Воранаў і галубы. 21.by

Воранаў і галубы

30.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Птушынае прозвішча сябе апраўдала, але ўсё ж не дакладна. Ён — Воранаў, хоць з дзяцінства Мікалай любіць толькі галубоў.

Пара белых галубоў, якіх пускаюць у неба шчаслівыя маладыя, стала для клімавіцкіх вяселляў не арыгінальнай адметнасцю, а прыгожай традыцыяй. Мясцовы галубятнік Мікалай Сцяпанавіч Воранаў гатовы забяспечыць сімваламі кахання ўсіх, хто пажадае. Тым больш што некаторыя з белых галубоў пасля вясельнай дзеі вяртаюцца дадому.

Дадому — гэта на вуліцу Рачную ў раённым цэнтры Клімавічы. На падворку на гарышчы хлява жывуць некалькі дзясяткаў галубоў. Яны самых розных парод і колераў. Найбольш белых і цёплага карычневага колеру, а з парод гаспадар аддае перавагу курскім, якія "лунаюць у паветры, нібы матылі", а таксама белым мікалаеўскім, якія высакародна выглядаюць на вяселлях.

— Галубы — маё хобі, з дзяцінства і да скону жыцця, — усміхаецца шчаслівы 55-гадовы галубятнік. — Хто заводзіць рыбак, хто сабаку ці ката, а я люблю галубоў.

Залезці на галубятню па жалезнай лесвіцы, якая, здаецца, хістаецца ў паветры, даволі складана. Але (калі забегчы наперад) спусціцца — увогуле подзвіг, тым больш для гараджанкі ў мадэльным абутку і з фотаапаратам у руках. Але ж цікава паглядзець на галубятню!

Дарэчы, фатаграфаваць птушак, якія нервуюцца пры чужых, няспынна буркуюць і лопаюць крыламі, даволі складана. Гаспадар акуратна ловіць пару, трымае птушак у руках. Моцна, але з пяшчотай.

— З галубамі добра адпачываць, — расказвае мужчына. — Калі прыходжу стомлены з працы, магу гадзіну-другую сядзець і проста глядзець на птушак. І больш ні пра што не думаць. Жонка цікавіцца, што я раблю на галубятні. А я проста адпачываю ад жыццёвай мітусні. Мне з галубамі цікава і добра.

Мікалай родам з Адэсы, дзе шмат аматараў галубоў. Апынуўся ён у раённым цэнтры на беларуска-расійскім памежжы выпадкова: прыехаў у госці да сястры ў воінскую часць. Сястра з'ехала дадому, а ён застаўся там, дзе знайшоў сваю другую палову. Мікалай па прафесіі зваршчык, але цяпер працуе вартаўніком і мае час на птушак.

Ён тлумачыць, што галубы не патрабуюць вялікага догляду: трэба карміць птушак і чысціць галубятню. Добрым кормам для галубоў з'яўляюцца зерневыя сумесі, з ячменем і кукурузай. Воранаў да халоднага сезона падрыхтаваўся: у цяпліцы вісяць мяхі з ярка-жоўтымі кукурузнымі пачаткамі. Зерне вымерзне і высахне, будзе выдатным кормам.

Важна сачыць, раіць галубятнік, каб не было скразнякоў. Але больш, чым любыя хваробы, цяпер галубам небяспечныя драпежныя птушкі. Нягледзячы на прыгожы сонечны дзень, Мікалай адмаўляецца выпусціць на волю сваіх гадаванцаў. Ён асцерагаецца, што дэманстрацыя палётаў можа дрэнна скончыцца:

— Ястрабы б'юць моцна. У наваколлі пахавалі вёскі, якія пацярпелі ад чарнобыльскай радыяцыі, і ястрабаў стала зашмат. Але і людзі часам збіваюць галубоў аўтамабілямі. Гараджане не вельмі любяць гэтых птушак і кажуць, што яны толькі гадзяць. Але яны не шкодныя, добрыя і вельмі прыгожыя.

Сваякі таксама не заўсёды глядзелі на захапленне Воранава галубамі прыхільна. Казалі, што справа гэта бесталковая і нават дзіцячая. Аднак кожнаму чалавеку патрэбен свой спосаб для адпачынку. Нават свойскія каты, і тыя змірыліся.

— Каты павінны сябраваць з галубамі, — не мае сумненняў Мікалай. — Я сваіх катоў выхоўваю: ад маленства паказваю ім птушак і вучу, што чапаць іх нельга. Ведаеце, атрымліваецца! Мой Рыжы яшчэ кацянём як толькі пачынаў паляваць на птушак, так яго адразу па вуху, і ён урэшце зразумеў, што нападаць нельга.

Новае захапленне галубятніка — пара белых паштовых галубоў. Пакуль ён яшчэ не прыдумаў, куды і каму дасылаць з імі лісты, але ў інтэрнэце прачытаў, што адзін паштовы голуб праз некалькі гадоў з Францыі дадому вярнуўся. Ён упэўнены, што яго голуб і галубка ўжо не паляцяць у Кіеў, адкуль яны родам, але будуць радасцю клімавіцкіх людзей.

Дарэчы, адзін з белых галубоў Воранава перажыў ужо чатыры вяселлі. Птушка вяртаецца дадому, хоць і не з'яўляецца паштовай. За гэта гаспадар называе голуба шчаслівым. Напэўна, ён і закаханым маладым прыносіць шчасце.

Колькі ж каштуе атрымаць галубоў на вяселле? Не так і дорага: столькі, колькі патрабуецца для пракорму птушкі. Мех зерня — паўсотні тысяч рублёў. "Даходу ад галубоў, вядома, няма, але гэта вялікае задавальненне для душы", — кажа гаспадар птушак Воранаў. Ён лічыць, што здароўе і нервы даражэйшыя за выдаткі. І любуецца сваімі галубамі.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

г. Клімавічы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Птушынае прозвішча сябе апраўдала, але ўсё ж не дакладна. Ён — Воранаў, хоць з дзяцінства Мікалай любіць толькі галубоў. Пара белых галубоў, якіх пускаюць у неба...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика