Цудадзейная, "непачатая"...
26.11.2011
—
Новости Общества
|
У стаўленні чалавека да вады дзіўным чынам сфакусіравалася суаднесенасць прасторы (месца знаходжання) і часу (таго незвычайнага моманту ў каляндарным колазвароце), якія надзялілі ваду незвычайнымі якасцямі. На перасячэнні гэтых каардынат і "ўзнікала" тая незвычайная вада, якую ў народзе ахрысцілі "жывой". На працягу года было некалькі "асаблівых" дзён, калі бралі ваду з крыніц: раніцай на Раство Хрыстова (яе называлі "святочнай"); раніцай у дзень святкавання Стрэчання, або Грамніц (і вада гэтага дня атрымала назву "сраценьская"); абавязкова клапаціліся пра ваду, якая набірала цудадзейную моц у ноч з серады на Чысты чацвер (дні Пакутнага тыдня) — ваду ў вёдрах ці іншых ёмістасцях ставілі пад "адкрытыя" нябёсы на ўсю ноч; незвычайнымі якасцямі валодала "купальская" вада. Асаблівае стаўленне было да вады, якую бралі ў дні вялікіх каляндарных ці царкоўных святаў раніцай, на ўзыходзе Сонца. Пры гэтым той, хто прыходзіў па ваду першым, станавіўся ўладальнікам самай цудадзейнай вады — "непачатай". Акрамя таго, што на працягу года было шмат дзён, якія самым незвычайным чынам надзялялі ваду цудадзейнымі здольнасцямі, нашы продкі заўважылі, што незвычайнай, энергетычна станоўчай, гаючай, "жывой" вада станавілася пасля некаторых рытуальных дзеянняў. Чарадзейнай лічылі ваду, якая засталася пасля гатавання яек на Вялікдзень, ёй даволі паспяхова лічылі скурныя захворванні. Ваду пасля абмывання царкоўнага звана, абраза, хлебнай дзяжы выкарыстоўвалі для лячэння цэлага шэрагу захворванняў, звязаных з энергетыкай (сурокаў, рожы, спуду і г.д.). Вадой, у якую клалі дзевяць пупышак асвячонай вярбы, мылі хворых дзяцей. У народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся прыём пералівання вады праз розныя адтуліны: клямкі, заручальны пярсцёнак, а таксама праз рэшата. Лічылася, што пры гэтых умовах вада набывала незвычайныя здольнасці, яна мяняла сваю структуру і спрыяла лячэнню пярэпалахаў — як дзіцячых, так і дарослых. Вада, якая "пераначавала пад зоркамі" ў пэўныя дні года, перадавала чалавеку або падсілкоўвала яго станоўчай энергетыкай космасу на ўвесь год. Ёсць звесткі аб тым, як людзі, скарыстаўшыся такой вадой, станавіліся больш удачлівымі, ім пачынала шанцаваць у тых справах, пра якія яны нават не марылі. Даволі часта, каб пазбавіць чалавека ад хваробы, знахары прасілі выканаць наступнае: прынесці з крыніцы дадому ваду ў роце. Асаблівай павагай карысталася вада, набраная з трох (сямі, дзевяці або дванаццаці) калодзежаў ці ручаін. Лічылася, што цудадзейную моц вады павялічвалі прадметы, апушчаныя ў яе (манеты, зерне, крыж) і словы (малітвы, замовы), прамоўленыя над посудам з вадой. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У стаўленні чалавека да вады дзіўным чынам сфакусіравалася суаднесенасць прасторы (месца знаходжання) і часу (таго незвычайнага моманту ў каляндарным...
|
|