Курыца
16.11.2011
—
Новости Общества
|
Курыца (певень, куры) — свойская птушка, гадаванне якой здаўна стала неад'емнай часткай хатняй гаспадаркі ўсходніх славян, а з цягам часу нават сфарміравалася ў адну з сельскагаспадарчых галін (птушкагадоўлю). У народнай культуры курыца стала сімвалам пладавітасці і надзялялася шлюбна-эратычнай сімволікай. Пасля павароту сонца "на лета" ў народзе казалі, што дзень павялічыўся на "курыны" крок. У славян існавала забарона асвячаць курынае мяса на Вялікдзень. Лічылася, што курыца "асвяцілася" яйкам. У адным з паданняў распавядаецца, што на трапезе іўдзеяў, якія высмейвалі ўваскрэсенне Хрыста, смажаны певень раптоўна вярнуўся да жыцця і заспяваў. З тае пары існуе забарона несці курынае мяса ў царкву. Курыца стала абрадавай ежай у дні пачатку і заканчэння сельскагаспадарчых работ. Так, на Беларусі ў дзень засевак і дзень заканчэння сяўбы абавязкова рабілі багатую вячэру з курыным супам. Курынымі локшынамі частаваліся ў дні восеньскіх святаў, напрыклад Кузьмінак. Пеўня выкарыстоўвалі ў варажбе на Раство: дзяўчаты раскідвалі па падлозе гарошыны і пускалі пеўня. Чыю гарошыну ён здзяўбе першай, тая першай і замуж пойдзе. Паўсюдна было вядома павер'е: калі курыца заспявае, як певень, значыць у ёй жыве нячыстая сіла, а таму быць бядзе. Каб папярэдзіць бяду, такую курыцу закопвалі жывой у зямлю. Часам курыца асацыявалася з чалавечым глупствам. Выраз "курыныя мазгі" з'яўляецца таму пацвярджэннем. У славян практычна паўсюдна забаранялася ўжываць у ежу курыцу-квактуху. Забіць курыцу для яды мог толькі мужчына. Жанчыне любога ўзросту было забаронена забіваць птушак. Галаву курыцы трэба было адсекчы на калодцы, на якой секлі дровы. У час святочнага абеду курыцу на стол падавалі цалкам. Самы сталы ў сям'і — гаспадар — павінен быў пры ўсіх разламаць курыцу рукамі на столькі частак, колькі чалавек было за сталом. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Курыца (певень, куры) — свойская птушка, гадаванне якой здаўна стала неад'емнай часткай хатняй гаспадаркі ўсходніх славян, а з цягам часу нават сфарміравалася ў...
|
|