І скрыпка — "франтавік". 21.by

І скрыпка — "франтавік"

16.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Маленькія гарадкі, пасёлкі нашай любай Беларусі... Колькі цудоўных людзей тут жыве, і прыезджым ёсць чаму здзівіцца. У Бешанковічах — такім прыгожым райцэнтры аказваецца, у музейных фондах ёсць насамрэч унікальныя экспанаты. У прыватнасці, вельмі сімвалічна асабіста для мяне ў сумную гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны было ўбачыць унікальную скрыпку, якую салдат-музыкант пранёс з сабой праз усю вайну. І на футарары інструмента адзначаў гарады, якія былі ўзяты нашымі войскамі.

Сучасны Дом культуры

А ўсё распачалося, як часта бывае, падчас гутаркі з мясцовымі жыхарамі. Як і ў Полацк, Оршу, пра што ўжо пісаў у першых нататках, прыехаў у Бешанковічы з шасцігадовым сынам Міхаілам. Вядома, хацелася нешта цікавае паказаць хлопчыку ды паралельна "чытэльны", як кажуць журналісты, артыкул зрабіць. Дапамагла наша чытачка, начальнік аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама Наталля Апанасёнак. На пачатку нашай размовы Наталля Мікалаеўна падзялілася прыемнымі навінамі. Пасля завяршэння капітальнай рэканструкцыі адчыніўся раённы Дом культуры. Гэта дало магчымасць запрашаць на выступленні ў гарадскі пасёлак прафесійных артыстаў, і "зоркі" айчыннай эстрады ўжо парадавалі публіку сваім майстэрствам, а артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа паказалі спектакль.

Разам адправіліся ў прыгожы Дом культуры. Шыкоўная глядзельная зала з сучасным абсталяваннем, добрыя пакоі для заняткаў гурткоўцаў. У Доме культуры працуе больш за дзесяць клубаў, пяць з іх маюць званні "народны" або "ўзорны": народны хор, аркестр народных інструментаў, дзіцячы ансамбль "Званіца", ансамбль народнай песні "Весялуха" і клуб "Ветэран". Ёсць і вакальна-інструментальны ансамбль "Усё спачатку", тэатральны калектыў, тэатр мініяцюр, створаны клуб аматараў гітары. З прыходам маладога спецыяліста аднавіў працу харэаграфічны калектыў сучаснага танца. Усё не горш, чым у вялікіх гарадах. Падчас экскурсіі не мог не запытаць: як вырашаецца, бадай, "вечная" для глыбінкі кадравая праблема?

Студэнты "здымаюць" праблему

Высветлілася, што сёлета была прынятая раённая праграма "Кадры культуры: 2011—2015 гады".

— У раёне, безумоўна, не без кадравага "голаду". Ёсць вакантныя пасады дырэктараў (у двух аграрных гарадках), мастацкага кіраўніка, акампаніятара, — расказвае Наталля Апанасёнак. — Так, па мэтавым накіраванні адпраўляем мясцовую моладзь на вучобу. І хлопцы, дзяўчаты паступаюць у профільныя ўстановы адукацыі на льготных умовах. Але ж пры гэтым узнікае праблема. Атрымлівае, напрыклад, чалавек дыплом у каледжы мастацтваў, чакаем мы яго, а ён паступае далей у ВНУ. А яшчэ, калі дзяўчына выходзіць замуж — ці вернецца?

Як выходзім з становішча? Дамовіліся з дырэктарамі віцебскіх каледжаў (музычнага, мастацтваў), каб яны прапанавалі навучэнцам старшых курсаў падпрацаваць. Такім чынам, у аграрным гарадку Ула, дзе не хапала ў музычнай школе выкладчыкаў па класе баяна, фартэпіяна, цяпер працуюць іх навучэнцы. Па суботах, калі заняткаў у іх няма. Працуюць на палову стаўкі. У месяц тысяч па трыста рублёў атрымліваюць, што для навучэнцаў нядрэнна. Праезд стараемся кампенсаваць — прэміруем. І дзяўчына, якая працуе такім чынам, ужо вырашыла папрасіцца на працу ў наш раён. Хлопец падпрацоўвае акампаніятарам на 0,25 стаўкі — быццам бы, няшмат, але для навучэнца 100 і больш тысяч рублёў — нядрэнна. Таксама хоча працаваць у нашым раёне.

З-за адсутнасці спецыялістаў ва ўстановах культуры працуюць тыя, хто не атрымаў спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, ёсць бухгалтар, які працуе загадчыкам сельскага клуба. Але пры гэтым стараюцца падбіраць такіх людзей, якія не без творчых здольнасцяў.

— У навучальных установах культуры на дзённым аддзяленні навучаецца 44 чалавекі, з іх 27 — у вышэйшых, 17 — у сярэдніх спецыяльных. З іх 11 па кантрактнай форме. Завочна навучаецца 15 работнікаў, — працягвае начальнік аддзела культуры. — Вядома, кадравую праблему цяжка вырашыць без прадстаўлення жылля маладым спецыялістам. Старшыня райвыканкама Леанід Пянькоўскі стараецца дапамагчы ў вырашэнні пытання. Напрыклад, выдзелілі пакой у інтэрнаце для маладога спецыяліста. Каб неяк дадаткова замацаваць моладзь у глыбінцы, безумоўна, патрэбна жыллё. Калі раней зняць аднапакаёвую кватэру ў Бешанковічах абыходзілася долараў у дзесяць — у месяц, то зараз — у некалькі разоў даражэй. Для маладых спецыялістаў грошы немалыя. Ды і знайсці кватэру ў арэнду вельмі складана ў маленькім гарадку. Што тычыцца заробку работнікаў культуры, асабліва маладых, то не "разбагацееш". А працаваць прыходзіцца і па вечарах, да позняй ночы часта, па выхадных і з выездам у вёскі.

А ці паспяхова аказваюцца платныя паслугі? Аказалася, што большасць культурна-масавых мерапрыемстваў праводзіцца менавіта на платнай аснове. Напрыклад, у раённым Доме культуры план аказання платных паслуг выкананы на 176 працэнтаў — гэта за дзевяць месяцаў. Кожную нядзелю працуе клуб выхаднога дня, у праграме якога танцавальна-забаўляльныя, гульнявыя праграмы, лялечныя спектаклі, атракцыёны, настольныя гульні для дзяцей і дарослых... Тры разы на тыдзень у глядзельнай зале Дома культуры для дзяцей і дарослых праходзіць паказ кіна- і відэафільмаў.

Скрыпка- "франтавік"

У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі беражліва захоўваюць усе экспанаты і, зразумела, ганарацца ўнікальнымі. Ёсць сярод іх і скрыпка, з якой ураджэнец гэтых месцаў Даніла Паўлавіч Аўчыннікаў прайшоў усю вайну. Сам скрыпку зрабіў. На жаль, яго ўжо няма з намі даўно. Скрыпку падарыла музею ягоная ўдава.

У раёне плануюць адзначыць наступным летам 200-годдзе вайны з войскамі Напалеона. Ужо прапрацоўваюцца разам з упраўленнем культуры аблвыканкама планы. Славутая бітва пад Астроўна прадстаўлена ў музеі ў якасці дыярамы.

Стараннямі работнікаў культуры ў вёсцы Двор Нізгалава створана экспазіцыя, якая дае ўяўленне аб тым як калісьці жылі беларусы. І ўжо нават іншаземныя турысты — з Расіі, Германіі — падзівіліся ўбачанаму.

Не без гонару работніцы музея паказалі карэспандэнту "Звязды" традыцыйныя беларускія прадметы побыту, зробленыя ў ХІХ стагоддзі. А вось жбаны, якія рабілі толькі на бешанковіцкай зямлі. Ёсць і спарыш. У такім работнікам у поле прыносілі адразу і "першую", і "другую" стравы.

Іншаземцам падабаюцца... прасы

У Бешанковіцкім раённым Доме рамёстваў старанна захоўваюць традыцыі продкаў. Рамёствамі займаюцца ў гуртках па пляценні з саломы, керамікі, ганчарства, выцінанкі, ткацтва, вышыўкі і гэтак далей. Сярод гурткоўцаў ёсць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Такіх шэсць чалавек. Займаюцца першы год. Хаця, калі бачыш іх творы, хочацца сказаць, што яны — з неабмежаванымі магчымасцямі.

Супрацоўніцы Дома народных рамёстваў ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках. Прывезлі сярод іншага прасы, жбаны мінулых стагоддзяў. І сучасныя ганчары на іх узор робяць свае вырабы.

Прадстаўлена пастаянна дзейная выстава гурткоўцаў Дома рамёстваў і клуба народных майстроў "Мая зямля — ??мая Радзіма". Вельмі падабаюцца гасцям з-за мяжы экспанаты. Шведам, у прыватнасці, вельмі спадабаліся керамічныя прасы. Яны даступныя па цане і беларусам — усяго 25 тысяч рублёў за штуку.

Пры Доме рамёстваў працуе і народны клуб народных майстроў раёна "Скарбонка", у склад якога ўваходзіць 35 майстроў. Майстар ткацтва паясоў Галіна Мікалаеўна Ханяк з'яўляецца членам Саюза майстроў Беларусі. Сёлета яна адзначана дыпломам за ўдзел у абласным свяце-конкурсе лапікавага шыцця.

Не мог не паразмаўляць з майстрамі. Марыя Ісакаўна Калкова якраз займалася вышыўкай. Расказала, што налета трэба будзе абараніць званне "народны" клуба, якім яна кіруе, таму гурткоўцы вельмі хвалююцца. Творы яе: іконы, карціны заварожваюць сваёй прыгажосцю. Майстар расказала, што ўсяму навучылася сама. Цікава, дарэчы, што вышыўкай сярод гурткоўцаў займаецца і мужчына...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара.

Бешанковічы—Віцебск.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маленькія гарадкі, пасёлкі нашай любай Беларусі... Колькі цудоўных людзей тут жыве, і прыезджым ёсць чаму здзівіцца. У Бешанковічах — такім прыгожым райцэнтры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика