Кніжная залежнасць
23.12.2011
—
Новости Общества
|
Больш за 35 гадоў Галіна Яблонская працуе ў адной і той жа вясковай бібліятэцы «Другой работы для сябе нават і прыдумаць не змагла б, як толькі побач са сваімі любімымі чытачамі і сярод сваіх любімых кніжак», — прызнаецца Галіна Яблонская. Бібліятэкарам яна працуе ўжо больш за 35 гадоў. Прычым на адным і тым жа месцы. Спачатку у вёсцы Іёды Шаркаўшчынскага раёна, а цяпер, ужо чатыры гады, у аднайменным аграгарадке. Новы статус насельнага пункта змяніў і саму бібліятэку: атрымалі большага памеру памяшканне, сучаснае абсталяванне, камп’ютар, кніжны фонд налічвае больш за сем з паловай тысяч экзэмпляраў, 24 назвы падпісных часопісаў і 15 назваў газет. У бібліятэцы абслугоўваюцца 260 чытачоў — практычна палова жыхароў аграгарадка, ад першакласнікаў да тых, каму ўжо за 80. Не бывае такого часу, каб у мясцовым «кніжчыным доме» было пуста. Дый да Галіны Парфір’еўны не зазірнуць на хвілінку, усяго каб толькі ўзяць патрэбную літаратуру, відаць, проста немагчыма. Бо ці не кожны дзень у бібліятэцы новыя цікавыя мерапрыемствы: то так званыя пасядзелкі для людзей старэйшага ўзросту, з абмеркаваннем прачытаных кніг ці проста гутаркамі пра жыццё, то літаратурна-музычны вечар для моладзі, то збор дзіцячага клуба, то тэматычная выстаўка, а летам нават у велапаход на Браслаўшчыну выбраліся. З Парфір’еўнай, як яе па-свойску называюць у Іёдах, не засумуеш. Калі яна ў адпачынку ці ў ад’ездзе, чытачы не дачакаюцца, хутчэй бы вярталася. Шчырая, гаваркая, прыветлівая, цікаўная, эрудыраваная Галіна Парфір’еўна лёгка знаходзіць агульную мову з кожным наведвальнікам бібліятэкі, ведае, хто чым цікавіцца, каму што прапанаваць, і кожнаму імкнецца перадаць сваё захапленне літаратурай і любоў да кнігі. Не сакрэт, што чытацкая актыўнасць сёння зніжаецца, асабліва ў дзяцей. З такім становішчам Галіна Яблонская пагадзіцца не можа катэгарычна, справядліва сцвярджае: чытанне — гэта творчая, цікавая справа, і любіць нагадваць у гэтай сувязі словы Янкі Брыля пра тое, што чалавек, які не чытае, развучваецца думаць. Каб вярнуць і звярнуць увагу да кнігі дзяцей і іх бацькоў, асноўным накірункам дзейнасці Іёдаўскай бібліятэкі вызначана развіццё сямейнага чытання. У тым, што любоў да кнігі пачынаецца з сям’і, Галіна Парфір’еўна не сумняваецца. Яна і сама такому выхаванню выдатны прыклад, з задавальненнем расказвае пра сваю маму, якая і зараз, ва ўзросце 88 гадоў, можа працытаваць напамяць урыўкі з паэмы «Пан Тадэвуш», працягвае многа чытаць і нават робіць закладачкі ў часопісах ці кнігах для дарослай ужо дачкі — каб звярнула ўвагу. …У сваю невялікую ўтульную бібліятэку Галіна Яблонская спяшаецца яшчэ да пачатку працоўнага дня і пасля яго заканчэння часцяком затрымліваецца да позняга вечара. Прызнаецца, іншы раз муж бурчыць, маўляў, бяры ўжо з дома канапу ды начуй у той бібліятэцы. Але яна не крыўдуе. Бо абодва даўно ўжо зразумелі: без любімай працы не ўявіць Парфір’еўне свайго жыцця. На здымку: Галіна ЯБЛОНСКАЯ з наведвальнікамі бібліятэкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 35 гадоў Галіна Яблонская працуе ў вясковай бібліятэцы
|
|