Вышэйшая адукацыя: на першым плане веды, а не права на льготы
12.11.2011
—
Новости Общества
|
"Новая рэдакцыя правіл прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы будзе зацверджана да канца гэтага года", — заявіў на брыфінгу журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК. Што новага чакаць абітурыентам? Па словах Аляксандра Жука, падрыхтаваныя змяненні і дапаўненні ўжо адпраўлены ва ўсе навучальныя ўстановы. Напрыканцы лістапада ў Міністэрстве адукацыі пройдзе калегія, прысвечаная падвядзенню вынікаў апошняй прыёмнай кампаніі і абмеркаванню новых пазіцый, якія могуць з'явіцца ў правілах прыёму. А затым дакумент будзе ўнесены на разгляд кіраўніку дзяржавы: — Пры распрацоўцы новых палажэнняў мы імкнуліся рэалізаваць тры галоўныя прынцыпы — забяспечыць празрыстасць, аб'ектыўнасць і сацыяльную справядлівасць пры правядзенні конкурснага адбору. Вышэйшая адукацыя не з'яўляецца ў нашай краіне абавязковай, а таму ў ВНУ павінны паступаць маладыя людзі, якія не проста жадаюць, але яшчэ і маюць адпаведную падрыхтоўку, каб засвоіць праграму вышэйшай школы. За мінулы навучальны год з розных ВНУ былі адлічаны 15 тысяч чалавек. Пераважная большасць з іх — па прычыне непаспяховасці. Менавіта таму цяпер на першым плане пры паступленні ў ВНУ будуць стаяць усё ж такі веды, а не права на льготы. Правам пазаконкурснага залічэння ў кола студэнтаў ВНУ па-ранейшаму будуць карыстацца толькі пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па школьных дысцыплінах, прызёры сур'ёзных спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў. Праўда, колькасць прызавых месцаў на заключным туры рэспубліканскіх алімпіяд, якія даюць права на аўтаматычнае залічэнне ў кола студэнтаў, можа быць па некаторых прадметах зменшана. Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў звярнула ўвагу, што ў гэтым годзе на заключным туры рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве быў 21 пераможца з вучняў 11-х класаў: 4 уладальнікі дыплома першай ступені, 6 уладальнікаў дыплома другой ступені і 11 уладальнікаў дыпломаў трэцяй ступені. І ўсе яны паступалі без экзаменаў, зразумела, на самыя прэстыжныя спецыяльнасці. У тым ліку на тыя, дзе быў малаколькасны набор. Напрыклад, у БДУ на спецыяльнасці "Міжнароднае права", дзе план набору складаў усяго 15 чалавек, яны занялі адразу 60 працэнтаў месцаў. — Мы лічым, што наяўнасць ільгот для пэўных катэгорый абітурыентаў вельмі адмоўна ўплывае на справядлівасць правядзення ўступнай кампаніі, — дадаў Аляксандр Жук. — Мы не збіраемся кідаць маладых людзей, якім патрабуецца дзяржаўная падтрымка, сам-насам з праблемамі сацыяльнага плана, але дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца ім ўжо пасля праходжання конкурснага адбору. Гэта можа быць гарантаванае месца ў студэнцкім інтэрнаце, ільготны крэдыт на навучанне, сацыяльныя выплаты і гэтак далей. Акрамя таго, мы захоўваем ранейшыя льготы пры паступленні для тых, хто жадае атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй вельмі патрабуюцца нашай эканоміцы. А пры паступленні ў ССНУ пасля заканчэння базавай школы мы ўвогуле збіраемся адмовіцца ад уступных іспытаў і праводзіць конкурсны адбор на падставе адзнак у пасведчанні аб заканчэнні агульнай базавай адукацыі. Яшчэ адно важнае новаўвядзенне — павышэнне вагі профільнай дысцыпліны пры паступленні на біялагічныя, матэматычныя, фізічныя і хімічныя спецыяльнасці. Для другой профільнай дысцыпліны прапануецца ўвесці каэфіцыент 2. Будзе ўведзены таксама і ніжні парог, які не дазволіць удзельнічаць у конкурсе абітурыентам з нізкімі баламі. Вось толькі ў міністэрстве пакуль не вызначыліся, якой будзе гэта мяжа. Магчыма, яшчэ да тэставых выпрабаванняў стане вядома, што, напрыклад, 10 працэнтаў абітурыентаў з самымі нізкімі баламі не будуць дапушчаны да ўдзелу ў конкурсе. А можа быць, пасля праверкі ўсіх тэставых работ будуць вырашаць, колькі абітурыентаў застануцца за бортам. Натуральна, што на розных дысцыплінах можа быць устаноўлена свая ніжняя мяжа. Гэта пытанне знаходзіцца яшчэ пакуль у стадыі абмеркавання... Навучэнцаў сельскіх навучальных устаноў ужо некалькі апошніх гадоў рыхтавалі да думкі, што раней ці пазней, але асобны конкурс для абітурыентаў з сельскай мясцовасці і гараджан, які калісьці задумваўся ў якасці падтрымкі сельскай моладзі, будзе адменены. І вось гэта, нарэшце, можа здарыцца. — У апошнія гады выпускнікі сельскіх навучальных устаноў дэманстравалі пры паступленні стабільна высокія веды, і колькасць такіх студэнтаў ВНУ павялічылася ў 1,5 раза. Практыка залічэння паказала збліжэнне прахадных балаў выпускнікоў сельскіх і гарадскіх навучальных устаноў. Менавіта таму ў БДУ па 24-х спецыяльнасцях з 52-х залічэнне адбывалася сёлета па агульным конкурсе, у БДПУ — па 18-ці з 40 спецыяльнасцяў. Аналагічная сітуацыя назіралася і ў іншых ВНУ. Можна меркаваць, што палітыка па стварэнні аграгарадкоў, узбуйненні школ і павышэнні якасці адукацыйнага працэсу прывяла да таго, што выпускнікі сельскіх школ ужо ні ў чым не саступаюць гараджанам. Пры паступленні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на педагагічныя спецыяльнасці прапануецца ўзаконіць наступнае патрабаванне: будучыя педагогі павінны будуць прадастаўляць у прыёмную камісію рэкамендацыю педагагічнага савета навучальнай установы. Дзе, як не ва ўласнай школе, педагогі могуць ацаніць сур'ёзнасць прафесійных намераў свайго выпускніка. Ёсць і прыёмная навіна для нашых суседзяў-расіян, а таксама для грамадзян Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Рэспублікі Таджыкістан. Яны змогуць паступаць да нас на платную форму навучання без здачы ўступных іспытаў — па выніках субяседавання (як іншаземныя грамадзяне). Разам з тым, захаваецца і ранейшы механізм паступлення для ўсіх грамадзян вышэйпералічаных краін, хто захоча скарыстацца сваім правам на атрыманне адукацыі ў Беларусі праз конкурсны адбор. Па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання праз конкурсны адбор яны змогуць паступаць як на платныя, так і на бюджэтныя месцы з атрыманнем стыпендыяльнай падтрымкі. Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Новая рэдакцыя правіл прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы будзе зацверджана да канца гэтага года", — заявіў на брыфінгу журналістам...
|
|