Новыя лісты пра галоўнае
03.12.2011
—
Новости Общества
|
У суд пададзены іск аб банкруцтве літоўскага Snоrаs У Літве не сціхае скандал вакол банка Snоrаs. У панядзелак Вільнюскі акруговы суд атрымаў іск Нацбанка Літвы па завядзенні справы аб банкруцтве нацыяналізаванага банка Snоrаs. У аўторак вечарам суддзя Анджэй Мацыеўскі вырашыў прыняць іск і накіраваў у Міністэрства эканомікі просьбу аб узгадненні кандыдатуры адміністратара банкруцтва. Нацбанк Літвы неадкладна прапанаваў для гэтага Бюро па адміністраванні банкруцтва прадпрыемстваў і прававых паслугах. Цяпер усе спяшаюцца ў жаданні як мага хутчэй скончыць гэту скандальную справу. Яно і зразумела — "абваліўся" адзін з вядучых банкаў Літвы. Найбуйнейшы акцыянер — грамадзянін Расіі Уладзімір Антонаў. Яму належала 68,1% акцый Snоrаs, а 25,31% — былому прэзідэнту банка, літоўскаму прадпрымальніку Раймондасу Баранаўскасу. Snоrаs таксама валодаў кантрольным пакетам акцый Латвійскага банка Lаtvіjаs Krаjbаnkа. Трывожныя весткі паступаюць і адтуль. У даччыным банку канстатавана нястача на суму каля 100 млн латаў. Старшыня праўлення Іварс Прыедзіціс арыштаваны, затрыманы і іншыя члены праўлення банка. Латвія прыняла рашэнне прыпыніць дзейнасць Krаjbаnkа. 16 лістапада нечакана для многіх праўленне Нацыянальнага банка Літвы спыніла дзейнасць камерцыйнага банка Snоrаs і прызначыла часовага адміністратара. У той жа дзень на пазачарговым пасяджэнні ўрада Літвы было вырашана нацыяналізаваць акцыі банка Snоrаs. "Паводле маіх прагнозаў, заўтра ў банка не хапіла б сродкаў для здзяйснення элементарных аперацый. Асноўная праблема звязана з безадказнай і рызыкоўнай дзейнасцю банка, і з поўнай адказнасцю магу дадаць, што, магчыма, злачыннай дзейнасцю банка. Мы выявілі дзірку ў яго маёмасці — адсутнасць актываў на суму больш як 1 млрд літаў", — сказаў старшыня праўлення Нацбанка Літвы Вітас Васіляўскас. Нацбанк паабяцаў, што дзейнасць Snоrаs будзе адноўлена ў найбліжэйшы панядзелак і супакоіў, што ўклады да 100 000 еўра застрахаваныя. Часовым адміністратарам Snоrаs прызначаны вядомы фінансіст — англічанін Сімон Фрыклі. Дзейнасць банка адноўлена пакуль толькі часткова: можна здзяйсняць аперацыі на суму не больш за 500 літаў. Каля аддзяленняў банка з ночы выстройваюцца доўгія чэргі ўкладчыкаў. Сейм Літвы ў тэрміновым парадку змяняе законы, якія дазволяць аддзяліць ад банка "здаровую" частку і перадаць яе ў кіраванне іншым банкам. Прадстаўляючы праекты законаў, міністр фінансаў Інгрыда Шыманітэ акцэнтавала, што дзяржава не збіраецца доўга кіраваць нацыяналізаваным банкам, паколькі дзяржведамствы нярэдка прымаюць рашэнні не з пазіцый бізнэс-логікі. Як высветлілася, Snоrаs абраў своеасаблівыя спосабы для інвестыцый сродкаў укладчыкаў і кліентаў. За давераныя банку грошы набыта віла-палац у Ніцы, кватэры ў Старым горадзе Вільнюса і шыкоўныя аўтамабілі. Уся гэтая маёмасць зарэгістравана не на імя акцыянераў Snоrаs, а на банк і яго даччыныя кампаніі, аднак звольненыя з пасад кіраўнікі банка карыстаюцца ёй як уласнай. Адзін палац у Ніцы, плошча якога складае 572 кв.м, каштуе каля 5 млн еўра. Пракуроры наклалі арышт на частку маёмасці, якая належыць кіраўніцтву банка. "Расследаванне пакажа, наколькі Snоrаs быў падобны да камерцыйнага банка, а наколькі — да машыны па пераводу непразрыстых фінансавых патокаў, — сказаў журналістам прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс пасля нарады ўрада. — Было б добра, калі б спадар Раймондас Баранаўскас прыехаў у Літву і патлумачыў, дзе гэты мільярд, інвеставаны ў каштоўныя паперы". Зняты з пасады прэзідэнта Snоrаs Р. Баранаўскас не здаецца. Ён сцвярджае, што падначалены яму і У. Антонаву банк стаў ахвярай усвядомленай атакі. Банкір абяцае тэрмінова вярнуцца ў Літву і на месцы ва ўсім разабрацца, аднак не вяртаецца. "Не Баранаўскас будзе судзіцца, а Літва з ім у сувязі з уронам", — так пракаментаваў журналістам выказванні Баранаўскаса пра намер звярнуцца ў суд літоўскі прэм'ер. Міністр фінансаў назвала такі намер нармальнай рэакцыяй, але выразіла ўпэўненасць, што рашэнні ўлад былі законнымі. У. Антонаў і Р. Баранаўскас яшчэ спрабуюць ісці ў наступленне: яны абвінавацілі Літву ў рэйдарскім захопе, распаўсюдзіўшы афіцыйную заяву праз газету "Тэлеграф", звязаную з Антонавым. Тым часам многія пачалі ўжо лічыць страты. "Я ведаю некалькі прадпрыемстваў, для якіх на гэтым тыдні павінна быць адкрыта крэдытная лінія. Але ўсё спынілася, а зямля ўжо набыта ці ўзята ў арэнду, будынкі ўзведзены, абсталяванне замоўлена", — адзначыў генеральны дырэктар Літоўскай канфедэрацыі працадаўцаў Данас Арлаўскас. Паводле яго звестак, ёсць больш як 100 прадпрыемстваў, якія куплялі аблігацыі банка Snоrаs ці захоўвалі ўклады, што перавышаюць 100 000 еўра. Яны могуць страціць больш за 2 млрд літаў. Замежныя кампаніі, якія не дачакаліся аднаўлення дзейнасці Snоrаs, пачалі працэдуру інвестыцыйных разбораў супраць урада Літвы, у прыватнасці, TоtаlСhеm Trаdіng S.А. і Аltrасо Сhеmісаls Ltd. "Такое рашэнне было прынята, каб абараніць абаротныя сродкі кампаніі на суму больш за 2 млн долараў, якія знаходзяцца на бягучых рахунках кампаніі", — паведамляюць адвакаты і дадаюць: "Недахоп інфармацыі і прапанаваныя ўрадам і Нацбанкам сцэнары рэструктурызацыі Snоrаs не дадаюць замежным кліентам аптымізму, таму падобных прэтэнзій можа быць больш". Спецыялісты падлічылі, што незастрахаваныя крэдыторы могуць вярнуць толькі пятую частку сваіх сродкаў. Гэта істотна менш, чым звычайна вяртаюць у падобных выпадках. 22 лістапада суд задаволіў заяўку генпракурора Літвы Даруса Валіса ў сувязі з мерамі стрымання ў дачыненні да У. Антонава і Р. Баранаўскаса. У той жа дзень ён падпісаў Еўрапейскі ордар на іх арышт. "Абодва экс-кіраўнікі банка падазраюцца ў прыўлашчванні маёмасці ў буйных памерах, падробцы дакументаў, а Р. Баранаўскас — яшчэ і ў "чорнай" бухгалтэрыі, злоўжыванні службовым становішчам", — сказана ў паведамленні Генпракуратуры. У. Антонаў і Р. Баранаўскас былі затрыманы ў Лондане, аднак брытанскі суд вызваліў іх пад заклад у 300 тыс. літаў і 800 тыс. літаў адпаведна. Банкіры заявілі суду аб сваёй невінаватасці ў махлярстве і давядзенні банка да неплацежаздольнасці, якія інкрымінуе ім Літва. Калі былыя акцыянеры Snоrаs не пагодзяцца з тым, каб іх выдалі Літве, працэдура экстрадыцыі можа зацягнуцца на 60—90 дзён (у адваротным выпадку яна заняла б да 10 дзён). У пракуратуры Літвы кажуць: амаль няма сумненняў, што брытанцы згодзяцца выдаць Баранаўскаса. А вось надзея на выдачу У. Антонава, які пражывае ў Лондане ўжо некалькі гадоў, меншая. Фіналу скандальнай гісторыі з банкам Snоrаs пакуль не відаць. Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Вільнюс. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суд пададзены іск аб банкруцтве літоўскага Snоrаs У Літве не сціхае скандал вакол банка Snоrаs. У панядзелак Вільнюскі акруговы суд атрымаў іск Нацбанка Літвы па...
|
|