14 мільёнаў рублёў — цана волі. 21.by

14 мільёнаў рублёў — цана волі

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хітрую махінацыю правяла загадчыца фермы па павелічэнні сабе заработнай платы ў некалькі разоў. Аднак мільёны не доўга знаходзіліся ў яе кашальку. Праз некаторы час прыйшлося вярнуць выкрадзенае, а таксама выплаціць штраф, які практычна ў два разы перавышае суму здабытых злачынным шляхам грошай.

А ўсё пачалося летась у лістападзе, калі ў пракуратуру Бешанковіцкага раёна паступіў матэрыял праверкі ў дачыненні да загадчыцы фермы, якая ўносіла лжывыя звесткі ў табель працоўнага часу. Пры правядзенні праверкі было ўстаноўлена, што гэтая адказная асоба аформіла на работу сваю дачку, якая на той момант была цяжарная. І загадчыца, безумоўна, ведала пра тое, што дачка не зможа выконваць ускладзеную на яе працу. Яна, скарыстаўшыся сваім службовым становішчам, а таксама даверлівымі адносінамі з іншымі работнікамі фермы, папрасіла некалькіх чалавек выконваць работу за яе дачку. А самім "добраахвотным памочнікам" у гэты час, як сведчаць афіцыйныя дакументы, трэба было знаходзіцца ў адпачынку. Такім чынам, работнікі, якія знаходзіліся ў адпачынку, атрымлівалі адпускныя, а загадчыца фермы атрымлівала заработную плату сваёй дачкі ў памеры каля 1 мільёна рублёў (а ў некаторых выпадках — і 1,7 мільёна).

Таксама пры вывучэнні дакументацыі следствам было ўстаноўлена, што загадчыца ў адзін і той жа час умудрылася знаходзіцца і ў адпачынку, і на бальнічным. Пры гэтым яна за кошт складанай сістэмы махінацый атрымлівала адпускныя, заработную плату і аплату бальнічнага ліста — у агульнай суме каля 4 мільёнаў рублёў. Праз некаторы час яе дачка пайшла ў дэкрэтны адпачынак і атрымала каля 4,5 мільёна рублёў, якія нібыта належалі ёй за адпрацаваны час.

Па выніках дадатковых праверак, у дачыненні да маці з дачкой пракуратурай Бешанковіцкага раёна была заведзена крымінальная справа па адпаведнай частцы Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае адказнасць за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзяйсненне групай асоб па папярэдняй змове.

Прыцягненнем дачкі загадчыцы да крымінальнай адказнасці паслужыла тое, што яна ведала, што на працу выходзіць не будзе і пры гэтым падпісвала неабходныя афіцыйныя дакументы. Такім чынам, яна ўступіла ў змову са сваёй маці, каб атрымліваць незаконную зарплату і грашовую дапамогу па доглядзе за дзіцем.

Падчас расследавання крымінальнай справы загадчыца ў поўным аб'ёме пакрыла прычыненую дзяржаве шкоду.

Як паведаміў "Звяздзе" следчы аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці (па Бешанковіцкім раёне) Сяргей Шаранкоў, па выніках разгляду крымінальнай справы ў судзе Бешанковіцкага раёна загадчыцы прысуджаны штраф у памеры 150 базавых велічынь (5 250 000 рублёў), а яе дачцэ — штраф у памеры 3,5 мільёна рублёў. Дарэчы, санкцыя часткі 2. артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае мінімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Аднак судом было ўлічана, што маці і дачка ўпершыню прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, абедзве маюць на ўтрыманні малалетніх дзяцей.

Такім чынам, з улікам прычыненай злачынствам шкоды і прызначаным пакараннем, маці і дачцэ давядзецца аддаць дзяржаве каля 14 мільёнаў рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хітрую махінацыю правяла загадчыца фермы па павелічэнні сабе заработнай платы ў некалькі разоў. Аднак мільёны не доўга знаходзіліся ў яе кашальку. Праз некаторы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика