"То ледзь-ледзь грэе, то зусім не грэе..."
30.11.2011
—
Новости Общества
|
Калі вельмі чагосьці хочаш, то гэта абавязкова адбудзецца. І такі тэзіс на сваім вопыце даказаў Алег Кіцаненка, будаўнік з Брэста: ён вельмі хацеў пабудаваць завод па вытворчасці цэглы, і зараз яго мары пачынаюць увасабляцца ў рэальнасць — ён знайшоў інвестара, і сёння ў Віцебскай вобласці ўжо закуплена 8 тысяч квадратных метраў вытворчых плошчаў для арганізацыі гэтага прадпрыемства. Пра тое, як рэалізаваць сваю мару і знайсці пад свой праект інвестара, Алег Кіцаненка расказваў удзельнікам Іnvеst Wееkеnd'а, які нядаўна прайшоў у Мінску. У прыватнасці, некалькі гадоў таму Алег Кіцаненка зацікавіўся вытворчасцю цаглін метадам гіперпрэсавання. Гэты метад, па яго словах, мае вялізны патэнцыял, але з-за недасканаласці абсталявання свайго развіцця не атрымаў. І толькі ў апошні час у свеце з'явілася абсталяванне, якое можна выкарыстоўваць для масавага выпуску такой цэглы. І вось Алег Кіцаненка вырашыў арганізаваць вытворчасць гіперпрэсаванай цэглы ў Беларусі: — Я набыў сабе станок за тыя грошы, якія ў мяне былі: змог купіць толькі механічны прэс. Паспрабаваў працаваць і зразумеў, што не туды лезу. Зноў пачаў збіраць інфармацыю. Пасля выйшаў на інвестара з Брэста, пераканаў яго ў мэтазгоднасці вытворчасці і паехаў закупляць абсталяванне. Вытворчасць мы наладзілі, але гэта было прадпрыемства "на каленях" — як я называю, "гаражныя справы". Там усё было вельмі прымітыўна, хоць развівацца можна было і ў гэтым напрамку. Сёння ў Алега Кіцаненкі дробнасерыйнай вытворчасці няма, бо ён вырашыў паспрабаваць наладзіць справу ў больш глабальным маштабе: — Той вопыт мне дазволіў зразумець, што на ўзроўні, калі цагліны трэба рукамі здымаць, такія рэчы рабіць нельга. Гэта не дазваляе сябе рэалізаваць. Тады Алег Кіцаненка паехаў у Мінск, дзе прэзентаваў свой праект на адным са Stаrtuр Wееkеnd'аў. І яго ідэю заўважылі: пасля прэзентацыі падышоў Алег Глазуноў, саўладальнік сеткі будаўнічых крам "Ома", і прапанаваў супрацоўніцтва. — Калі мяне пасля Стартап-уікэнда запрасіў Алег Глазуноў, то ён мне ўдзяліў 10 хвілін: "Вось табе два месяцы, складзі эканамічнае абгрунтаванне і дакажы мне ў лічбах усё тое, пра што расказваў". І я гэта зрабіў за два месяцы. Мае разлікі праверыў фінансіст "Ома", і ў яго нават атрымаўся лепшы вынік, бо я занізіў паказчыкі, — расказвае Алег Кіцаненка. Далей падзеі развіваліся не вельмі хутка — інвестар пралічваў сабекошт і выдаткі, аналізаваў унутраны рынак краіны і рынкі суседніх краін, і толькі недзе месяц таму пачаліся больш актыўныя дзеянні. У прыватнасці, як паведаміў Алег Кіцаненка, ужо падпісана інвестдамова з Рэспублікай Беларусь і набыты вытворчыя плошчы ў Віцебскай вобласці. Дарэчы, сыравінай для вытворчасці павінен стаць даламіт — па разліках Алега Вітальевіча, яго ў Беларусі хапае. Пуск першай чаргі завода намечаны на верасень 2012 года, а ўсяго іх будзе дзве, а магчыма, калі з'явяцца новыя ідэі, і тры. Цікава, што прыдумана і назва для будучага завода: — Называцца ён будзе "Кубел" — гэта скарачэнне ад "Купляйце беларускае!". Я лічу, што гэта вельмі ўдалы лозунг, і мы з ім зможам паспяхова гандляваць і ў Расіі, і ва Украіне. А тое, што гэта будзе сапраўды класны матэрыял, то паверце мне: нам не будзе сорамна за сваю вытворчасць, бо мы збіраемся зрабіць завод сусветнага ўзроўню — такіх заводаў у свеце штук 9, прычым у СНД няма ніводнага. "Буду сузаснавальнікам, калі пашанцуе" Сёння Алег Кіцаненка працуе ў фірме "Ома" і з'яўляецца кіраўніком праекта па стварэнні цагельні, але ён спадзяецца ў хуткім часе стаць дырэктарам гэтай вытворчасці, а, магчыма, і сузаснавальнікам. — Ці буду я сузаснавальнікам? — Алег Вітальевіч задумваецца над пытаннем з залы. — Калі пашанцуе, то буду. Ведаеце, цяжка нешта патрабаваць, не маючы ўласных сродкаў. Калі б у мяне былі грошы, то было б нашмат прасцей — уклаў сваю долю і спакойна працуй. А так, па-сутнасці, я зараз нічым не рызыкую, а інвестар — сваімі грашыма... Але я ўпэўнены, што інвестар выканае ўсе свае абавязацельствы і зробіць тое, што абяцаў — у нас ёсць вусныя дамоўленасці. З вышыні свайго вопыту рэалізацыі праекта і стасункаў з інвестарамі Алег Кіцаненка падзяліўся з прысутнымі некаторымі сакрэтамі. Самае галоўнае, лічыць ён, — гэта верыць у сваю ідэю і падабраць добрую каманду: — Вы павінны ведаць, што грошы ў бізнэсе граюць далёка не першую ролю. На першае месца я б паставіў тых людзей, з якімі ты збіраешся рабіць бізнэс. Другое месца — гэта ваша ідэя. І толькі на трэцім месцы — грошы, — сказаў ён і дадаў, што таксама варта запасціся цярпеннем, бо не адзін раз будуць моманты, калі захочацца апусціць рукі і адмовіцца ад рэалізацыі праекта. — Інвестар падобны на капрызлівае дзіця, яму ўсё не падабаецца. Таму трэба мець цярпенне, трэба даказваць, і, галоўнае, самому верыць у тое, што вы хочаце прапанаваць. Я не лічу, што мне пашанцавала. Шанцаванне — гэта вынік мерапрыемстваў, якія ты робіш, каб апынуцца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы. Калі ты нічога рабіць не будзеш, то табе наўрад ці пашанцуе. Дарэчы, я чалавек сямейны, і, магчыма, менавіта дзякуючы маёй сям'і, іх падтрымцы, я і пражыў гэты час. Бо былі моманты, калі знікала жаданне нешта рабіць, былі такія моманты, калі інвестар разы тры казаў, што закрывае праект... Але потым гэтыя праблемы нейкім чынам вырашаліся. Таму не трэба адчайвацца, а трэба шукаць выйсце са складаных сітуацый. Таксама Алег Кіцаненка раіць трымаць дыстанцыю паміж сабой і інвестарам: — Трэба разумець, што ў інвестара ёсць свае справы, а вы — адзін з многіх, хто хоча прыйсці і забраць яго грошы. Але як толькі вы пераступіце тую мяжу, калі інвестар зразумее, што вы не хочаце выманіць у яго грошы, а хочаце даць магчымасць яшчэ больш іх зарабіць (ну і, вядома, самім трошкі падзарабіць) — вось тады ўжо пойдзе пэўны прагрэсіўны працэс. Напрыканцы свайго выступлення будучы дырэктар цагельнага завода падзякаваў арганізатарам Стартап-Уікэндаў за стварэнне такой пляцоўкі, дзе могуць сустрэцца ініцыятыўныя людзі і інвестары. Бо, па словах Алега Кіцаненкі, інвестара цяжка сустрэць у звычайным жыцці — у метро, ліфце або пад'ездзе. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вельмі чагосьці хочаш, то гэта абавязкова адбудзецца. І такі тэзіс на сваім вопыце даказаў Алег Кіцаненка, будаўнік з Брэста: ён вельмі хацеў пабудаваць завод... |
|