Бетэльгейзэ пагражае нам выбухам?. 21.by

Бетэльгейзэ пагражае нам выбухам?

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паводле найбольш папулярнай тэорыі, дыназаўры на нашай планеце вымерлі ў выніку падзення метэарыта, аднак канадскія навукоўцы Дэйл Расэл і Тэкер Уолес з гэтым не згодны. Яны сцвярджаюць, што масавая гібель старажытных яшчараў была абумоўлена наступствамі выбуху паблізу ад нашай планеты звышновай зоркі. Паводле іх слоў, выбух прывёў да рэзкага пахаладання і такога ж рэзкага павелічэння ўльтрафіялетавага і рэнтгенаўскага выпраменьвання (у сотні разоў за некалькі дзён).

Больш за тое, некаторыя баязліўцы агучваюць меркаванні наконт магчымасці паўтарэння такога сцэнарыя ўжо ў нашы дні. Хоць самая блізкая да нас зорка — Сонца, паводле афіцыйнай касмалагічнай тэорыі, узрывацца не збіраецца, але, апроч яе, вакол нас больш чым дастаткова іншых "небяспечных" зор, якія быццам бы могуць выбухнуць у любы момант. Найбольшую занепакоенасць выклікае чырвоны звышгігант Бетэльгейзэ ў сузор'і Арыёна. Сцвярджаецца, што яго выбух абернецца для нашай Зямлі больш разбуральнымі наступствамі, чым у часы гібелі дыназаўраў. Навуковец Брэд Картэр перакананы, што ўзарвацца Бетэльгейзэ можа літаральна ў любы момант, бо, у адрозненне ад многіх іншых вядомых нам чырвоных гігантаў, гэты ўжо цяпер паводзіць сябе вельмі неспакойна. Зорка пастаянна пульсуе, то сціскаецца, то пашыраецца. Больш за тое, у канцы мінулага стагоддзя астраномы сфатаграфавалі Бетэльгейзэ ў інфрачырвоным дыяпазоне і выявілі, што зорку абкружае воблака газу, якое ў 400 разоў перавышае памеры Сонечнай сістэмы. Гэта можа быць сведчаннем таго, што ператварэнне ў звышновую ўжо распачалося і выбуху варта чакаць у самы бліжэйшы час. Па іншай версіі, Бетэльгейзэ ўжо ўзарваўся некалькі стагоддзяў таму, і цяпер ударная хваля звышжорсткага выпраменьвання набліжаецца да нас.

Аўтарытэтна

Наколькі абгрунтаваныя змрочныя прагнозы аб выбуху Бетэльгейзэ? Ці знікнем мы следам за дыназаўрамі ва ўспышцы звышновай? Па каментарый мы звярнуліся да дырэктара абсерваторыі БДУ, кандыдата фізіка-матэматычных навук Альгерда КУЗНЕЧЫКА.

— Гібель дыназаўраў не мае ніякага дачынення да выбуху звышновай, — патлумачыў Альгерд Паўлавіч. — Апошнія даследаванні даюць падставы меркаваць, што хутчэй за ўсё яна была абумоўлена вулканічнай актыўнасцю на Зямлі ў той перыяд, паколькі падзенне астэроіда, які традыцыйна лічылі прычынай катастрофы, адбылося на 500-800 гадоў пазней за згаданыя падзеі.

Што тычыцца зор увогуле і Сонца ў прыватнасці, трэба разумець, што яны не ўзнікаюць імгненна. Імі становяцца целы з масай большай за 10 у 31 ступені грама пасля працяглага протазорнага перыяду, у час якога ў цэнтры протазоркі фарміруецца вялікае па масе і металічнае па складзе ядро. У сваім развіцці Сонца прайшло некалькі стадый: стадыю чырвонага спектральнага класа (з тэмпературай 3,5 тысячы градусаў Цэльсія), стадыю аранжавага класа (5 тысяч градусаў) і ўсяго 320 мільёнаў гадоў таму Сонца перайшло ў стадыю жоўтага спектральнага класа (з тэмпературай у 6 тысяч градусаў). Яно будзе знаходзіцца ў стадыі ззяючай зоркі яшчэ каля 1 мільярда гадоў, паколькі паводле разлікаў спецыялістаў у галіне эвалюцыі рэчыва ў Сусвеце, ступень яго развіцця сёння складае прыблізна 90%.

— Гэта значыць, што ў нашага Сонца засталося 10% працягласці жыцця?

— Менавіта. І памыляюцца тыя, хто прагназуе нашай зорцы яшчэ цэлых 5 мільярдаў гадоў існавання. Увогуле, зоркі могуць развівацца як па эвалюцыйным шляху, так і па катастрафічным. Калі яны развіваюцца па эвалюцыйным сцэнарыі, то па меры выгарання тэрмаядзернага рэчыва ўнутры зоркі паступова пачынае актывізавацца адваротны працэс: паніжаецца тэмпература і спектральны клас, у выніку чаго праз пэўны час зорка пераходзіць у разрад цьмяных.

— Такі ж лёс чакае і наша Сонца?

— Сапраўды. Прычым такі ж самы працэс адбываецца і ў зорках з большымі масамі, чым у Сонца. Даказана, што спектральны клас зоркі звязаны з яе масай. Дасягнуўшы свайго максімуму на пэўнай стадыі існавання зорка запускае адваротны працэс (павелічэнне яе ўзросту абумоўлівае паніжэнне спектральнага класа). Яна пачынае астываць і цямнець.

Іншая справа, калі зорка развіваецца па катастрафічным сцэнарыі. Тады спрацоўвае наступная схема: нармальная зорка=> гарачая зорка=>выбух =>"чырвоны гігант"=>"белы карлік" =>"чорная дзірка" (тэмпература нармальнай зоркі павышаецца, яна ператвараецца ў гарачую, якая потым узрываецца і становіцца "чырвоным гігантам", а той, у сваю чаргу, сціскаецца ў "белы карлік", а потым — у "чорную дзірку").

Між іншым, нават у нашага Сонца ёсць пэўныя прыкметы таго, што яно можа развівацца па катастрафічным сцэнарыі. Пратуберанцы і храмасферныя ўспышкі, якія можна назіраць у перыяд павышанай актыўнасці Сонца, указваюць на пачатковую стадыю станаўлення зоркі на шлях катастрафічнага развіцця, пры якім пад уплывам больш магутных прыліўных сіл тэмпература Сонца рэзка (у разы) узрасце да ўзроўню гарачай зоркі, здольнай выбухнуць. Падкрэслю: нармальныя зоркі, як наша Сонца, проста так не могуць выбухнуць. Для гэтага неабходна дадатковае вонкавае ўздзеянне — напрыклад, з'яўленне ў нашай Сонечнай сістэме блукаючай зоркі. Яна паўплывае на Сонца, і ў таго можа ўзрасці тэмпература. Але гэта малаверагодна.

— Што ж наконт Бетэльгейзэ? Ці варта нам непакоіцца?

— Літаральна да сярэдзіны гэтага года навукоўцы лічылі, што прыблізная маса Бетэльгейзэ — 10-20 мас Сонца, а прыблізная адлегласць ад Зямлі —180-1300 светлавых гадоў. Аднак апошнія даследаванні паказалі, што маса Бетэльгейзэ складае 13 сонечных, а сама зорка размешчана на адлегласці 650 светлавых гадоў ад Зямлі.

Сёння мы ўяўляем Бетэльгейзэ як "чырвоны звышгігант", але мы не можам дакладна сказаць, па якім з двух згаданых вышэй сцэнарыяў развіваецца гэтая зорка. Калі па эвалюцыйным, то, значыць, яна паспела прайсці пэўны шлях развіцця і цяпер спынілася на чырвоным спектры. Далей яна будзе працягваць астываць, і ніякага выбуху не адбудзецца. Калі ж зорка развіваецца па катастрафічным сцэнарыі, тады можна меркаваць, што яна ўжо выбухнула. Адпаведна, яе абалонка ўжо аддзялілася і экраніруе ядро, з-за чаго мы яго і не бачым. У далейшым, калі ядро агаліцца, на месцы "чырвонага звышгіганта" мы ўбачым "белы карлік".

— А як гэта адаб'ецца на нас?

— Ніяк, бо сама зорка знаходзіцца на вельмі вялікай адлегласці. Хуткасць руху рэшткаў зоркі залежыць ад многіх фактараў. У тым ліку і ад магнітнага поля, якое ёсць у самой зорнай абалонцы. Апроч таго, у выніку сутыкнення з матэрыяй, што існуе ў космасе, маса, якая атрымалася пасля выбуху, рассеецца, распадзецца на асобныя аблокі. Да нас яна дойдзе настолькі аслабленай, што ніякай пагрозы ўяўляць не будзе.

Такім чынам, той факт, што сёння Бетэльгейзэ з'яўляецца "чырвоным гігантам", можа сведчыць альбо аб тым, што зорка развіваецца па эвалюцыйным сцэнарыі і нам няма пра што непакоіцца; альбо аб тым, што, у адпаведнасці з катастрафічным сцэнарыем, зорка ўжо ўзарвалася і цяпер уяўляе сабой "белы карлік", які ад нас закрывае яго абалонка. Але і ў гэтай сітуацыі прычын для панікі няма.

Летась ў галактыцы NGС1260, якая размяшчаецца за 240 мільёнаў светлавых гадоў ад Зямлі, астраномы вынайшлі адну са звышновых, маса якой ў 150 разоў большая за сонечную. Навукоўцы назвалі яе SN2006gу, а журналісты — "блакітнай пачварай". Зорка, сапраўды, вялікая, але прычын для занепакоенасці адносна верагоднай небяспекі яе ўплыву на Зямлю ў нас няма. Яна знаходзіцца занадта далёка.

Увогуле, мы яшчэ мала што ведаем пра звышновыя. Тэорыі на гэтую тэму пакуль што знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, аднак усе яны ў асноўным грунтуюцца на так званай "вадароднай канцэпцыі", згодна з якой усе зоры складаюцца з вадароду. Але ж ёсць і іншыя канцэпцыі, абапіраючыся на якія можна даваць іншыя тлумачэнні з'явам і аб'ектам, якія мы назіраем.

Паводле разлікаў спецыялістаў, толькі ў нашай галактыцы выбухі звышновых адбываюцца двойчы ў стагоддзе. А не бачым мы іх таму, што выбухі экраніраваны вялікімі аблокамі касмічнай матэрыі. Паколькі такія выбухі ў нашай галактыцы адбываюцца двойчы кожныя сто гадоў, а на нас гэта ніяк не адбілася, значыць, ніякага адчувальнага ўплыву яны на нас не аказваюць. Апроч таго, глыбокі агляд неба на аўтаматычных камерах, злучаных з тэлескопам, дазваляе астраномам фіксаваць у іншых галактыках каля 300 выбухаў звышновых у год. І зноў жа — без нейкіх наступстваў для Зямлі.

Інга МІНДАЛЁВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле найбольш папулярнай тэорыі, дыназаўры на нашай планеце вымерлі ў выніку падзення метэарыта, аднак канадскія навукоўцы Дэйл Расэл і Тэкер Уолес з гэтым не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика