Вясна ў снежні
06.12.2011
—
Новости Общества
|
У Магілёве на клумбах зацвілі браткі, у лесапарку буяе зеляніна і распускаюцца кветкі. Каля Магілёўскага інстытута харчавання кветкі пераблыталі вясну з зімой. Рабіны пры дарозе ўсыпаныя чырвонымі ягадамі — нібыта папярэджаннем пра суровую зіму, а ўнізе на клумбах каляровымі хвалямі распусціліся браткі. Пад нізкім шэрым небам маленькія кветачкі радуюць магілёўцаў яркімі колерамі — жоўтымі і дзе-нідзе бардовымі. Між тым навокал на бярозах няма ніводнага восеньскага лісціка, а пры галоўным уваходзе ва ўніверсітэт ужо ўсталявалі і ўпрыгожылі навагоднюю ёлку! Дарэчы, галоўных навагодніх прыгажунь на плошчы Леніна і на плошчы Зорак у цэнтры Магілёва ўжо паставілі, але яны, калі шчыра, пакуль глядзяцца не надта святочна і нават неяк сіратліва на фоне газонаў, якія зноў зазелянелі! У лесе покрыва пад нагамі — сумесь восеньскага лісця і новай яркай зеляніны. Вось нібыта рыхтуецца распусціцца моцны дзьмухавец, белымі кветкамі здзівіла маладая крапіва, а тут праз пажухлыя лісты прабіліся і радасна зацвілі лясныя кветкі. Насуперак календару зелянее паляна, дзе на снежныя і халодныя Каляды (якія не за гарамі) звычайна гатуюць святочную юшку. А тут: ну пра які пачатак снежня і зіму можна казаць? Лес стаіць велічны і прыгожы, але ўсё ж расчароўвае аматараў зімовага спорту і снежных забаў. Дзеці ныюць: "Хачу лёд і снег", а дарослыя і самі не супраць па хрусткім снезе праехаць на лыжах. Самыя нецярплівыя лыжнікі сталі пакуль на ролікі і разганяюць на асфальтавых дарожках пешаходаў, якія не стамляюцца здзіўляцца капрызам прыроды. І надзея на зіму ў іх усё ж ёсць: у Пячэрскім лесапарку яна ўвасабляецца ў выглядзе дуба над возерам, дзе моцна трымаецца карычневае лісце. Гавораць, прыкмета надзейная, павінна спраўдзіцца. Аднак не адразу, папярэджваюць спецыялісты ў Магілёўскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Пакуль вялікіх маразоў і, адпаведна, трывалага снежнага покрыва не чакаецца. Першая дэкада снежня, прынамсі ў Магілёўскай вобласці, будзе на 4 градусы цяплейшай за норму. Норма — 3-4 градусы марозу, а значыць, нас чакае няпэўны 0 градусаў. Дарэчы, ніякіх цеплавых рэкордаў на Магілёўшчыне пакуль не пабілі: мы ўжо зведалі, што такое цёплыя "еўрапейскія" зімы. Паводле доўгатэрміновага прагнозу, снежань чакаецца на 1 градус цяплейшы за норму, і калі норма складае 4-5 градусаў марозу, то можна меркаваць, што маразы, няхай і не самыя моцныя, нас усё ж чакаюць у гэтым першым зімовым месяцы. Што ж датычыцца ападкаў, то больш чым мокры снег сіноптыкі нам пакуль не абяцаюць. І раяць чакаць і спадзявацца, што зіма (не вясна) прыйдзе! Ілона Іванова. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёве на клумбах зацвілі браткі, у лесапарку буяе зеляніна і распускаюцца кветкі. Каля Магілёўскага інстытута харчавання кветкі пераблыталі вясну з зімой....
|
|