Анастасія Ціхановіч: пра сябе, пра сям'ю і пра "Еўрабачанне
14.01.2012
—
Новости Общества
|
У дзяцінстве маленькая Насця, вядома ж, ведала, што яе бацькі — не абы-хто, а вядомыя ва ўсім Саюзе эстрадныя артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. І як ва ўсіх эстрадных сем'ях — цыркавых, тэатральных, акцёрскіх, — у музычнай сям'і Ціхановічаў для дзіцяці была радасць, калі тата з мамай вярталіся з гастроляў дадому. Час ад часу дзяўчынку бралі з сабой. Насця і сёння памятае, як на вялікіх фестывалях, каб асабліва не замінаць бацькам-артыстам, яны разам з маленькай Алесяй Ярмоленка бавіліся за сцэнай, прыдумляючы сабе гульні... Прайшоў час. Здарылася тое, што звычайна і здараецца ва ўсіх эстрадных сем'ях, калі дзеці ідуць па шляху бацькоў: Насця стала спявачкай. Пра сваё дзяцінства, шлях у музыку і статус "дачкі народных артыстаў" Анастасія Ціхановіч распавяла "Звяздзе". Я хацела працаваць у "юрыстычнай кансуляцыі" — У дзяцінстве ў мяне было насамрэч шмат варыянтаў адносна маёй будучай прафесіі. Як і ў майго сына, які перайшоў у другі клас. Ён хоча быць то стаматолагам, то лётчыкам, то кімсьці яшчэ. Я цудоўна памятаю сваё дзяцінства. У нашай сям'і была знаёмая, якая працавала юрыстам. Гэта была прывабная жанчына, строгая, элегантна апранутая. І мне здавалася, што гэта так цікава — быць юрыстам, быць такой жа дзелавой і хвацкай. Таму я заўжды ўсім казала, што буду працаваць у "юрыстычнай кансуляцыі" — так я тады называла юрыдычную кансультацыю. Музыкай я пачала займацца з чатырох гадоў. Паступіла ў музычную школу, затым у Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, дзе шмат увагі надавалася музыцы. Пазней мне было ўжо цяжка ўявіць сябе дзесьці, акрамя музыкі і мастацтва. Магчыма, таму я і выбрала для сябе Інстытут сучасных ведаў, факультэт мастацтваў, спецыяльнасць — культуролаг, менеджар-прадзюсар. — Для нас Ціхановіч і Паплаўская — гэта артысты. Для вас жа яны найперш бацькі. Як жылося дачцэ народных артыстаў? — Трэба разумець, што вельмі часта іх сапраўды не было дома. Таму любая з імі сустрэча была, хутчэй, святочным момантам. Святочным, таму што я дакладна ведала: з кожнай паездкі мне прывязуць які-небудзь падарунак (<І>усміхаецца — Аўт.). У тыя моманты, калі я хадзіла ў школу, я жыла з бабулямі і цёцяй — якія мяне збольшага і выхоўвалі. Калі прыходзіў летні час, тата з мамай бралі мяне на ўсе вялікія гастролі — для пашырэння кругагляду дзіцяці гэта было вельмі карысна. Я ўбачыла свет — іншыя гарады, іншыя краіны — той жа Паўднёва-Сахалінск (усміхаецца — Аўт.). Убачыла, як працуюць артысты ў экстрэмальных умовах — напрыклад, замаўлялі верталёт, таму што кудысьці з населеных пунктаў нельга было дабрацца звычайным спосабам. Ляцелі ў глухую мясцовасць, каб падарыць людзям свята. Мне такія назіранні шмат чаго далі. Сёння артыстам падабаюцца вялікія залы, дзе шмат народу і выдатная тэхніка. Мне ж таксама даспадобы выступаць і дарыць момант свята і тым людзям, у якіх няма магчымасці кожны дзень хадзіць на канцэрты, людзям, для якіх сустрэча з артыстам — свята. Выступаць перад такой публікай — адчуванне творчай радасці. — Мне вось цікава, ці спяваюць у такой музычнай сям'і дома або пакідаюць гэты занятак толькі для сцэны? — Спяваць — гэта стан душы. У нас пастаянна нехта ходзіць і нешта спявае (усміхаецца, — Аўт.). Калі казаць пра сямейныя запевы, то заўсёды, калі мы збіраемся ў маёй бабулі — яна полька па нацыянальнасці, — візіт заўсёды заканчваецца тым, што яна пачынае спяваць песні. Яна шмат чаго памятае ў свае 91. Мы ж традыцыйна спяваем ёй "Сто лят", гэтак жа традыцыйна можам праспяваць "Многая лета". У нас на галасы прыгожы акорд атрымліваецца (усміхаецца, — Аўт. ). Калі няма магчымасці павіншаваць сяброў сям'і асабіста, то мы можам на тры галасы праспяваць у тэлефон тое ж "Многая лета" ці "Сто лят". Спадзяюся, атрымаць такое музычнае віншаванне прыемна. Пра працу і дапамогу бацькоў — Сёння вы спалучаеце артыстычную дзейнасць з выкладаннем у Інстытуце сучасных ведаў. У чым заключаецца ваша праца? — Я чытаю лекцыі для студэнтаў спецыяльнасці "Менеджар-прадзюсар у сферы мастацтваў". Я з самага пачатку папярэджваю іх пра тое, што гэта нават не столькі прафесія, колькі ў некаторай ступені стыль жыцця, якому трэба ўдзяляць шмат увагі. Трэба жыць сваімі праектамі — не важна, што гэта за праекты і ў якой сферы культуры і мастацтва яны будуць рэалізоўвацца. Яны добрыя толькі тады, калі ты сам захоплены ідэяй гэтага праекта. Прадзюсарства — дзейнасць больш практычная, чым тэарэтычная. Зыходзячы са свайго практычнага вопыту, я стараюся падзяліцца са студэнтамі тымі нюансамі, якія яны не знойдуць у падручніках — тым больш у дачыненні да беларускай шоу-індустрыі. Тое, да чаго я іх заклікаю, — каб ужо будучы студэнтамі, яны ішлі і спрабавалі сябе дзесьці. Асабіста я, калі была студэнткай (сама Насця таксама выпускніца ІПП — заўв. аўт.), так і рабіла. — Знакамітасць вашых бацькоў была ўсё ж плюсам ці мінусам у вашай кар'еры? — Калі незнаёмы нам чалавек дзякуючы сваім намаганням чагосьці дасягае, мы за яго шчыра радуемся і спагадаем яму. Чаму вы думаеце, зараз так папулярныя розныя талент-шоу, кшталту "Фабрыкі зорак" ці "Народнага артыста"? Бо кожны бачыць у гэтых нікому не вядомых людзях сябе. У маёй сітуацыі ўсім чамусьці здавалася, што сцэну мне прынеслі на сподку з блакітнай аблямоўкай... Гэта далёка не так. Так, мае першыя песні былі спрадзюсаваны мамай, якую я ўвогуле лічу адной з найлепшых у вобласці музычнага мастацтва. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі двойчы: адзін раз — як піяністка, другі раз — як кампазітар, вучылася ў Яўгена Глебава. На пачатку творчага шляху артысту вельмі неабходна аб'ектыўная крытыка і аўтарытэтнае меркаванне. Падчас запісу маіх першых песень мы з мамай старанна працавалі над удасканаленнем кожнай ноты, кожнага гука ў маім вакале. Гэта была вельмі карпатлівая праца. Але пасля гэтага я назаўсёды зразумела, як трэба працаваць. Магчыма, збоку гэта адпаведна і выглядае: маўляў, ёсць хтосьці, хто сваім імем і аўтарытэтам дапамагае табе, прабівае дарогу, але, калі быць шчырым, у рэальнасці ўсё не так. Усе ад цябе чагосьці чакаюць, нібыта ты павінен зрабіць так, каб усе здзівіліся. Я ж нікому нічога не павінна. Таму размовы пра нейкае там лабіраванне ці прасоўванне не маюць пад сабой глебы. Паверце, калі б усё было так, як кажуць, мае справы як спявачкі ішлі б нашмат лепш (усміхаецца — аўт.). Пра ўдзел у "Еўрабачанні" — На Белтэлерадыёкампаніі вы працуеце выканаўчым прадзюсарам праекта "Еўрафэст". Няўжо Вам ніколі не хацелася таксама падаць сваю заяўку на конкурс? — Кухня "Еўрабачання", у тым ліку і працэс адбору, мне вядомыя знутры. Выступіць там як канкурсантцы? Пытанне неадназначнае. Я займаюся конкурсам трошкі ў іншай ролі, а ўзяць і пераключыцца на нейкую іншую ролю ў ім, — пакуль нават і часу няма. Па-першае, павінна быць добрая песня. Па-другое, максімальная канцэнтрацыя сіл. Мінімум паўгода — максімум год артыст павінен думаць толькі пра гэта і больш ні пра што. Паказальны ў гэтым плане прыклад Дзімы Калдуна, які перад конкурсам адкінуў усе астатнія справы і быў канкрэтна нацэлены на вынік. Падчас падрыхтоўкі неабходна шмат працаваць: трэба быць гатовым ахвяраваць часам. Па маіх сённяшніх адчуваннях — мне цікава адкрываць конкурс з арганізацыйнага пункту гледжання. Адкінуць усе астатнія справы я пакуль не магу. Таму пра свой ўдзел у "Еўрафэсце" як спявачкі гаварыць пакуль не спяшаюся. — Чаму ж? Вы ведаеце ўжо шмат з таго, як і што ад вас будзе патрабавацца... — Насамрэч, усё не так проста, як здаецца. Ды я ўжо і прывыкла за гэтыя гады спалучаць дзве важныя прафесійныя лініі — тэлебачанне і сцэну. Тэлебачанне стала адным з асноўных складнікаў мяне як прадзюсара — шмат гадоў я супрацоўнічаю з рознымі тэлеканаламі, пачынаючы ад "Зорнага дыліжанса" на СТБ і заканчваючы "Еўрафэстам" на БТ. Гэты расклад спраў мяне задавальняе. А што будзе заўтра — ніхто не ведае. Для некаторых артыстаў удзел у "Еўрабачанні" — ідэя фікс. Ім здаецца, што пасля ўдзелу ў гэтым конкурсе ў іх жыцці нешта кардынальна павінна змяніцца. Сапраўды ў многіх змяняецца, але не ва ўсіх. Але тут шмат залежыць як ад працы артыста, так і ад працы яго менеджменту: ці рэалізуюць яны той шанс, які ім выпадае. Ці стане сын Анастасіі Ціхановіч артыстам? — Пару гадоў таму беларуская грамадскасць даведалася пра юнага артыста DJ Анатоля, унука Анатоля Ярмоленкі. Ці пачуем мы пра DJ Івана, унука Аляксандра Ціхановіча? — Усё, чым цікавіцца мой сын, я падтрымліваю. Але ніколі нічога не навязваю. Напрыклад, яго вельмі цікавіў збор канструктара "LЕGО". Я гэта падтрымлівала, пакуль не стала надта накладна (смяецца, — аўт.). Яму вельмі падабаецца маляваць. Ёсць рэчы, займаючыся якімі, ён максімальна сканцэнтраваны. Што датычыцца музыкі, то доўгі час ён нават забараняў мне спяваць якіясьці там калыханкі. Казаў: "Мама, не спявай!" (усміхаецца, — аўт.). Сёлета ён пайшоў у першы клас музычнай школы (іх школа знаходзіцца побач з музычнай). Я спачатку хвалявалася, бо па сабе ведаю: заняткі музыкай патрабуюць вялікай уседлівасці — ім трэба аддаваць шмат часу. Мы вырашылі паспрабаваць: атрымаецца — так атрымаецца. Не — так не. Аднак я са здзіўленнем заўважыла, наколькі хутка ён стаў схопліваць музычную грамату. Ужо праз два тыдні музычнай школы дзіцё само імправізавала ў дзве рукі на фартапіяна. Нядаўна ў яго быў першы экзамен. Што мяне парадавала — ён не саромеецца іграць. Таму я не буду нічога загадваць, проста буду падтрымліваць у сваім дзіцяці тое, што яму цікава. Думаю, гэта правільна. Ілья ЛАПАТО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзяцінстве маленькая Насця, вядома ж, ведала, што яе бацькі — не абы-хто, а вядомыя ва ўсім Саюзе эстрадныя артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. І як ва... |
|