Пісьменнікі рушылі насустрач жыццю. 21.by

Пісьменнікі рушылі насустрач жыццю

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

11 лістапада завяршыўся двухдзённы візіт у Магілёўскую вобласць дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

"Уражанні вельмі глыбокія і значныя, таму што гэты рух — не толькі насустрач чытачу, але насустрач самому жыццю", — зрабіў выснову галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Мікола Мятліцкі.

Пісьменніцкая пятніца

У пятніцу працоўны дзень дэлегацыі Саюза пісьменнікаў прайшоў у Магілёве. Спачатку яны наведалі мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле", дзе ўсклалі кветкі ў памяць абаронцаў Магілёва 1941 года і ахвяр вайны.

Далей — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, які носіць імя пісьменніка Аркадзя Куляшова, цёпла прывітаў гасцей. Яны сустрэліся з кіраўніцтвам і студэнтамі, а больш за ўсё парадаваліся падарунку рэктара ўніверсітэта Канстанціна Бандарэнкі. Гэта невялікі набор кніжак — першая спроба пяра студэнтаў і выкладчыкаў.

— Давайце разам гадаваць маладых, дапамажыце нам новымі кадрамі, — тут жа адгукнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Каб у Беларусі былі таленавітыя людзі, інтэлектуальныя і творчыя, якія б далей развівалі краіну.

— Спадзяюся, што вы станеце аўтарамі нашых часопісаў, — звяртаўся да студэнтаў Мікола Мятліцкі. — Хочацца, каб маладое пакаленне прыйшло ў літаратуру, бо ўжо не нам, а моладзі пісаць галоўныя творы ХХІ стагоддзя. Такі спаконвечны рух у літаратуру талентаў. І калі гэтыя таленты з'яўляюцца, то зорнае неба Беларусі становіцца яшчэ больш ясным і яркім.

У студэнцкіх аўдыторыях пісьменнікі расказвалі пра творы і жыццё. Увагай філолагаў, несумненна, валодалі паэты: Тамара Краснова-Гусачэнка чытала пра маці, Ганна Міклашэвіч — пра першае каханне, малады паэт Алесь Бараноўскі — пра шчасце. Пасля кожнага верша — апладысменты. Дзяўчаты былі ў замілаванні і слухалі нават са слязамі на вачах.

А вось падчас наведвання прамысловых прадпрыемстваў на першы план выйшлі пісьменнікі-мужчыны. На "Магілёўліфтмашы" яны літаральна закідалі эканамічнымі пытаннямі генеральнага дырэктара Анатоля Цюкава і цікавіліся ўсім — ад колькасці вырабленых ліфтаў, сярэдняга заробку (дарэчы — 3,8 млн за кастрычнік) да эксперыментальнай вышкі-паркоўкі для аўтамабіляў. Яшчэ адна група пабывала на прадпрыемстве "Бабулін гладыш". На прадпрыемствах адбыліся сустрэчы пісьменнікаў з працоўным актывам.

Апошнім пунктам праграмы ў Магілёве стала наведванне музея гісторыі Магілёва, які месціцца ў гарадской ратушы. Там (з рыцарамі і сярэднявечнымі танцамі) адбылося ўрачыстае адкрыццё новых элементаў у экспазіцыі музея. Удзельнікаў свята прывіталі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка і старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка.

У глыбінку

Мікола Мятліцкі, як і ўсе яго калегі, перакананы, што ў выніку новых паездак народзяцца новыя творы:

— Пісьменніку абавязкова трэба ісці ў жыццё. Можа, не заўсёды такімі шырокімі бальшакамі, але мацаць нашу Беларусь пальцамі, сэрцам, душой. Толькі тады народзяцца па-мастацку высокія і годныя творы, якія наш народ чакае вельмі цярпліва. Гэта абавязкова здарыцца! Таму што мы пабудавалі дастойную краіну, якая мае права і на дастойную літаратуру.

Беларускія пісьменнікі ў кожным кутку краіны бачаць сваю адметнасць, сустракаюць новых цікавых людзей. Драматурга і нарысіста Ірыну Масляніцыну вельмі кранулі дзеці:

— Яны адразу выклікаюць сімпатыю сваім шчырым стаўленнем да роднай мовы, культуры і гісторыі. Бачыш, што падрастаюць маленькія чытачы. Яны будуць чытаць кнігі, якія мы пішам. Добра, што мы працуем не кудысьці ў паветра, а для людзей, якіх зможам чаму-небудзь навучыць. Было вельмі прыемна дарыць свае кнігі, таму што мы ведаем, што іх абавязкова пачытаюць.

Першы намеснік дырэктара РВУ "Літаратура і Мастацтва" — галоўны рэдактар часопіса "Нёман" Алесь Бадак лічыць, што трэба часцей ездзіць у правінцыю:

— Пісьменнікі часцей за ўсё сустракаюцца са сваімі чытачамі, выступаюць перад імі ў Мінску і кепска ведаюць глыбінку. А глыбінка — гэта якраз глыбіня духоўнасці тых думак і пачуццяў, якіх не хапае нашым кніжкам. Таму сустрэчы ў рэгіёнах вельмі патрэбны. Яны яшчэ раз пераконваюць, што ёсць цікавыя тэмы, сюжэты і людзі, пра якіх можна і трэба пісаць.

Хто будзе новым Анегіным?

Пошукі літаратурных герояў новага часу — справа заўсёды актуальная для пісьменнікаў. Пра каго сёння пісаць, хто варты ўвагі?

— Цяпер у нас мала пішуць пра такіх герояў, як Анегін, — усміхнуўся пытанню лідар пісьменніцкай арганізацыі Мікалай Чаргінец. — Але яны, нашы героі, ёсць у Беларусі, мы іх вывучаем у гэтых вандроўках па краіне. Мы ездзім не як турысты, а ўважліва назіраем за жыццём людзей.

Галоўны рэдактар Часопіса "Маладосць" Таццяна Сівец гатова расказаць пра герояў нашага часу ў сваіх творах:

— Пасля наведвання і Салігорска, і Бялынічаў хочацца напісаць пра людзей, якіх я сустрэла. Кажуць часам, што няма ў нас наўкол герояў. Ёсць! Герой — гэта кожны чалавек, які побач. Напрыклад, у Салігорску я пазнаёмілася з маладым шахцёрам і паабяцала яму, што свайго героя будучай кніжкі абавязкова назаву Дзімам, у яго гонар. Будзем расказваць пра людзей, якія жывуць у нашай краіне. Пра зямлю нашу, якая нам дадзена лёсам, на якой мы працуем і дзеля якой мы жывём.

— Калі параўноўваць з эпохай ХХ стагоддзя, то маладыя людзі ўжо мараць стаць не касманаўтамі, а бізнэсменамі, — выказаўся Алесь Бадак. — Але калі казаць пра душу, то з геройскімі якасцямі нічога не памянялася. Душа чалавечая засталася. Героі — гэта людзі, якія наперадзе.

Чытайце кнігі СМС-камі

Яшчэ адно актуальнае пытанне да пісьменнікаў — пра новыя рэаліі. Калі лепшыя душэўныя якасці героя не змяніліся з часам, то інфармацыйная прастора стала кардынальна іншай. Жыццё паскорылася, з'явіліся новыя тэхналогіі, а інтэрнэт і новыя сродкі зносін паміж людзьмі сталі ўжо бадай што звыклымі. Электронныя прыстасаванні для чытання (можа, і павольна, але настойліва) ідуць на змену папяровым. Кнігі цяпер можна пампаваць з інтэрнэту. А ў арсенале пісьменнікаў ужо з'явіліся новыя жанры: раман у электронных лістах ужо быў, наступны крок — у СМС-ках (?).

— Мы будзем шукаць нашых чытачоў у інтэрнэце і паказваць ім, што можам прапанаваць пачытаць, — не губляе пазітыўнага настрою Таццяна Сівец. — Напрыклад, у новым нумары "Маладосці" ёсць аповесць Валерыя Гапеева "Трафік для паэта": пра тое, як сучасны малады чалавек, які піша вершы, хоча знайсці сабе грошы на першую кніжку. І дзякуй Богу, што нашым маладым творцам усё ж такі не трэба ісці такім цяжкім шляхам, як гэтаму герою, таму што Саюз пісьменнікаў Беларусі і дзяржава дапамагае выдаць першую кніжку. Каб сказаць кожнаму маладому творцу: "Я не самотны, я кнігу маю".

Алесь Бадак нават абурыўся "правакацыямі" пра тое, што нібыта інтэрнэт шкодзіць літаратуры і пісьменнікам.

— Інтэрнэт, наадварот, дапамагае пісьменніку! — рашуча заявіў галоўны рэдактар "Нёмана". — У сеціве можна распаўсюджваць і рэкламаваць свае творы. Нарэшце, гэта дапамагае сустракацца з чытачамі. Калі пакінуць свой электронны адрас пад сваім творам у інтэрнэце, можна перапісвацца. Можна заходзіць на форумы і глядзець, што чытачы ў тых жа Бялынічах і Магілёве думаюць пра твае творы. Гэта заўсёды карысна для пісьменніка. Таму інтэрнэт — гэта вялікі памочнік беларускага (і не толькі беларускага) пісьменніка.

Глабалізм слова

У адной з сустрэч з чытачамі Мікалай Чаргінец сказаў пра тое, што пісьменнік сёння павінен быць аналітыкам і нават празарліўцам. Ведаць, што робіцца навокал, і дыктату глабалізму ў свеце супрацьпаставіць глабалізм слова.

— Пісьменнікі павінны падтрымаць у няпросты час дзяржаву і чалавека, — упэўнены старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. — Можа, у нас і ёсць цяжкасці, але гэта часовая сітуацыя. Мы маем добрыя перспектывы, дзейнічае эканоміка, і нам варта нагадваць пра гэта людзям.

У размове з магілёўцамі прагучала простая і слушная выснова: калі пісьменнік гаворыць, што ён піша для самога сябе, — гэта кепска. Ён павінен пісаць для чытача і, галоўнае, любіць яго, бачыць і вельмі паважаць. Тады ўсё будзе выдатна. Няхай так і будзе.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 лістапада завяршыўся двухдзённы візіт у Магілёўскую вобласць дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. "Уражанні вельмі глыбокія і значныя, таму што гэты рух —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика