Леанід Заіка: "Для павышэння пенсійнага ўзросту ўжо існуе шмат прычын"
03.11.2011 15:02
—
Новости Общества
|
Леанід Заіка: "Для павышэння пенсійнага ўзросту ўжо існуе шмат прычын" Сваім поглядам на магчымую рэформу пенсійнай сістэмы ў Беларусі, аб неабходнасці якой зноў узніклі дыскусіі і спрэчкі ў грамадстве, наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам Л.Ф.Заікам.
— Леанід Фёдаравіч, відаць па ўсім, павышэння тэрміну выхаду на пенсію ў недалёкай будучыні нам не пазбегнуць. Якія існуюць аб'ектыўныя аргументы на карысць гэтага кроку? — Першы. Сёння сродкі на пенсіі, як вядома, бяруцца з заробкаў працуючых і потым перадаюцца тым, хто перайшоў вызначаны ўзроставы рубеж: суадносна жанчыны 55 і мужчыны 60 гадоў. Пажылых людзей у Беларусі становіцца ўсё больш. У сувязі з гэтым з кожным годам узрастае нагрузка на працуючых. Гэтая праблема вельмі актуальная, і яе трэба неадкладна вырашыць. Цягнуць з гэтым не ў інтарэсах грамадства. Павышэнне пенсійнага ўзросту дазволіць скараціць колькасць пенсіянераў і зэканоміць шмат фінансавых сродкаў. Давайце паглядзім, што ўяўляе сабой сярэдні беларускі пенсіянер у грашова-валютным вымярэнні. Калі браць яго фінансавую вагу, то гэта штомесячная выплата ў памеры крыху больш за 100 долараў. У нас сёння 2600 тысяч пенсіянераў. Значыць, штомесячная сумарная выплата пенсій па краіне складае больш за 260 мільёнаў у доларавым эквіваленце. А за год гэта будзе больш чым 3 мільярды амерыканскіх долараў. Пенсіі ў нас пастаянна растуць, а значыць, і павялічваюцца выдаткі на іх выплату. Другі аргумент. Рост працягласці жыцця, паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, павышэнне дабрабыту — вось аб'ектыўныя прычыны для перагляду пенсійнага заканадаўства, а прасцей кажучы, павелічэння пенсійнага ўзросту. Відаць, зусім не выпадкова ў апошнія гады назіраецца ўхіл у бок павышэння пенсійнага ўзросту ў многіх краінах — напрыклад, у такіх нашых суседзяў, як Украіна, Польшча і г.д. — Да нас пастаянна прыязджаюць эканамісты, эксперты, аналітыкі з вядомых фондаў і банкаў. Што яны раяць? — У асноўным адно і тое ж — павысіць планку выхаду на пенсію. Напрыклад, эксперты Сусветнага банка таксама падкрэсліваюць неабходнасць рэфармавання пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Па іх ацэнцы, старэнне насельніцтва будзе павялічваць нагрузку на пенсійную сістэму краіны. Паводле прагнозаў Сусветнага банка, "ужо ў 2014 годзе прафіцыт бюджэту пенсійнага фонду зменіцца структурным дэфіцытам на фоне паніжэння каэфіцыентаў замяшчэння для будучых пенсіянераў". Прасцей кажучы, будзе ўсё складаней знаходзіць сродкі для выплаты пенсій. Таму эксперты Сусветнага банка прапаноўваюць павысіць пенсійны ўзрост, замяніць індэксацыі пенсій у сувязі з ростам заработнай платы на індэксацыю ў сувязі з ростам цэн, знізіць стаўкі ўзносаў і ўвесці ўмоўна-назапашвальныя рахункі. — Разумных людзей заўсёды варта паслухаць. Але здаецца, што на Захадзе перагінаюць палку з пенсійным узростам. У многіх еўрапейскіх сталіцах узрост выхаду на пенсію збіраюцца ўзняць да 67 гадоў. Наколькі я ведаю, у Вялікабрытаніі ўжо разглядаецца пытанне аб павышэнні пенсійнага ўзросту аж да 70 гадоў! А якая планка можа задаволіць насельніцтва Беларусі? — Я лічу, што ў нас лепш за ўсё пачынаць з невялікага павышэння пенсійнага ўзросту — да 57 гадоў для жанчын і да 62 для мужчын. А потым, не адразу, а паступова, патроху ўздымаць па меры неабходнасці планку кожны год. Пры гэтым можна падумаць аб усталяванні аднолькавага ўзросту выхаду на пенсію мужчынам і жанчынам, магчыма, да аднаго і таго ж ўзроўню. — Цяпер давайце пагаворым аб саміх пенсіях, іх змесце, крыніцах і шляхах стварэння. Дык што ўвогуле такое пенсія як сацыяльная з'ява? Цікава, між іншым, калі яна ўзнікла? — Калі мы зазірнём у тлумачальны слоўнік, то прачытаем, што пенсія (ад лацінскага слова реnsіо — плацеж) — гэта рэгулярныя грашовыя выплаты грамадзянам пэўнай краіны. Сёння нават цяжка дакладна сказаць, дзе, хто і калі першым прыдумаў такі від дзяржаўнага заахвочвання і матэрыяльнай падтрымкі чалавека ў сталыя гады за яго былыя заслугі перад Айчынай, як пажыццёвая рэнта — пенсія. Вядома толькі, што гэтай прывілеяй у старажытныя часы карысталіся пераважна вайскоўцы — напрыклад, рымскія легіянеры пасля дэмабілізацыі. У Расіі пры Пятру І пенсіі па старасці выплачваліся марскім афіцэрам. З тых часоў шмат вады ўцякло. Сёння ў кожнай краіне дзейнічае свая пенсійная сістэма. — Якая, на вашу думку, новая пенсійная сістэма ў нашай краіне лепш за ўсё адпавядала б патрабаванням часу? — Ёсць такая пенсійная сістэма — накапляльная. Яна атрымоўвае ўсё большае пашырэнне ў свеце. Яе сутнасць даволі простая. На працягу працоўнага жыцця чалавек адкладвае пэўную частку свайго заробку на спецыяльны рахунак у пенсійнай ці ў іншай фінансавай установе — на яго выбар. Накапляльную пенсію можна параўнаць з дэпазітам у салідным банку з той розніцай, што дэпазіт дзейнічае пэўны, прычым непрацяглы, перыяд. Перавага накапляльнай пенсіі перад звычайнай у нашай практыцы пенсіяй у тым, што назапашаныя чалавекам сродкі на пенсію ў выпадку яго смерці не знікаюць, а перадаюцца ў распараджэнні яго сям'і, нашчадкам. Гэта таксама моцны стымул для пераходу на такую пенсійную сістэму. Увогуле, аб выхадзе на пенсію (дакладней, аб тых сродках, на якія прыйдзецца потым жыць усе тыя гады, якія будуць адпушчаны звыш) усім нам, асабліва 40-гадовым, трэба думаць загадзя. Неабавязкова ў маладыя гады, але пажадана ў сярэднім узросце. Бо гэта, на мой погляд, не самая лепшая савецкая традыцыя, якая засталася нам у спадчыну — жыць пасля дасягнення пэўнага ўзросту толькі на дзяржаўную пенсію. У многіх краінах паступаюць інакш. У Швецыі, напрыклад, мінімальная пенсія выплачваецца ўсім, незалежна ад працоўнага стажу. Прыкладна ў памеры 400-500 дол. Нават тым, хто ўвогуле не працаваў. Яна, зразумела, зусім невялікая, але дазваляе зводзіць канцы з канцамі. Тыя шведы, якія думаюць аб сваёй старасці, паступова збіраюць грошы на жыццё тады, калі пойдуць на заслужаны адпачынак. Для іх паслуг розныя прыватныя пенсійныя фонды, прычым не толькі айчынныя. Швед, калі яму гэта выгадна, можа звярнуцца да паслуг аўстрыйскіх ці нямецкіх фондаў. У Швецыі на гэты конт поўная свабода выбару. — У Расіі таксама створаны пенсійныя фонды. Ці змогуць грамадзяне Беларусі, з улікам таго, што яны ўжо жывуць ва ўмовах Мытнага саюза (а хутка будуць жыць у Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана), карыстацца паслугамі расійскіх ці казахстанскіх пенсійных фондаў? — Чаму б і не? Пенсійныя прыватныя фонды як фінансавыя інстытуты, думаю, будуць працаваць на тэрыторыі гэтых краін. І кожны іх жыхар зможа сам шукаць больш выгаднае месца ўтрымання сваіх пенсійных зберажэнняў. Свабода выбару павінна быць заўсёды за чалавекам. — Магчыма, яму захочацца трымаць грошы адразу ў некалькіх фондах: беларускім, казахстанскім і расійскім. Што тады? — А нічога " тады". Няхай трымае, калі ёсць што трымаць. Я думаю, што з цягам часу падобная практыка будзе распаўсюджана. Гэта сёння агучванне такога падыходу здаецца нечым нерэальным і нават фантастычным. Але свет хутка мяняецца. І не за гарамі той час, калі нашы суайчыннікі будуць з дапамогай розных фінансавых інстытутаў і інструментаў загадзя ствараць прыкладны памер будучай пенсіі і мець магчымасць выходзіць на заслужаны адпачынак не ў 60, 62 ці 65, а ў 50 гадоў. Так, не здзіўляйцеся, менавіта ў 50 гадоў. Бо дзякуючы прадуманым дзеянням са сваімі сродкамі яму, патэнцыяльнаму пенсіянеру, удасца стварыць ўласную падушку фінансавай бяспекі. Упэўнены, што недзе гадоў праз 20 гэта стане рэальнасцю. — Але як звычайнаму чалавеку разабрацца ў прапановах усіх гэтых фондаў, не памыліцца і не трапіць у пастку фінансавых драпежнікаў на лёгкія чужыя грошы? — Я думаю, што кампетэнтныя дзяржаўныя органы паклапоцяцца аб тым, каб са сродкамі пенсійных зберажэнняў не "гулялі" па сваіх крымінальных правілах і паняццях прайдзісветы і махляры. Па-другое, упэўнены, з будучымі пенсіянерамі будзе праводзіцца элементарны эканамічны лікбез на вышэйзгаданую тэму. Тым больш, што многія з іх ужо валодаюць камп'ютарам. У развітых краінах даўно зразумелі: каб дастойна жыць у пажылым узросце, лепш усяго да выхаду на працоўную пенсію варта падумаць аб дадатковых крыніцах яе стварэння. Элементарны прыклад: дастаткова мець на выгадным дэпазіце, скажам, у "Беларусбанку", 30 мільёнаў беларускіх рублёў, каб штомесяц атрымоўваць у выглядзе выплаты працэнтаў істотную фінансавую падтрымку. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сваім поглядам на магчымую рэформу пенсійнай сістэмы ў Беларусі, аб неабходнасці якой зноў узніклі дыскусіі і спрэчкі ў грамадстве, наш карэспандэнт гутарыць з...
|
|