клешчука. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню ў Беларусі ў адкрытую глебу было высаджана больш за 1000 такіх саджанцаў кветкі з Чырвонай кнігі — званочка лілеялістага. Навіна сама па сабе цікавая і...
|
|