Ці з'явіцца ў работнікаў дашкольных устаноў сваё прафесійнае свята?. 21.by

Ці з'явіцца ў работнікаў дашкольных устаноў сваё прафесійнае свята?

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора ў сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ва ўрачыстай абстаноўцы былі аб'яўлены пераможцы першага рэспубліканскага конкурсу сярод дашкольных устаноў. А напярэдадні ў сценах БДПУ адбыўся "круглы стол" "З любоўю да прафесіі", удзельнікі якога паспрабавалі знайсці адказ на прынцыповыя пытанні. Ці патрэбна выхавальнікам дашкольных устаноў вышэйшая педагагічная адукацыя? Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які працуе з малымі? Што больш важна ў рабоце выхавальніка — любоў да дзяцей ці валоданне сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі і методыкамі? Як спыніць адток кадраў з дашкольных устаноў і як прыцягнуць у педагагічныя ВНУ высокаматываваных абітурыентаў? Актыўны ўдзел у дыскусіі ўзялі як канкурсанты, так і члены арганізацыйнага журы, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага саставу, а таксама студэнты.

Першы прарэктар БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр АНДАРАЛА не ўтойваў сваёй заклапочанасці павелічэннем выпадковых людзей у гэтай вельмі важнай высакароднай прафесіі. Вядома, што да васьмі гадоў дзіця атрымлівае 85 працэнтаў усёй інфармацыі, неабходнай яму для далейшага жыцця. Менавіта ў гэтым узросце фарміруецца яго асоба і закладваецца інтэлектуальны патэнцыял. Шчаслівае здаровае дзяцінства і далейшы лёс кожнага дзіцяці напрамую залежаць ад мудрасці выхавальніка, яго цярпення і ўвагі да ўнутранага свету дзіцяці. У дашкольнай установе нельга проста адпрацаваць змену і пайсці дадому. Да кожнага дзіцяці абавязкова трэба шукаць падыход, высвятляць яго праблемы, аналізаваць іх і вырашаць сумесна з бацькамі і псіхолагам.

Замежныя навукоўцы даказалі, што найбольш высокі ўзровень аддачы ад інвестыцый у чалавечы капітал даюць інвестыцыі ў сістэму дашкольнай адукацыі. Вось чаму ва ўсім свеце сёння самая пільная ўвага ўдзяляецца развіццю менавіта дашкольнай адукацыі. Аднак у нашым грамадстве работа выхавальніка, на жаль, не лічыцца прэстыжнай. У суседняй Расіі правялі сацыялагічнае апытанне, падчас якога высветлілася, што самі педагогі у рэйтынгавай табліцы педагагічных прафесій паставілі прафесію выхавальніка на апошняе месца. Наўрад ці ў Беларусі былі б прынцыпова іншыя вынікі апытання.... Ці не такім стаўленнем да прафесіі выхавальніка ў грамадстве тлумачыцца той факт, што па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі па беларускай, рускай мове і матэматыцы першакурснікі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ адстаюць ад першакурснікаў усіх іншых факультэтаў. Гэта паказала, у прыватнасці, рэктарская праверка...

— Калісьці верасень мы традыцыйна прысвячалі дапамозе сельскім гаспадаркам ва ўборцы ўраджаю, а цяпер мы вымушаны першы месяц прысвячаць падцягванню ведаў усіх першакурснікаў да ўзроўню ВНУ па асноўных прадметах, — з сумам канстатаваў Аляксандр Андарала. — Сёння многія спрачаюцца на тэму, колькі гадзін трэба адводзіць на педагогіку і псіхалогію. А мне падаецца, што сапраўдная бяда — калі выхавальнік не можа сказаць дзецям ніводнага слова на беларускай мове, калі педагог не любіць чытаць. Выхавальнік павінен быць найперш сапраўдным спецыялістам, адукаваным і ўсебакова развітым чалавекам, бо побач з імі знаходзяцца не толькі дзеці, але і бацькі, узровень культуры якіх таксама трэба ўзнімаць.

Ёсць меркаванне, што будучым выхавальнікам яшчэ ў студэнцкія гады трэба часцей наведваць дашкольныя ўстановы, каб мець дакладнае ўяўленне аб будучай прафесіі, трэба больш часу адводзіць падчас навучання ва ўніверсітэце на педагагічную практыку. Напэўна, гэта і сапраўды так, бо ёсць сярод студэнтаў і такія, якія лічаць, што пасля заканчэння ВНУ яны будуць працаваць не з дзецьмі ў групе, а інструктарамі-метадыстамі. Як кажуць, смех скрозь слёзы...

У Расіі для таго, каб прыцягнуць увагу грамадства да сістэмы дашкольнай адукацыі, устанавілі свята — Дзень дашкольнага работніка. Ёсць жа сваё свята ў настаўнікаў? А выхавальнікам з "настаўніцкага стала" заўсёды заставаліся толькі крошкі ўвагі. Тым больш што работнікі дашкольных устаноў — гэта не толькі выхавальнікі, але і музычныя работнікі, лагапеды, інструктары па фізкультуры і нават медыкі, якія клапоцяцца пра здароўе будучага пакалення. Усе яны таксама ўкладваюць у работу сваю душу і сваё майстэрства.

У Беларусі пакуль свайго прафесійнага свята работнікі дашкольных устаноў не маюць. Намеснік міністра адукацыі Казімір ФАРЫНО паабяцаў, што над гэтым пытаннем у міністэрстве падумаюць:

— Давайце паглядзім, як грамадства адрэагуе на першы рэспубліканскі конкурс сярод дашкольных устаноў, які якраз задумваўся з мэтай павышэння прэстыжу дзейнасці выхавальнікаў. Разглядаліся розныя варыянты: праводзіць конкурс або сярод выхавальнікаў, або сярод дашкольных устаноў. Вырашылі спыніцца на другім варыянце, паколькі палічылі, што асяроддзе, у якім знаходзіцца дзіця, трэба ацэньваць у цэлым: усе лепшае, што яго акружае, стваралася не адным педагогам, а ўсім калектывам. Мы будзем праводзіць такія конкурсы адзін раз у тры гады. Лепшага настаўніка года мы таксама вызначаем не кожны год. Спадзяёмся, што працягам гэтага конкурсу стане стварэнне творчага аб'яднання выхавальнікаў у клубе "Пралеска", які стане аналагам клуба "Крыштальны журавель", заснаванага пераможцамі і фіналістамі конкурсу "Настаўнік года".

Нагадаем, што ў першым этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшую дашкольную ўстанову ўдзел у ім узялі больш як 200 устаноў, а ў фінал трапілі 14 устаноў: 8 — гарадскіх і 6 — сельскіх. Сярод гарадскіх дашкольных устаноў першае месца і вялікую хрустальную пралеску заваяваў калектыў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 горада Магілёва. Дыплом другой ступені і малая хрустальная пралеска дасталіся Дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці № 75 Фрунзенскага раёна горада Мінска, а дыплом трэцяй ступені — санаторнаму яслі-саду № 118 Цэнтральнага раёна горада Мінска.

Званне лепшай дашкольнай установы сельскага населенага будзе насіць тры гады Чысцінскі яслі-сад №2 Маладзечанскага раёна. Другое месца ў гэтай намінацыі заваяваў калектыў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі Шчучынскага раёна, а дыплом ІІІ ступені — Холмецкі дзяржаўны яслі-сад Рэчыцкага раёна. Акрамя таго, уладальнікі дыпломаў І ступені атрымалі і матэрыяльнае заахвочванне ў памеры 130 базавых велічынь, уладальнікі дыпломаў ІІ ступені — 100 базавых велічынь, і 80 базавых велічынь склала матэрыяльнае заахвочванне "бронзавых" прызёраў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ва ўрачыстай абстаноўцы былі аб'яўлены пераможцы першага рэспубліканскага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика