Расстраляць нельга памілаваць. 21.by

Расстраляць нельга памілаваць

06.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першымі ахвярамі Дзмітрыя Канавалава былі... кошкі. Менавіта на іх ён, паводле слоў таварыша, выпрабоўваў сваю самаробную выбухоўку: запіхваў яе ў хлебны мякіш, капаў валяр'янку — і аматарку паласавацца разносіла на шматкі. Пасля пераключыўся на людзей: ад выбухаў у Віцебску і ў Мінску ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года пацярпеў не адзін чалавек. Апошняй кропкай у "кар'еры" 25-гадовага токара стаў тэрарыстычны акт 11 красавіка на станцыі "Кастрычніцкая". Жудасны выбух, які ўскалыхнуў нашу мірную краіну, забраў жыцці 15 чалавек.

Канавалава і Кавалёва затрымалі праз 27 гадзін пасля здарэння. Выйсці на маладых людзей дапамог аператыўны аналіз відэаматэрыялаў з метро. Гэты метад не новы, дарэчы, падобным чынам былі раскрыты тэрарыстычныя акты ў Вялікабрытаніі ў 2005 годзе.

— Калі аператыўнікі праглядзелі запісы з камер у дзень тэракта, то заўважылі, што мужчына ў чорным зайшоў на станцыі метро "Фрунзенская" з сумкай, а выйшаў на "Купалаўскай" ужо без сумкі, — распавёў першы намеснік старшыні КДБ Віктар ВЕГЕРА. — Выклікаў падазрэнне і той факт, што ён зайшоў не з боку грамадскага транспарту, а там, дзе забаронены прыпынкі таксі і маршрутак. Відавочна, што чалавек з такім цяжарам у руках не мог перамяшчацца пешшу на далёкія адлегласці. Пасля прааналізавалі запісы з камер відэаназірання за 10 красавіка. Заўважылі, што той самы сутулы чалавек у чорным спусціўся ў метро на станцыі "Фрунзенская" і з яе ж выходзіў з метро. Такім чынам і выдзелілі квартал, абмежаваны вуліцамі Караля, Сухая, Раманаўская Слабада і Няміга, куды і былі накіраваны аператыўнікі. У кожнага з іх быў фотаздымак падазронага, зроблены вулічнай камерай.

Але ж у судзе Кавалёў заявіў, што ніводзін з іх не выходзіў пасля здзяйснення тэракта з кватэры. Якім чынам змаглі іх затрымаць?

— Звернемся да матэрыялаў справы, — прапанаваў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй ШВЕД. — І ўзгадаем паказанні Яны Пачыцкай, якая сказала, што 12 красавіка Канавалаў выходзіў у краму.

— Мы б не змаглі вылічыць адрас, калі б гэты чалавек не выйшаў на вуліцу, — дадаў часовы выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Алег ПЯКАРСКІ. — Усё было дастаткова банальна. Тры чалавекі проста распівалі гарэлку, і ім не хапіла. Канавалаў вырашыў дакупіць. Вось тут яго і вылічылі аператыўнікі. Апярэджваючы чарговае пытанне, скажу, што, безумоўна, фізічная сіла пры затрыманні прымянялася, бо была пагроза магчымага паўтарэння выбуху. Усе ж размовы аб тым, што міліцыя быццам бы іх збівала падчас папярэдняга следства, няпраўда. Нам гэтага не трэба было рабіць, бо яны будуць пакараны адпаведна прысуду.

Суд над Канавалавым і Кавалёвым пачаўся 15 верасня. 30 лістапада ў самай гучнай справе ў гісторыі нашай краіны пастаўлена кропка. Смяротны прысуд, вынесены за тэракт у мінскім метро і іншыя выбухі, нельга абскардзіць, бо справа разглядалася ў Вярхоўным судзе — вышэйшай інстанцыі. Адзіны нюанс — у палажэнні аб памілаванні сказана, што асуджаныя на працягу 10 дзён пасля атрымання копіі прысуду маюць права падаць хадайніцтва аб памілаванні на імя Прэзідэнта. А вось тэрмінаў, калі яно можа быць разгледжана і на працягу якога часу прысуд павінен быць выкананы, законам не вызначана.

Такім чынам, паводле слоў намесніка Генеральнага пракурора Аляксея СТУКА, як будуць развівацца падзеі і ў якія тэрміны, пакуль не вядома. Сказаць што-небудзь больш дакладна можна будзе пасля разгляду хадайніцтваў, калі такія будуць.

"Я ўжо размаўляў з Дзмітрыем пасля агучвання прысуду, але не ведаю, як ён яго ўспрыняў: у душу я да яго не залезу. Што тычыцца памілавання, то гэтае пытанне трэба будзе ўзгадніць з маім падабаронным. Бо хадайніцтва аб памілаванні павінен пісаць ён, а не я, — заявіў журналістам 30 лістапада пасля вынясення прысуду адвакат Канавалава Дзмітрый ЛЕПРЭТАР.

Хутчэй за ўсё, Уладзіслаў Кавалёў скарыстаецца сваім адзіным шанцам захаваць жыццё (прынамсі, яго маці 1 снежня перадала ў Адміністрацыю Прэзідэнта прашэнне аб памілаванні сына. — Н.П.), а вось Дзмітрый Канавалаў — наўрад ці. Увесь працэс ён быў безудзельным і наўрад ці будзе чапляцца за сваё жыццё. Што тычыцца яго сям'і, то за 2,5 месяца судовых слуханняў яна прыехала толькі аднойчы і то для таго, каб адмовіцца ад дачы паказанняў.

Зараз некаторыя спрабуюць падвергнуць сумненню вынікі следства: сцвярджаюць, што доказамі віны Канавалава з'яўляецца толькі відэазапіс з метро і прызнальныя паказанні падсудных.

— Насамрэч, першым аб'ектыўным доказам віны Канавалава стала ідэнтыфікацыя яго адбітка пальца, які знайшлі на выбуховым прыстасаванні, якое не разарвалася ў 2008 годзе, — адзначыў Аляксей Стук. — Але гэта толькі адзін з доказаў, пералік якіх у крымінальнай справе займае 800 (!) старонак. Ёсць паказанні шматлікіх сведкаў, адзін з якіх прыводзіць выказванне Канавалава аб тым, што той "мог бы зрабіць такое выбуховае прыстасаванне, каб паўгорада палажыць". Другі пацвярджае, што Канавалаў хацеў скончыць жыццё самагубствам і казаў: "Калі б вы ведалі, які я страшны чалавек, вы б да мяне так не ставіліся". Ёсць таксама відэазапісы магутнейшых пробных выбухаў, знятыя з флэш-карты фотаапарата Канавалава. У адзін з кадраў трапілі тры пальцы, якія мацалі пашкоджанне на метале. Апошнія, як катэгарычна заявілі эксперты, належаць Канавалаву.

Надзея ПАЎЛАВА.  

Ёсць пытанні

 

Ці магчыма вырабіць такое магутнае выбуховае прыстасаванне ў падвале, дзе няма выцяжкі?

— Гэта магчыма, — заверыў Віктар Вегера. — Сёння адкрый інтэрнэт, і там распісана, як можна вырабіць трыперакіс ацэтону, так званую "кісу". Ёсць розныя тэхналогіі. Калі гатаваць яе малымі порцыямі і захоўваць адпаведным чынам, у спецыяльным растворы, можна вырабіць вельмі шмат. Хоць у падвале, хоць у іншым закрытым памяшканні. Тут няма ніякіх супярэчнасцяў з хіміяй. Для вырабу гэтай выбухоўкі не патрабуецца спецыяльнага абсталявання, ніякага спецыяльнага посуду, — дадаў эксперт МУС.

 ***

Чаму на пачках салетры і рэактывах, якія канфіскавалі з падвала Канавалава, не было яго адбіткаў пальцаў?

— Нельга казаць, што яны не былі знойдзены. Было знойдзена мноства адбіткаў пальцаў, але толькі ў кіно ўсё раз — і супала. Па-першае, вы не забывайцеся, што гэта падвальнае памяшканне. Па-другое, гэта ўпакоўкі рэактываў, якія не садзейнічаюць захаванню пальцаў рук. Гэта дынамічныя сляды, мазкі, шматлікія накладанні адбіткаў адзін на аднаго. Толькі зыходзячы з гэтай пазіцыі не ўдалося ідэнтыфікаваць сляды таго ці іншага чалавека, — патлумачыў эксперт Дзяржаўнага эксперта-крыміналістычнага цэнтра МУС. А Аляксей Стук дадаў, што ў падвале Канавалава знайшлі пальчаткі і маску, на якіх захаваліся біялагічныя сляды Канавалава.

 ***

Чаму на вопратцы, скуры, валасах Канавалава не знайшлі крупінак выбуховых рэчываў?

— Для таго, каб можна было знайсці мікрасляды пасля выбуху, адлегласць павінна быць прыкладна 2,5 метра, — патлумачыў першы намеснік начальніка Дзяржаўнага эксперта-крыміналістычнага цэнтра МУС Сяргей ЯЎМЕНЕНКА. — Вы самі бачылі на відэазапісе, на якім аддаленні знаходзіўся Канавалаў. Тым больш што ён стаяў ва ўкрыцці, за рагом перахода. Што тычыцца заўвагі аб тым, што не былі знойдзены сляды выбуховых рэчываў на яго вопратцы, руках, то я вам нават больш скажу: мы даследавалі не толькі яго рукі і вопратку, але і падпазногцевае змесціва, змывы з твару, вушных ракавін, насавых поласцяў. Справа ў тым, што тыя выбуховыя рэчывы, якія прымяняліся, лёгка раствараюцца ў вадзе. А паколькі прайшоў працяглы час ад моманту вырабу і да затрымання Канавалава, гэтага было дастаткова для таго, каб хімічныя рэчывы цалкам зніклі. Тут не трэба было нічога рабіць спецыяльна, дастаткова памыць рукі і твар.

 

Даведка

У 1996 годзе пытанне аб адмене смяротнага пакарання было вынесена на рэспубліканскі рэферэндум. Тады абсалютная большасць, 80,44%, выбаршчыкаў вырашылі, што смяротнае пакаранне трэба пакінуць. Згодна з Крымінальным кодэксам, да выключнай меры пакарання ў Беларусі могуць прыгаварыць за тэрарызм, генацыд, забойства двух ці больш асоб ці работніка міліцыі. Як толькі вязня прыгаварылі да выключнай меры, яго змяшчаюць у асобную камеру. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам такому чалавек дазволена прасіць у Прэзідэнта памілавання, сустракацца з адвакатам без абмежавання, атрымліваць і адпраўляць лісты, заключаць шлюб, сустракацца са святаром. Дакладная дата расстрэлу асуджанага не паведамляецца ні яму, ні яго родным. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першымі ахвярамі Дзмітрыя Канавалава былі... кошкі. Менавіта на іх ён, паводле слоў таварыша, выпрабоўваў сваю самаробную выбухоўку: запіхваў яе ў хлебны мякіш,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика