"Не быць рабом чужое волі", альбо Якімі прынцыпамі кіруецца пісьменнік Георгій Марчук
06.01.2012
—
Новости Общества
|
...Год таму ён прапанаваў павіншаваць з Новым годам, Калядамі дзіця, якому не пашанцавала з бацькамі. Як радавалася дзяўчынка, якая атрымала пасылку-падарунак ад пісьменніка! Хто гатовы дзяліцца з іншымі, той сам бывае адораны лёсам. У жыцці пісьменніка Георгія Марчука падарункаў было шмат: ад чытацкай (у Беларусі і за межамі) увагі да высокіх узнагарод — такіх, як Дзяржаўная прэмія Беларусі (за экранізацыю яго ж рамана "Кветкі правінцыі"). І ў гэтыя дні пісьменнік і драматург атрымліваў падарункі — не за адно свята. Трэба ж было так падгадаць — нарадзіцца 1 студзеня! Гэта было ў 1947 годзе ў г. Давыд-Гарадку. Лёс не шкадаваў яго. Рана застаўся без маці, жыў з дзедам і бабуляй. Уражлівы хлопчык, здаецца, бачыў не вачамі, а душою наваколле, жыццё гарадчукоў. Гэта дапамагло яму праз дзясяткі гадоў так праўдзіва апісаць самабытны ўклад жыцця, традыцыі, звычаі жыхароў беларускага Палесся ў раманах "Крык на хутары"(1983) і "Кветкі правінцыі"(1988). У 1973 годзе Георгій Васільевіч скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "Тэатразнаўства", у 1975 годзе — Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскве. Дзесяць разоў быў лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў па драматургіі. У творах Марчука прысутнічае вечны канфлікт паміж духоўным і матэрыяльным, узнімаюцца пытанні аб адказнасці кожнага чалавека за сваё жыццё перад Богам і людзьмі. Ён аўтар 8 раманаў, 50 п'ес, кнігі казак для дзяцей, кнігі навел "Хаос", зборніка афарызмаў. Па сцэнарыях Марчука зняты фільмы "Пісьмо Феліні" (2006) і "Яблык Месяца" (2009). Зараз Георгій Васільевіч — сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Расійская акадэмія славеснасці ўзнагародзіла Георгія Васільевіча медалём "Ревнителю просвещения" і медалём Шолахава. Чытачам "Звязды" імя Георгія Марчука добра вядомае: на старонках газеты друкаваліся яго афарызмы, паводле якіх можна было зразумець жыццёвую пазіцыю іх аўтара. Удакладніць яе дапаможа невялічкае бліц-інтэрв'ю з пісьменнікам, які на пачатку новага года адзначыў 65-годдзе. — Паводле якіх прынцыпаў будавалася і будуецца ваша жыццё? — Не быць рабом чужое волі. — Ад чаго стамляецеся больш за ўсё? — Ад несправядлівасці свету. — Што надае вам жыццёвыя сілы? — Калі гэтая несправядлівасць памяншаецца. — У якой краіне хацелі б пабываць? — Усюды ўсё амаль аднолькавае. А традыцыі, твары людзей, прыроду, архітэктуру можна пабачыць і на экране тэлевізара. — З кім з цікавых людзей нашага часу вы хацелі б пагаварыць? — Падкажыце мне напачатку гэтых цікавых людзей, і я выберу. Для мяне няма нецікавых людзей. — Якія кнігі беларускіх аўтараў, на ваш погляд, трэба перачытаць усім? — "На імперыялістычнай вайне" М. Гарэцкага, "Людзі на балоце" І. Мележа, "Адвечная песня" Я. Купалы, "Сымон-музыка" Я. Коласа. — Над чым працуеце зараз? — На пісьмовым стале новая сатырычная камедыя і накіды новага рамана. Завершаны вясковыя казкі. — Вы гаварылі, што праводзіце за пісьмовым сталом па 8-10 гадзін і пішаце ручкай, а не на камп'ютары. Ці так гэта? — Пішу ручкай, але цяпер не па 8-10 гадзін у суткі, а па 8-10 гадзін у месяц. — Самы шчаслівы дзень у жыцці? — Хапала шчаслівых і нешчаслівых дзён. Адны з самых шчаслівых — дзень першых апладысментаў на сцэне клуба Давыд-Гарадка (мне было ўсяго 10 гадоў), нараджэнне дачкі, першая прэм'ера маёй камедыі "Люцікі-кветачкі" ў Мазыры, нараджэнне ўнучкі. — Было б цікава ведаць пра вашу сям'ю. — Жонка працуе ў медыцыне. Дачка піша п'есы і казкі, якія ідуць і ў Расіі, а таксама фэнтэзі для падлеткаў. Унучка Маруся вучыцца ў пятым класе, іграе на гітары, сядзіць суткамі "ВКонтакте" і зусім не хоча пакуль чытаць дзедавы творы. — Чаго вам больш за ўсё не хапае сёння? — Магчымасці прыпыніць час, каб так хутка не старэць. — У гэтыя святочныя дні што хацелі б пажадаць чытачам? — Любіць жыццё і людзей, якія побач. Калі ты патрэбен хаця б аднаму чалавеку, то можаш лічыць сябе шчаслівым. Галіна БАБАРЫКА, Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Год таму ён прапанаваў павіншаваць з Новым годам, Калядамі дзіця, якому не пашанцавала з бацькамі. Як радавалася дзяўчынка, якая атрымала пасылку-падарунак ад...
|
|