Сушкі ад Ефрасінні. І веды ад прафесара Бондаравай
30.11.2011
—
Новости Общества
|
Былыя вучні распавядалі пра сваю выкладчыцу тым, хто будзе вучыцца па яе падручніках На адкрыцці імянной аўдыторыі ў гонар прафесара Бондаравай у Інстытуце журналістыкі БДУ было людна: вядомыя журналісты, выкладчыкі і прафесары, якія калісьці самі былі студэнтамі Ефрасінні Леанідаўны, а таксама цяперашнія студэнты слухалі гісторыі з яе жыцця. Іх было шмат, самых розных, — ад пачатку, калі звычайная дзяўчына з вёскі Лёзненскага раёна паступіла на журфак у 50-м годзе, ужо паспытаўшы журналісцкай працы да таго моманту, калі сама стала выкладчыцай. Прычым з адметнымі метадамі, галоўным з якіх была любоў да студэнтаў, менавіта ў іх яна бачыла будучыню нашай дзяржавы. Нехта можа ўзгадаць яе насупленыя бровы, а нехта — той момант, калі на доўгіх занятках, з якіх не хацелася сыходзіць, прафесар падкормлівала студэнтаў сушкамі... "Чалавек дзяржаўнага гучання", — казалі пра Бондараву. Яна дбала пра школу нацыянальнай журналістыкі, пра нацыянальную школу кінакрытыкі і беларускае кінамастацтва наогул, пра якое напісала шмат артыкулаў і даследаванняў, імкнучыся падтрымліваць сваіх, мясцовых творцаў — рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў, акцёраў... А яшчэ яна перш за ўсё думала пра справу, а не пра асабістыя інтарэсы. Доктар філалагічных навук, прафесар Ніна Фральцова (калісьці вучаніца Бондаравай): — Яна была чалавекам вельмі неабыякавым. Магла напрамую звярнуцца да першага сакратара ЦК КПБ з пытаннем: калі ў факультэта журналістыкі будзе свой корпус? Ефрасіння Леанідаўна ўвесь час хацела, каб была самастойная кафедра, звязаная з выкладаннем мастацкіх дысцыплін, літаратурна-мастацкай крытыкай. Яе мара здзейснілася тады, калі стаў моцным голас яе вучняў, якія прымалі гэтае рашэнне. Кафедра, натхнёная ідэяй Бондаравай, цяпер ушанавала прафесара, адкрыўшы аўдыторыю яе імені. — Я думаю, што гэтая аўдыторыя будзе жыць сваім жыццём і сённяшнія студэнты будуць адкрываць для сябе імя гэтага чалавека, — падкрэсліла загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Людміла Саянкова. Тыя, хто не заспеў заняткі Бондаравай, могуць працягваць яе справу і вучыцца на яе публікацыях (яны сабраныя тут, у аўдыторыі), чытаючы яе кнігі, прысвечаныя беларускаму кіно, і падручнікі па журналістыцы. На паліцах размясціліся некаторыя яе рэчы. Аўдыторыю аглядаюць яе дасціпныя вочы: на сценах шмат фотаздымкаў, частку якіх перадалі муж — кінааператар Алег Аўдзееў і сын — кінакрытык Ігар Аўдзееў. Дзве імянныя аўдыторыі (сёння ў іх праходзяць заняткі) у Інстытуце журналістыкі ўжо ёсць — у гонар прафесара Рыгора Булацкага і прафесара Барыса Стральцова. Іх памятаюць, чытаюць іх падручнікі. Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былыя вучні распавядалі пра сваю выкладчыцу тым, хто будзе вучыцца па яе падручніках На адкрыцці імянной аўдыторыі ў гонар прафесара Бондаравай у Інстытуце... |
|