Ваду ў Карбачоўцы дадуць цягам тыдня, у Даўгалессі — месяца А калі "водаправодная праблема" вырашыцца ўвогуле?. 21.by

Ваду ў Карбачоўцы дадуць цягам тыдня, у Даўгалессі — месяца А калі "водаправодная праблема" вырашыцца ўвогуле?

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Так часам бывае ў рэдакцыйнай практыцы: зыходзяцца практычна ў адзін час некалькі лістоў ці тэлефонных зваротаў на падобную тэму, але ад розных аўтараў, што жывуць далёка адзін ад аднаго. На гэты раз так адбылося з пытаннем адносна водазабеспячэння вясковых жыхароў. З невялікай розніцай са скаргамі на гэтую тэму ў "Звязду" звярнуліся мінчанка Ірына Дамброўская і жыхар вёскі Даўгалессе Гомельскага раёна Андрэй Ігнатавіч Мохараў.

Ірына Іванаўна хвалявалася за сваіх бацькоў, якія жывуць у вёсцы Карбачоўка Лагойскага раёна. "Бацьку за 70 гадоў, маці — 80. Няма халоднай вады: то помпа выйдзе са строю, то яшчэ нешта. Летам даводзіцца нават пасля дажджу ваду збіраць. Калодзежы ў вёсцы ёсць, але піць з іх не выпадае: вазілі з іх ваду на даследаванне — нешта там не тое. Дык як быць старым людзям, асабліва ў зімовы час? А ў Карбачоўцы ж пражывае каля ста чалавек".

Андрэй Ігнатавіч Мохараў — перасяленец з чарнобыльскай зоны. "На вуліцы, насупраць майго дома — калонка. Летам яшчэ карыстацца водаправодам можна, а зімой вады няма: калонка прамярзае, бо вада каля яе нікуды не сцякае, стаіць. Колькі жыву на новым месцы, сітуацыя штогод паўтараецца. Водаправод жа і рамантавалі не раз, а, бач ты, усё адно праблема рэгулярна вяртаецца. Ён знаходзіцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, звярталіся і туды, і ў сельскі Савет, ды што карысці... А наперадзе ж — зіма".

— У Карбачоўцы мясцовых чалавек 40 пражывае, плюс яшчэ, вядома, дачнікі на выхадныя прыязджаюць, летам дзеці з горада ў бабуль і дзядуляў гасцююць. Вёска адносна невялікая, але на водаправодзе "замкнёныя" тры падобныя па колькасці насельніцтва населеныя пункты. І пра вышэйзгаданую праблему мы ведаем, — распавёў на наш зварот старшыня Беларучскага сельскага Савета Станіслаў ПУЗІНОЎСКІ. — Таму за кошт сельсавета набылі чатыры новыя помпы і чатыры станцыі аўтаматыкі. Усё агулам каштавала 21 мільён рублёў, але што было рабіць? У Карбачоўцы новая помпа ўжо ўстаноўлена, яна зараз працуе ў ручным рэжыме. Справа ў тым, што паралельна з настройкай помпы даводзіцца ліквідаваць два парывы водаправода. Думаю, усе гэтыя работы будуць цалкам завершаны на працягу тыдня.

Добра ведаюць пра падобную ж праблему жыхароў і ў Даўгалескім сельскім Савеце. Не толькі ведаюць, але і спрабуюць зрабіць усё, што могуць.

— Давалі заяўкі ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Там абяцалі выправіць сітуацыю да канца года. Справа ў тым, што водаправод даўні, калонкі — яшчэ старых узораў. Для іх зараз не знайсці запчастак, а яны літаральна прагнілі знутры. Наколькі ведаю, вядзецца пошук аналагічных калонак у іншых месцах, каб можна было выкарыстаць іх для замены, — патлумачыла сітуацыю старшыня Даўгалескага сельскага Савета Марыя ПУГАЧОВА.

— Замянілі мы ў той калонцы насупраць дома вашага заяўніка адзін вузел, але плёну гэта не дало. Высветлілася, што пасадачнае гняздо дало карозію, трэба мяняць усю калонку цалкам. Сапраўды, зараз шукаем такі ранейшы закансерваваны ўзор у вёсках, дзе ўжо няма жыхароў, — пацвердзіў нам майстар жыллёва-эксплуатацыйнага цэха "Рудня — Марымонава" (структурнага падраздзялення прадпрыемства "Гомельскі райжылкамунгас") Сяргей МАЙСЮК. — Я думаю, што цягам месяца ўсе работы будуць цалкам завершаны і калонка па вуліцы Цэнтральнай у Даўгалессі запрацуе. Чаму такі тэрмін? Як сказаў, калонку трэба знайсці, перанесці, пры гэтым усе працы весці ў звязцы з сувязістамі, газавікамі — каб нічога не пашкодзіць пры замене калонкі.

Як бачым, праблемы мясцовых жыхароў абяцаюць адносна хутка (на што ёсць свае аб'ектыўныя прычыны) вырашыць. Беларучскі сельскі Савет нават здолеў выдзеліць немалую для яго бюджэту суму (паводле слоў старшыні, таму паспрыяў аўкцыённы продаж зямельных участкаў). Толькі... Мы ўжо неаднойчы пісалі, што "водаправодная праблема" ў вёсках з'яўляецца тыповай для многіх раёнаў. Малюнак практычна аднолькавы: водаправод яшчэ савецкіх часоў, камунікацыі цалкам не мяняліся дзесяцігоддзямі. Сродкаў хапае толькі на выпраўленне лакальных хібаў. Пацверджанне таму: і словы старшыні Беларучскага сельскага Савета Станіслава Пузіноўскага пра цяперашнія два парывы водаправода, і заўвага старшыні Даўгалескага сельскага Савета Марыі Пугачовай, што замена камунікацый шмат гадоў вялася толькі "кавалкамі" — дзе была вострая неабходнасць. Розныя геаграфічныя мясціны — аднолькавая праблема... Як і на якім узроўні яе вырашыць?

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так часам бывае ў рэдакцыйнай практыцы: зыходзяцца практычна ў адзін час некалькі лістоў ці тэлефонных зваротаў на падобную тэму, але ад розных аўтараў, што жывуць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика