Аляксандр Якабсон: "Для выпраўлення сітуацыі на ўнутраным рынку выкарыстаны не ўсе магчымасці". 21.by

Аляксандр Якабсон: "Для выпраўлення сітуацыі на ўнутраным рынку выкарыстаны не ўсе магчымасці"

09.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў перадаць пытанні антыманапольнага рэгулявання асобнаму органу дзяржаўнага кіравання

Аналізу стану ўнутранага спажывецкага рынку, а таксама нарыхтоўчай дзейнасці спажывецкай кааперацыі была прысвечана калегія галоўнага кантралюючага ведамства краіны, па выніках якой КДК накіраваў вычарпальныя, па словах старшыні Камітэта, прапановы ў дзяржаўныя органы і ўрад Беларусі.

— У цэлым 2011 год у параўнанні з папярэднімі быў няпросты, — прызнаў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЯКАБСОН. — Асноўныя праблемы: незадаволены попыт на асобныя тавары, звужэнне асартыменту айчынных тавараў штодзённага попыту, неарганізаваны вываз больш танных тавараў у сумежныя дзяржавы. Але асноўная праблема, якая засталася на спажывецкім рынку сёння — рост цэн.

Безумоўна, вялізны ўплыў на сітуацыю на спажывецкім рынку Беларусі аб'ектыўна аказалі нестабільнасць на валютным рынку, дэвальвацыя нацыянальнай валюты, што матывавала насельніцтва максімальна ўкладваць грошы ў набыццё тавараў, заўважыў Аляксандр Якабсон. Урадам рабіліся захады па выпраўленні сітуацыі, па "ручным кіраванні" таваразабеспячэннем унутранага рынку, асобныя меры сацыяльнай абароны. Разам з тым не заўсёды ўдавалася ўтрымаць сітуацыю пад кантролем.

"У выніку прынятыя на ўрадавым узроўні, магчыма, у некаторай ступені запозненыя меры сацыяльнай абароны — павышэнне пенсій, дапамог, стыпендый, аказанне матэрыяльнай дапамогі — аказаліся ў цені павышаных цэн, — сказаў старшыня КДК. — Менавіта высокі ўзровень спажывецкіх цэн, непараўнальны з павялічэннем даходаў, выклікае незадаволенасць грамадзян. Значыць, выконваліся не ўсе магчымыя меры па стабілізацыі ўнутранага рынку. Па-ранейшаму ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да выканаўчай дысцыпліны пры выкананні зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі выпрацаваных урадам краіны захадаў і даручэнняў".

З іншага боку, заўважыў Аляксандр Якабсон, як след "не адказалі" на прынятыя ў краіне меры па лібералізацыі эканомікі суб'екты гаспадарання ўсіх формаў уласнасці і падпарадкавання, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на спажывецкім рынку і з'яўляюцца пастаўшчыкамі тавараў на ўнутраны рынак. Найбольш адчувальныя з гэтых мер у сферы гандлю — адмена ліцэнзавання ў рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, за выключэннем гандлю алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі, а таксама звядзенне да мінімуму дзяржаўнага цэнавога рэгулявання ў сферы абарачэння спажывецкіх тавараў.

Адной з прычын незадаволенага попыту ў гандлі з'явілася няўзгодненасць дзеянняў паміж органамі кіравання гандлем і таваравытворцамі.

Што тычыцца росту цэн, то прычыны страты кантролю над сітуацыяй хаваюцца, на думку Дзяржкантролю, у наступным. Аснова фарміравання цэн знаходзіцца "ў руках" айчынных таваравытворцаў і імпарцёраў тавараў (рост цэн у вытворцаў з пачатку года склаў 204%). Больш кемлівыя імпарцёры, у асноўным прыватнікі, яшчэ да аб'яўленага ў канцы мая цэнавога мараторыя заклалі ў адпускныя цэны тавараў, якія ўвозяцца, магчымыя камерцыйныя рызыкі і тым самым паднялі цэны ўтрая.

Пры гэтым большасць імпарцёраў занялі дамінуючае становішча на многіх сегментах унутранага рынку. У той жа час органамі дзяржаўнага кіравання пры рэгуляванні цэн на тавары суб'ектаў-манапалістаў не зроблены неабходныя захады па захаванні дзяржаўных інтарэсаў, як прапісана антыманапольным заканадаўствам.

— Міністэрства эканомікі не ўмешваецца ў гэтыя працэсы, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за працай спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Уладзімір КАЛЕНІК. — Антыманапольнае заканадаўства не выконваецца, рычагі, якія яно прадугледжвае (у прыватнасці, абмежаванне ўзроўню рэнтабельнасці), не прымяняюцца. У сувязі з гэтым Камітэт унёс прапанову прэм'ер-міністру аб перадачы пытанняў антыманапольнага рэгулявання асобнаму органу дзяржаўнага кіравання з накладаннем на яго правапрымальных функцый.

Кантралюючае ведамства прыйшло да выніку, што прынятыя пастановы ўрада ў сферы ўнутранага спажывецкага рынку былі правільныя і накіраваныя на тое, каб, у першую чаргу, выконваліся заяўкі гандлю пастаўшчыкамі, каб умовы пастаўкі тавараў не пагаршаліся. Але ні першага, ні другога не адбылося. Адтэрміноўкі плацяжоў былі скарочаныя з 90 да 5 дзён альбо змененыя на перадаплату.

Асобную ўвагу кантралёры звярнулі на праблему, якая звязана з рэалізацыяй сацыяльнай малочнай прадукцыі з нізкім працэнтам утрымання тлушчу, цэны на якую рэгулююцца Міністэрствам эканомікі. Таваравытворцы, якім даручана насычаць унутраны рынак такой прадукцыяй, сталі пастаўляць яе ў крамы з рознымі дабаўкамі па свабодных цэнах, і ў выніку кошт яе аказаўся ў два разы большы, чым у такой жа прадукцыі без дабавак. Камітэт дзяржкантролю прапанаваў Савету Міністраў даводзіць да вытворцаў патрабаванні па пастаўках "класічнай" малочнай прадукцыі з нізкім утрыманнем тлушчу дырэктыўна.

"Мы спадзяёмся на тое, што праблемы, якія будуць падняты на калегіі, і тыя меры, якія па прапанове Камітэта ўжо прынятыя Саветам Міністраў, дадуць магчымасць выраўнаваць сітуацыю на спажывецкім рынку і забяспечыць стабільнае функцыянаванне гэтай галіны", — запэўніў журналістаў Уладзімір Каленік.

Асноўнай праблемай спажыўкааперацыі кантралёры назвалі нарыхтоўчую дзейнасць і працу з насельніцтвам.

— Сістэма спажыўкааперацыі — вельмі запатрабаванае ведамства ў краіне, — падкрэсліў Аляксандр ЯКАБСОН. — Хоць трэба прызнаць, што некаторыя першапачатковыя кірункі сваёй дзейнасці спажывецкая кааперацыя страчвае па аб'ектыўных, а некаторыя — па суб'ектыўных прычынах. Так, перапрацоўчая прамысловасць тут адмірае, бо не можа скласці канкурэнцыю сучасным буйным прадпрыемствам, і тут няма нічога страшнага. Губляецца таксама функцыя ўплыву пайшчыкаў... Але дзве такія найбольш важныя функцыі, як гандлёвае абслугоўванне сельскага насельніцтва і нарыхтоўчая дзейнасць, павінны заставацца. Па апошняй спажыўкааперацыя губляе свае пазіцыі па суб'ектыўных фактарах.

Камітэт дзяржкантролю лічыць, што спажыўкааперацыя працуе з насельніцтвам на недастатковым узроўні, гэта тычыцца і нарыхтовак, і якасці гандлёвага абслугоўвання.

— Галіновая праграма развіцця спажыўкааперацыі да 2015 года не накіравана на добры ўстойлівы вынік, яна расплывістая і далёкая ад жыцця, — лічыць Уладзімір Каленік. — Напрыклад, у ёй даводзіцца аб'ём нарыхтоўчага абароту павялічыць на 7 адсоткаў, але ўжо сёння ён павялічаны на 16 адсоткаў, і можна рапартаваць пра добрую працу. Яшчэ адзін прыклад: вызначаецца колькасць нарыхтоўшчыкаў — навошта? Кожная вобласць мае магчымасць, зыходзячы з рэальнай сітуацыі, вызначыць іх колькасць. Сёлета былі выпадкі, калі на Брэстчыне павялічылі колькасць нарыхтоўшчыкаў да 200-300, прызначылі заробак некаторым да 5 мільёнаў, а аб'ёмы нарыхтовак зменшыліся.

Як прыклад дрэннага інфармавання насельніцтва кантралёры прывялі выпадак, калі яны ўбачылі аб'яву ў сельмагу пра нарыхтоўку яблыкаў коштам 1000 рублёў. Пры гэтым не было паведамлена ні пра тое, што маецца на ўвазе апад, ні пра тое, што таварныя яблыкі прымаюцца па 4 500 — 7 000 рублёў за кілаграм. "Калі б гаспадары ведалі, яны рукамі б здымалі тыя яблыкі, у скрыні складвалі і здавалі", — не сумняваюцца супрацоўнікі КДК.

Камітэт дзяржаўнага кантролю выказаў спадзяванне, што вынікі калегіі ўзварухнуць сістэму Белкаапсаюза не толькі ў частцы нарыхтоўчай галіны, але па ўсіх напрамках спажыўкааперацыі, і народная гаспадарка адчуе падтрымку гэтай сістэмы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў перадаць пытанні антыманапольнага рэгулявання асобнаму органу дзяржаўнага кіравання
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика