Дзе грошы – там і кадры!. 21.by

Дзе грошы – там і кадры!

30.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Працягваем абмяркоўваць праблему замацавання маладых спецыялістаў

Беларусь доўгі перыяд у сваёй найноўшай гісторыі забяспечвала сябе спецыялістамі, бо сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях працавала стабільна. Інжынерна-тэхнічныя работнікі, эканамісты, урачы, педагогі, як і спецыялісты для аграрна-прамысловага комплексу, у нас "сваёй выпечкі". Можна сказаць, што і прафесійна-тэхнічная сістэма адукацыі на адпаведным узроўні. Але ўжо напамінае пра сябе "кадравы голад", які выкліканы шэрагам фактараў. Пра іх размова будзе ніжэй, а зараз крыху статыстыкі.

Сёлета ў медыцынскія ўстановы Брэста і раёна прыбыло 47 маладых урачоў — выпускнікоў ВНУ, але яны праблему ў гэтым рэгіёне не вырашылі. Толькі на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў абласным цэнтры не хапае 17 урачоў, патрэбны ўчастковыя тэрапеўты ў гарадскую паліклініку № 2, не запоўнены штат у дзіцячай паліклініцы....

А па Брэсцкай вобласці не хапае 155 урачоў, і маладыя спецыялісты не могуць закрыць пытання, бо далёка не ўсе затрымліваюцца пасля адпрацоўкі вызначанага тэрміну на працоўных месцах. Неабходна рабіць нейкія захады, каб нармалізаваць сітуацыю.

Напрыклад, Пружанскай бальніцы патрэбна 15 урачоў розных спецыялізацый, а ў Ляхавіцкім раёне дэфіцыт дактароў дасягнуў 17 чалавек.

На прэс-канферэнцыі для рэгіянальных СМІ старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар прапанаваў сваё рашэнне праблемы:

— Неабходна павялічыць набор і адпаведна выпуск маладых спецыялістаў, што і плануецца зрабіць. Што датычыцца Ляхавіцкага раёна, то ўжо заказаны праект на рамонт і рэканструкцыю інтэрната, які належыць бальніцы. Да гэтага яшчэ неабходна будаваць службовае жыллё, даваць "прэзідэнцкія" домікі. На будаўніцтва службовага жылля для ўрачоў будуць выдзяляцца бюджэтныя сродкі. Неабходна рабіць усё, каб у маладога медыка было жаданне тут жыць і працаваць.

На маю думку, гэта толькі адзін з захадаў па вырашэнні праблемы, бо жыллё не мае такой ужо прыцягальнай сілы на перыферыі. Атрымаць кватэру ў Брэсце, Баранавічах ці Пінску — прывабны варыянт, а на вёсцы домам нікога не здзівіш.

У вёску Малькавічы, што ў Ганцавіцкім раёне, прыехаў пасля ўніверсітэта малады доктар, і яму адразу далі катэдж. З усяго выпуску толькі ён адзін атрымаў такое жыллё.

Здавалася, усё складваецца добра, людзі не маглі нацешыцца на свайго ўрача, а ён адпрацаваў вызначаны тэрмін і з'ехаў у іншы раён — на больш высокую пасаду і зарплату. І ніхто не можа яго за гэта папракнуць, бо калі ўчастковаму тэрапеўту прапаноўваецца зарплата ў 867 тысяч, а ўрачу "хуткай дапамогі" — 1 мільён 48 тысяч, то адным жыллём маладога спецыяліста сёння спакусіць цяжка — многія аддаюць перавагу высокай зарплаце.

Цікава будзе больш глыбока прааналізаваць сітуацыю з маладымі спецыялістамі і ў сельскай гаспадарцы вобласці.

На пасяджэнні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў (23.06.2011) была прынята "Праграма кадравага забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый Брэсцкай вобласці на 2011—2015 гады" і былі агучаны лічбы, якія датычацца маладых спецыялістаў.

Пасля двух гадоў работы па размеркаванні больш за палову былых выпускнікоў едзе працаваць у іншае месца, а пасля пяці гадоў іх застаецца толькі траціна.

Але сітуацыя па вобласці неадназначная, ды і ў кожным раёне не ўсё адназначна.

На Баранавіцкай птушкафабрыцы ў вёсцы Русіна і бройлернай птушкафабрыцы "Дружба" ў пасёлку Жамчужны няма праблем з кадрамі, хоць да іх далучылі 30 працэнтаў гаспадарак раёна.

— У нас штаты запоўнены спецыялістамі, прадпрыемства пакідаюць толькі тыя, хто ідзе ў войска. І калі на фабрыку нехта просіцца, то мы бяром толькі самых вопытных. У асноўным сёння да нас прыходзяць выпускнікі ПТВ і з сярэдняй адукацыяй. Прадпрыемства поўнасцю ўкамплектавана спецыялістамі, — паведаміла начальнік аддзела кадраў птушкафабрыкі "Дружба" Маргарыта Вячорка.

На прадпрыемстве, якое працуе стабільна, дзе заробкі самыя высокія па раёне, інакш і быць не можа.

А зараз вернемся ў Ганцавіцкі раён, які па аб'ектыўных прычынах не ходзіць у лідарах. Раён сельскагаспадарчы, і заробкі тут не самыя высокія, але, як ні дзіўна, маладыя спецыялісты трымаюцца. Напрыклад, у 2008 годзе ў раён прыехала 68 выпускнікоў, а праз два гады толькі 13 чалавек пакінулі Ганцаўшчыну. Гэты паказчык значна ніжэйшы, чым у цэлым па вобласці. Растлумачыла сітуацыю начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Маляўка.

— У раёне стаўка робіцца на мясцовых выпускнікоў школ. Сітуацыю з маладымі спецыялістамі пад асабістым кантролем трымае кіраўнік раёна Уладзімір Столяр, і гэта дало станоўчы вынік.

— У вас ёсць нейкія свае напрацоўкі?

— Ёсць, нашы кіраўнікі СВК ідуць у школы і прыглядаюцца да вучняў, выбіраюць і прапаноўваюць пайсці вучыцца на патрэбную гаспадарцы спецыяльнасць. З тымі, хто дае згоду і хоча пасля вучобы вярнуцца дамоў, заключаецца трохбаковы дагавор, і многія ідуць вучыцца.

— Што ўяўляе сабою такі дагавор?

— Дагавор падпісвае будучы студэнт (навучэнец), установа, у якой той будзе вучыцца, і СВК. У выпадку заключэння такога дагавора сельгаскааператыў выплачвае пэўную суму да стыпендыі. Кожны бок зацікаўлены ў такой дамоўленасці.

— Наталля Міхайлаўна, і ўсё ж: хто, у асноўным, адпрацаваўшы два гады, імкнецца з'ехаць?

— Найперш маладыя спецыялісты, якія не з'яўляюцца ўраджэнцамі Ганцаўшчыны, але здараецца, што лепшай долі шукаюць і мясцовыя.

— Можна вызначыць, хто з размеркаваных выпускнікоў збіраецца працаваць, а хто не затрымаецца?

— А яны не ўтойваюць свайго намеру. Чалавек кажа, што пасля двух гадоў пакіне працу, а, напрыклад, Антон Кавалёў і Аляксандр Салодкі прыйшлі летась пасля ўніверсітэта, першы — у СВК "Дубнякі", а другі — у СВК "Адражджэнне" і заявілі, што прыехалі працаваць, а не марнаваць час. А ёсць такія, хто адпрацаваў вызначаны тэрмін і працягвае працаваць. Вось у СВК "Любашава" з 2007 года працуе галоўным інжынерам Сяргей Зяньковіч, у СВК "Цельшына" галоўным заатэхнікам — Кацярына Лугаўская, а ў СВК "Бярозавец" галоўным інжынерам Яўген Зубік — гэта толькі тыя, хто адразу прыйшоў на памяць.

— І ўсё ж, чым можна маладога спецыяліста "прывязаць" да раёна?

— Тое, што спецыялісты атрымліваюць добраўпарадкаванае жыллё, сёння стала звыклай з'явай. Райвыканкам мае сваю стратэгію — стаўка робіцца на выпускнікоў мясцовых школ. У 2011 годзе ў розныя сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы паступілі 104 вучні. Ёсць надзея, што яны вернуцца да бацькоў, у родныя мясціны, у свае сельгаскааператывы. Прынамсі, такая палітыка апраўдвае сябе.

І ўсё ж гаспадаркам вобласці патрэбны заатэхнікі, аграномы, ветурачы... У розных арганізацыях адчуваецца недахоп вадзіцеляў. Прадпрыемствы пакідаюць інжынеры, будаўнікі, іншыя спецыялісты. Добра калі яны шукаюць працу ў Мінску ці іншых рэгіёнах Беларусі, але апошнім часам некаторыя спецыялісты пакідаюць межы краіны. І калі гэтая тэндэнцыя застанецца, у нас будзе набіраць абароты "кадравы голад".

Сёння раскрываецца яшчэ адзін асноўны рыначны прынцып: "Дзе грошы — там і кадры".

Сёння можна ехаць куды ўздумаецца, але разам з гэтым шырокая перспектыва для беларускіх спецыялістаў найперш на ўсходзе ад нашай краіны. Дзяржаўная мяжа адкрытая, моўнага бар'еру няма, заробкі ў Расіі больш высокія, а з уступленнем Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору і са зробленымі захадамі па стварэнні Еўразійскага Саюза будуць зняты ўсе перашкоды для міграцыі.

Узнікнуць цэнтраімклівыя сілы, якія і будуць вычэрпваць нашы працоўныя рэсурсы. І ніхто не сумняваецца, што цэнтрам тым будзе Масква, бо там сканцэнтраваны капітал. Расіяне працаваць у Беларусь не паедуць, а вось нашы спецыялісты.... І ўзнікае пытанне: а для каго нашы навучальныя ўстановы будуць рыхтаваць кадры? Ці не дастануцца для нашай эканомікі "астаткавыя рэзервы"?

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем абмяркоўваць праблему замацавання маладых спецыялістаў Беларусь доўгі перыяд у сваёй найноўшай гісторыі забяспечвала сябе спецыялістамі, бо сістэма...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика