Брэст: 20 гадоў з "Вячоркай"
13.01.2012
—
Новости Общества
|
Днямі газета "Вечерний Брест" адзначае сваё дваццацігоддзе ...Напрыканцы 1991 года, у эпоху крутых перамен, самы заходні горад былой вялікай краіны знаёміўся з новай газетай. Прайшло два дзесяцігоддзі, і рэгіянальнае выданне стала не толькі інфармацыйным лідарам Брэстчыны, але і набыло вядомасць далёка за яе межамі. Цяпер два разы на тыдзень брастаўчане ды і жыхары бліжэйшых раёнаў пачынаюць дзень з "вячоркі". Газета ўвесь час здзіўляе не толькі навізною падыходаў да творчых праектаў, але і навацыямі ў вырашэнні традыцыйных праблем. Напрыклад, тут даўно практыкуюць альтэрнатыўную падпіску і ўласную сістэму распаўсюджвання. Аб гэтым і не толькі карэспандэнт "Звязды" спытала ў нязменнага галоўнага рэдактара газеты "Вечерний Брест" Уладзіміра ШПАРЛО. —Уладзімір Сяргеевіч, вы распрацавалі ўнікальны парадак продажу газеты і дастаўкі яе чытачам. Чаму ўзнікла такая патрэба? — Паслугі пошты па распаўсюджванні газеты заўсёды былі нятаннымі. Вось мы і сталі шукаць іншыя шляхі да свайго чытача. Акрамя таго, вялікі ўпор робім на рознічны гандаль. І наш кліент мае магчымасць чытаць свежыя навіны напярэдадні серады і пятніцы — дзён афіцыйнага выхаду газеты. У нас дзейнічае сетка грамадскіх распаўсюджвальнікаў з ліку школьнікаў, студэнтаў, людзей, якія часова не працуюць. Сёння гэта каля 50 чалавек, кожны з іх прадае ад 50 да 100 асобнікаў і больш. Заўважу, што такім чынам газеты прадаецца амаль удвая больш, чым праз кіёскі і крамы "Брэстаблсаюздруку". У самыя аддаленыя завулкі горада, у прыватны сектар заходзяць нашы распаўсюджвальнікі. Для іх зручнасці мы заказалі цялежкі з кантэйнерамі, прадугледжаны таксама сумкі і складныя столікі для продажу газет. Мы дастаўляем газету таксама амаль у сотню магазінаў абласнога цэнтра і некаторых раённых гарадоў. У крамах ўстаноўлены спецыяльныя стойкі альбо падстаўкі побач з касамі, і гэта зручна для пакупніка. Цяпер брастаўчане, а таксама жыхары Камянца, Маларыты, Пружанаў, Жабінкі, Кобрына ведаюць, што на "Вечерний Брест" можна аформіць рэдакцыйную падпіску, якая каштуе танней, чым паштовая. І паштальён-кур'ер прынясе свежую газету дадому падпісчыку вечарам у аўторак і чацвер. Паштальёнам мы, дарэчы, купілі веласіпеды, пашылі ўніформу. — Ваша газета заўсёды была рэнтабельным выданнем. Відаць, спрыяе таму і выдавецкая дзейнасць? — На гэта накіравана ўся маркетынгавая палітыка таварыства з абмежаванай адказнасцю, якім з'яўляецца "Вечерний Брест". Кожны дзень да нас прыходзіць каля 300 чалавек, каб замовіць рэкламу. Сваіх рэкламадаўцаў мы любім, ствараем для іх самыя спрыяльныя ўмовы. Напрыклад, наш рэкламны аддзел працуе з васьмі раніцы да сямі вечара. У суботу мы робім зніжку тым, хто прыносіць рэкламу. Акрамя таго, мы адкрылі пункты прыёму рэкламы практычна ва ўсіх мікрараёнах горада. А што датычыць выдавецкай дзейнасці, яе, відаць, можна лічыць часткай творчасці. Мы выпускаем брашуры, фотаальбомы, прысвечаныя роднаму краю, яго людзям. Аднымі з апошніх выйшлі кнігі пра Ляхавічы, Івацэвічы, Лунінец. Нядаўна ўбачыла свет кніга "Аграгарадкі Брэстчыны". Добры водгук у брастаўчан атрымаў "Народны фотаальбом", які складзены са старых здымкаў, дасланых чытачамі газеты. А за праект, прысвечаны юбілею Брэсцкай вобласці "Брэстчына, накіраваная ў будучыню", мы атрымалі адзнаку Саюза журналістаў "Залатое пяро". — Наколькі мне вядома, вы і "Залатой Літарай" узнагароджаны. — З моманту атрымання гэтай узнагароды прайшло тры гады. Прыемна, калі адзначаюць нейкія творчыя дасягненні. Але галоўным набыткам нашай газеты быў і застаецца яе творчы калектыў. Сёння гэта паўтара дзясятка чалавек, большасць з якіх можа ўпрыгожыць любую сталічную газету. Матэрыялы Тамары Глушчанкі, Алены Трыбулёвай, Васіля Сарычава, Таццяны Шаламавай, як правіла, маюць вялікі рэзананс. І калі па пошце рэдакцыя атрымлівае 4-5 водгукаў на артыкул, то па інтэрнэце прыходзіць да паўсотні. — Значыць, можна гаварыць не пра 20-тысячны тыраж, як абазначана ў выхадных звестках, а пра значна большую аўдыторыю газеты? — Так, сайт друкаванага выдання — гэта вельмі важная частка стасункаў з патэнцыйным чытачом. Няма іншага спосабу прыцягнуць увагу моладзі, бо яна цяпер наогул газет не чытае. На сайце мы часта ўзнімаем актуальныя праблемы, прыцягваем грамадскасць да абмеркавання важных тэм з жыцця горада і рэгіёна. Пазней гэта дапамагае ў падрыхтоўцы матэрыялаў. — А як будуеце свае адносіны з уладай? — Даўно сказана, што газета — гэта плошча, на якой народ размаўляе з уладай. Відаць, мы можам ганарыцца, што стасункі маюць даволі канструктыўны характар. Газета пастаянна праводзіць абмеркаванне важнейшых для жыхароў вобласці праектаў — экалагічных, будаўнічых, сацыяльных — і уплывае на грамадскую думку. А да апошняй улада мусіць прыслухоўвацца і ўлічваць у сваіх дзеяннях. Наш раздзел "SMS —дыялог з уладамі" стаў першай ластаўкай у стасунках грамадскасці з органамі ўлады праз пасрэдніцтва газеты. Мы сталі публікаваць SMS-паведамленні, што слалі чытачы, пра недахопы ў камунальнай гаспадарцы, гандлі, у галіне транспарту. І губернатар распарадзіўся, каб усе кампетэнтныя структуры давалі адказы на запыты гараджан. Пазней многія газеты падхапілі наш вопыт. А ў нас рубрыка да цяперашняга часу жыве ў газеце. І гэта далёка не адзіная форма падтрымання размовы з уладай. Сталі традыцыяй прамыя тэлефонныя лініі чытачоў з кіраўнікамі горада і вобласці па самых надзённых праблемах. — Вельмі прыемна адзначыць, што ў рускамоўнай газеце нямала матэрыялаў апошнім часам з’яўляецца на беларускай мове. Вы заахвочваеце супрацоўнікаў пісаць на роднай мове ці гэта выключна іх ініцыятыва? — І заахвочваю таксама, а некаторыя самі з задавальненнем пішуць па-беларуску. Лічу, што мы, беларусы, павінны шанаваць сваю мову, трэба каб яна была ва ўжытку. І такі праект, як "Васількі за Бугам" (пра беларусаў замежжа) абавязкова павінен быць на роднай мове. Як і іншыя матэрыялы: пра культуру, народныя традыцыі, абрады, нашу адметнасць у свеце. Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі газета "Вечерний Брест" адзначае сваё дваццацігоддзе ...Напрыканцы 1991 года, у эпоху крутых перамен, самы заходні горад былой вялікай краіны знаёміўся з... |
|